Агляд пошты
Пахвалёны Езус Хрыстус!
Вітаем вас, паважаныя чытачы.
У віншавальным раздзеле нашай пошты сёння ліст ад сям’і Протасаў з Шаркаўшчынскага раёна. Вось што яны пішуць: «Дзякуй вам за цікавы часопіс, чытаем з задавальненнем усёй сям’ёй. Хацелася б з вашых старонак павіншаваць ксяндза Уладзіміра Шымкаўца з г. Дуброўна з сёмай гадавінай святарскага служэння. Гэта вельмі чулы чалавек, які шчыра служыць Богу і людзям. Мы жадаем ксяндзу Уладзіміру, каб цеплыня і любоў, якія ён дае людзям, вярталіся да яго памножаныя ўдвая, каб яго добрае сэрца заўсёды было здаровым, каб Пан Бог даў яму цярплівасці для пераадольвання ўсіх цяжкасцяў у будаўніцтве святыні. Молімся за яго, успамінаем, любім».
Яшчэ адзін віншавальны ліст прыйшоў да нас таксама з Шаркаўшчыны (мяркуючы па допісах, там наш часопіс чытаюць найбольш). Вось што ад імя шаркаўшчынскіх парафіянаў напісалі Андрэй і Антон Латышонкі: «Хочацца павіншаваць нашага паважанага ксяндза дэканата Кшыштафа Сілкоўскага з яго юбілеем — 30годдзем святарства, якое прыпадае на гэты год. Ксёндз дэкан працуе ў нас з 1992 года. Яго намаганнямі пабудаваны ў нашым пасёлку касцёл Узвышэння Святога Крыжа, а пры касцёле — плябанія і пакой для заняткаў. Ксяндза Кшыштафа вельмі любяць дзеці і моладзь. Ён праводзіць з імі экскурсіі, наладжвае канікулы з Богам у прыгожых мясцінах нашай Беларусі. Хай Усемагутны Бог асвеціць сваёю ласкаю зямны шлях шаноўнага ксяндза Кшыштафа Сілкоўскага і ўзнагародзіць за яго дабрыню. Жадаем яму моцнага здароўя, плёну ў нялёгкай працы і Божага благаслаўлення».
Ну і нарэшце звернемся да балючага ліста, які прыйшоў з Глыбоцкай папраўчай калоніі ад Андрэя Шышко. «Ведаеце, што такое адзінота? — піша Андрэй. — Калі няма чалавека, які б сагрэў душу добрым словам...» Андрэй адбывае пакаранне за цяжкае злачынства і зведаў ужо суд юрыдычны, суд людскі і, напэўна, штодзень судзіць сябе сам. Але самы справядлівы суд у яго наперадзе — суд Божы. Вось што ён напісаў нам яшчэ: «Калі ў кожным чалавеку жыве Бог і мы створаны паводле вобраза і падабенства Яго, дык што мы робім адно з адным, а менавіта — з Богам? Ідучы ў касцёл, мы просім у Пана міласэрнасці, а пасля ізноў пачынаем бічаваць Яго словамі, учынкамі — у адрас іншых людзей, незалежна ад таго,
дзе яны знаходзяцца. Пан Бог міласэрны да пакутуючых, а чалавек? Калі ён адварочваецца ад таго, хто пакутуе, найперш ён адварочваецца ад Бога…» Можна толькі здагадвацца, чаму прыйшлі да Андрэя такія думкі. Магчыма, у некага знойдзецца што сказаць яму? Можа нехта перажыў штосьці падобнае? Адрас наступны: Шышко Андрэю Мар’янавічу, ПК13, 10 атрад, 211791, г. Глыбокае, Віцебская вобл.
А мы развітваемся з вамі. Дзякуем усім, хто нам напісаў, і чакаем новых допісаў. Наперадзе — лета: канікулы, адпачынкі, пілігрымкі... Ёсць пра што расказаць.
Да новых сустрэч. Заставайцеся з Богам.
Вера Галубовіч
Цэтлікі: Агляд пошты