6 мая ў Мар’інай Горцы адбылася доўгачаканая кансэкрацыя касцёла святога Антонія Падуанскага. Бліжэйшы да мястэчка касцёл у Блоні, за 20 кіламетраў, быў зачынены ў 1920 годзе, а ў 1933 — зруйнаваны. У 2001 годзе дзякуючы намаганням вернікаў і фундатара Івана Уладзіслававіча Гумоўскага ў Мар’інай Горцы была закладзена новая святыня. Праца вялася больш за дзесяць гадоў: стары будынак былой падстанцыі быў адрамантаваны і прыстасаваны пад касцёл.
Вернікі парафіі з радасцю і хваляваннем чакалі кансэкрацыі сваёй святыні. На ўрачыстасці прысутнічалі святары з усіх навакольных парафій, вернікі, а таксама госці і прадстаўнікі раённых уладаў. Падчас святой Імшы арцыбіскуп мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў алтар і сцены касцёла. У палымяным казанні, звяртаючыся да вернікаў, ён падкрэсліў, што ўсе мы павінны памятаць сваю гісторыю і шанаваць свае хрысціянскія карані, якіх не маем права выракацца.
Мы дзякуем усемагутнаму Богу за новую святыню на беларускай зямлі. Хочацца ўзгадаць імёны людзей, дзякуючы якім мы святкавалі гэтую ўрачыстасць. Перш за ўсё — гэта ксёндз пробашч Уладзіслаў Лазар, які на працягу пяці гадоў займаўся рамонтам касцёла і ўпарадкаваннем навакольнай тэрыторыі, таленавіты і адукаваны чалавек, здольны не толькі вырашаць розныя надзённыя праблемы і даваць мудрыя парады, але і працаваць для сваёй парафіі: капаць зямлю, цягаць камяні... Гэты ахвярны святар сваім прыкладам паказвае нам, як трэба пераадольваць цяжкасці жыцця.
Шчыры дзякуй ад імя ўсіх парафіянаў фундатару касцёла святога Антонія: Івану Уладзіслававічу Гумоўскаму і яго сям’і, а таксама сем’ям Сурмачэўскіх, Кізіно, Панамаровых, Зямніцкіх, Тарасевічаў, Любімскіх, а таксама ўсім тым, хто дапамагаў нашай парафіі. Божага благаслаўлення і апекі Маці Божай!
{gallery}208-1{/gallery}
Таццяна Савіч.
Фота Міколы Новікава.