У імя Божае

19 мая ў парафіі Святога Духа ў сталічным мікрараёне Чыжоўка адбылася радасная і важная падзея — благаслаўленне крыжа, вуглавога каменя і пляца пад будаўніцтва новага касцёла. Святую Імшу, у якой прынялі ўдзел шматлікія святары і вернікі, узнача­ліў Мітрапаліт Мінска-Магі­лёў­скай архідыяцэзіі Тадэвуш Кандрусевіч. На ўрачыстасці прысутнічалі таксама прадстаўнікі Адміністрацыі За­вод­скага раёна і Аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Мінскага гарвыканкама.

Вітаючы прысутных, пробашч парафіі ксёндз доктар Ян Крэміс сказаў: «Сённяшняя падзея, на якую мы ўсе сабраліся і якую перажываем падчас навэнны да Духа Святога, у гонар якога названая парафія, з’яўляецца гістарычнай. Парафія існуе ўсяго 7 га­доў. Яна бы­ла за­сна­вана ў 2005 годзе па благаслаўленні свя­той памяці кардынала Казіміра Свёнтка, а яе арганізацыя бы­ла даручана ксяндзу Ігару Ла­шуку, тагачаснаму про­башчу ў Серабранцы. Намаганнямі кся­н­дза Іга­ра, якому мы шчыра ўдзячныя, бы­лі са­бра­ныя першыя вер­нікі, затым па­рафі­яльная супольнасць атрымала юрыдычны статус. <...>

З 2007 года тагачасным Апосталь­скім адміністратарам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біс­ку­пам Анто­ніем Дзям’янкам пас­тырства ў парафіі было даручана мне. Сустрэчы з верні­камі падчас малітвы, пастырскага наведвання сем’яў, катэхізацыі ўсё больш выяўлялі неабходнасць пабудовы святыні, якая б знаходзілася недалёка ад месца жыхарства вернікаў. Увесь час вёўся пошук адпаведнай пляцоўкі ў розных кутках нашага мікрараёна. І вось у маі 2010 года  пры падтрымцы і актыўным удзеле мітрапаліта Тадэвуша Кан­друсевіча было прынята рашэнне на самым высокім узроўні аб пабудове святыні ў Чыжоўцы. 

Ужо ў жніўні 2010 года парафія атрымала дазвол на праектаванне, у хуткім часе быў зацверджаны эскізны праект і пачалося праектаванне касцёла пад кіраўніцтвам галоўнага архітэктара Аляксея Яроменкі.  <...> Напрыканцы лета 2011 года праект паспяхова прайшоў экспертызу, і ў кастрычніку Мінгарвыканкам даў дазвол на будову, а парафія атрымала права на зямельны надзел.  <...> 

У сакавіку была падпісана дамова з Мінскім сацыялізаваным упраўленнем №217, якое прафесійна і дынамічна прыступіла да будаўнічых пра­­цаў пад кіраўніцтвам дырэктара Усовіча Валерыя Ста­­ніслававіча, якому сёння дзякую за яго адданасць справе і прафесіяналізм».

Пра важнасць будаўніц­тва новых святыняў у кожным мікрараёне сталіцы, пра неабходнасць новых месцаў сус­трэчы чалавека з Богам гаварыў у сваім казанні арцыпастыр Тадэвуш Кандрусевіч.

Яго Эксцэленцыя ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі тым вернікам парафіі Святога Ду­ха, якія падрыхтаваліся прыняць гэты важны і адказны знак хрысціянскай сталасці.

Будаўніцтва каталіцкай святыні ў Чыжоўцы — гэта ў пэўным сэнсе яшчэ й аднаўленне сувязі пакаленняў, і вяртанне гістарычнай справядлівасці. Справа ў тым, што на могілках, якія знаходзяцца побач з новабудоўляю, у XVIII ст. стаяла каталіцкая капліца. Архітэктар Аляксей Яроменка, аўтар праекта касцёла Святога Духа і руплівы даследчык архітэктурнай са­кральнай спадчыны лічыць, што тая капліца праіснавала недзе да паловы ХІХ ст. і бы­ла, відавочна, разбурана падчас пераследу каталіцкай веры. 

І вось цяпер, праз паўтара стагоддзя, на гэтым месцы зноў узводзіцца святыня ў імя Божае і на Яго хвалу. Няхай жа Дух Святы шчодра спасылае свае дары ўсім, хто яе будуе, і, перадусім, новай каталіцкай супольнасці і яе пастыру, ксяндзу Яну Крэмісу.

{gallery}208-2{/gallery}

Рэд.

Фота А. Шчыглінскай.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней