Дваццатая звычайная нядзеля — 19 жніўня 2012 г.
Чытанні: Прып 9, 1–6; Пс 34 (33), 2–3. 10–11. 12–13. 14–15; Эф 5, 15–20
Евангелле паводле святога Яна 6, 51–58
На пачатку гісторыі хрысціянства некаторыя абвінавачвалі вернікаў у канібалізме, у тым, што мы ямо чалавека. Ці можна гэтаму дзівіцца, калі мы чуем словы з сённяшняга евангельскага ўрыўку: «Хто есць Маё цела і п’е Маю кроў, мае жыццё вечнае». Езус выразна кажа пра цела і кроў, а не пра нейкі знак, метафару, напамінак. Цела і кроў, якія мы спажываем, — гэта сапраўдныя цела і кроў Езуса.
Калі заставацца на такім узроўні разумення Евангелля, тады мы сапраўды канібалы. Але справа датычыць нашмат больш тонкіх рэчаў. Цела і кроў — сапраўдныя, але гэта не кавалак вантробаў, лёгкія або пальцы Хрыста. Гэта цэлае цела і цэлая кроў, а не толькі частка. Гэта складана, але ў кожнай Гостыі прысутнічае цэлы Езус, такі, які хадзіў калісьці па зямлі. Акрамя гэтага, Эўхарыстыя — не толькі цела і кроў. У Камуніі мы прымаем таксама тоеснасць, асобу Езуса. Што гэта значыць? Мы прымаем Яго гісторыю: тое, што Ён прыйшоў ад Нябеснага Айца, тое, як Ён глядзеў на людзей, як размаўляў з імі. Мы прымаем усе падзеі Яго жыцця, Яго дзяцінства, цуды, поўны любові позірк на грэшную Марыю Магдалену: позірк, які вылечыў яе раны і даў сілы перамяніць жыццё; прымаем Яго пакуты, прабачэнне злачынца, што вісеў побач з Ім на крыжы; прымаем Яго смерць і Яго ўваскрасенне. Гэта — цэлы Езус.
Можа, сказанае мною здаецца складаным і заблытаным, але гэта напісаны тэкст і яго заўжды можна перачытаць. У рэшце рэшт, айцы Касцёла лічылі, што гэта не мы прымаем Езуса, прымаючы Яго цела і кроў, а Ён прымае нас у сваё жыццё, у сваю гісторыю і сваю сям’ю. Так мы становімся сям’ёю Хрыста.
Айцец Тамаш Міка ОР