25 гадоў пры алтары

Гэтай вясной дэкан Полацкага дэканата, генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Францішак Кісель адсвяткаваў 25 гадоў свайго святарства.

Ксёндз Францішак — з таго «прызыву» беларускіх святароў, якія адказалі на Божае пакліканне яшчэ да гарбачоўскай перабудовы, яшчэ да таго часу, калі адкрытае вызнаванне веры ў Бога ўжо не прыносіла чалавеку непрыемнасцяў. Відаць, гэта было ў Божых планах, каб на той час, калі рухне злая ўлада атэізму на вялізнай прасторы былога СССР, ужо былі людзі, гатовыя стаць да алтара і служыць Яму. Ксёндз Францішак Кісель — адзін з іх.

Выхаваны ў сям’і беларускіх вернікаў, якія насуперак нялюдскай атэістычнай уладзе прыклалі ўсе намаганні для выхавання сваіх дзяцей у хрысціянстве, ён з удзячнасцю прыняў ад Бога дар веры. Ён адказаў згодай на Божы заклік пайсці за Ім тады, калі так мала было тых, хто гэтаксама адважна ішоў на такі заклік. Але гэта не палохала вясковага хлопца з Глыбоччыны, бо ў сэрцы й памяці была жывая вера, што брала свой пачатак з сумесных малітваў у сям’і, малітвы ў мосарскім касцёле з аднавяскоўцамі пры адсутнасці святара, з малітваў у глыбоцкім касцёле, калі, схаваўшыся ад пільных вачэй барацьбітоў з рэлігіяй за касцёльную калону і прытуліўшыся да маці, хлопчык Францішак разам з усімі вернікамі паўтараў словы, звернутыя да Бога...

Бог пачуў малітвы хлопчыка і паклікаў да цеснага сяброўства і супрацоўніцтва з Ім. Хлопец адказаў згодай: пасля вучобы ў тэхнікуме і службы ў войску ён пера­ступіў парог духоўнай семінарыі ў Рызе. Было гэта ў 1982 годзе. А ў 1987 г. ксёндз Францішак атрымаў святар­скае пасвячэнне і распачаў сваю службу Богу спачатку ў Марыйным санктуарыі ў Аглоне (Латвія), потым — у Браславе і Полацку.

20 гадоў праслужыў ксёндз Францішак Кісель у Полацку. За гэты час полацкі гарадскі краявід упрыгожыў касцёл святога Андрэя Баболі, які стаў  своеасаблівым помнікам прысутнасці каталіцтва на Полаччыне, жывым помні­кам, у якім сёння прыгожа пульсуе і развіваецца хрыс­ціянскае жыццё. Ва ўсім гэтым — плён службы Богу і людзям ксяндза Францішка, чыя біяграфія трывала й годна ўпісаная ў гісторыю горада, зрэшты, як і ў гісторыю суседняга Наваполацка, у якім ксёндз Францішак за­снаваў парафію Найсвяцейшага Сэрца Езуса і пэўны час служыў і ў гэтым горадзе.

І таму так шмат добрых словаў пачуў гэтай вясною святар з вуснаў вернікаў, якія шчыра віншавалі яго з 25-годдзем святарства. Але перадусім — вялікая падзяка Пану Богу за Яго неспасцігальны Провід, што кліча на святар­скую службу людзей, якія шчыра й аддана любяць Яго і рупліва нясуць гэтую любоў іншым.

Ірына Жарнасек

 

Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» далучаецца да віншавання і шчыра жадае шаноўнаму ксяндзу Францішку шчодрых дароў Духа Святога і Божага благаслаўлення на далейшае плённае служэнне.

Цэтлікі: Віншуем

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней