Да таго, як назваць сябе вернікам, пабудуй святыню ў сваёй душы. Дзверы святыні — камень спатыкнення. Можна прайсці доўгі шлях, каб да іх дайсці, але, увайшоўшы, можна застацца звонку. Увайшоўшы ў святыню, ты адчыняеш дзверы, і з’яўляецца мяжа, якая дзеліць жыццё на «тут» і «там». Тут — звычайныя справы, праца, сям’я, няспынны клопат пра блізкіх. Там — свет малітвы, абразоў, Духа Святога і ўсяго, што непадуладна чалавечаму разуменню. Гэта свет Бога. Нібы тонкая нітка лучыць гэтыя два светы: любоў. Любоў, якая яднае мужчыну і жанчыну; любоў, якая дае жыццё дзіцяці; любоў, якая дазваляе даць дзіцяці найлепшае.
Любоў чалавека да Бога і любоў Бога да чалавека. Любоў, якая ўкрыжавала Хрыста, бо толькі з любові да людзей Хрыстус прыняў пакуты і смерць. Дзеля таго, каб любоў жыла ў нас...
Увайшоўшы ў касцёл, можна ўбачыць малы чырвоны агеньчык над Святымі Дарамі. Гэта святло Хрыстовага Сэрца. Сціплае, незаўважнае святло самаахвярнай любові. Святло Сэрца, да якога сцякаюцца боль, крыўды, расчараванне, нянавісць і тое зло, якое мы чынім сабе і бліжнім. Усё да Яго — з дня ў дзень, удзень і ўначы. Усё, што хвалюе нас, знікае ў Ім. А назад да нас вяртаецца супакой, прыходзяць чысціня, святло і любоў. Любоў запаўняе сэрца і выходзіць за дзверы святыні, уваходзіць у хату, у сям’ю, да суседзяў, сяброў і нават ворагаў.
А можа яна не выходзіць? Можа яна застаецца ўнутры?
Магчыма, яна застаецца за дзвярыма святыні, унутры. Бо нехта застаецца звонку, хоць і зайшоў унутр. Нехта знаходзіцца ў святыні, але нічога не можа вынесці з яе.
І толькі той, хто пабудаваў святыню ў сабе, знішчае гэтую мяжу, для яго знікаюць дзверы. І такая любоў ідзе ад сэрца, ад чалавека да чалавека, бо важна не толькі атрымліваць любоў, але і даваць яе. А як даць, калі ты ніколі не атрымліваў?
І вось Сэрца Хрыста, прымаючы зло, здзяйсняе таямніцу яго перамянення ў любоў. Любоў, якая ідзе, знішчаючы ўсе межы, дзверы, вокны і сцены. Любоў, якая ідзе ад чалавека да чалавека, ад сэрца да сэрца...
Алекс Верны