Дзевятнаццатая звычайная нядзеля — 12 жніўня 2012 г.
Чытанні: 1 Вал 19, 4–8; Пс 34 (33), 2–3. 4–5. 6–7. 8–9; Эф 4, 30 — 5, 2
Евангелле паводле святога Яна 6, 41–51
Сёння я хачу ўзгадаць пра Марту Робін, містыка, якая памерла больш за 40 гадоў таму. Цяпер працягваецца працэс яе беатыфікацыі. Калі ёй было 20 гадоў, Пан Езус прапанаваў ёй прыгоду на ўсё жыццё: ісці разам з Ім. Гэта была незвычайная прыгода. Марта спачатку ахвяравала Езусу сваю здольнасць хадзіць, пасля — свой зрок. Большасць свайго жыцця яна правяла ў ложку, паралізаваная і сляпая, больш за 40 гадоў яе арганізм не прымаў ніякай ежы і пітва. Адзінаю ежаю, якую яна магла спажываць, была святая Камунія. Гэта не адзіны выпадак, калі чалавек, з’яднаны з Богам, на працягу многіх гадоў нічога не есць і не п’е, апроч Эўхарыстыі. Можна сказаць, што Марта папраўдзе жыла толькі дзякуючы святой Камуніі, адзінаму свайму спажытку. Яна з вялікаю тугою чакала кожнай Эўхарыстыі. Святары, якія цэлебравалі святую Імшу ў яе пакоі, распавядалі, што святая Камунія, якую яны падносілі Марце, «уцякала з іх рук». Адзін святар з В’етнама, які атрымаў магчымасць цэлебраваць святую Імшу ў пакоі паралізаванай Марты, калі ўдзяляў ёй Камунію, убачыў, як за некалькі дзясяткаў сантыметраў ад яе вуснаў асвечаная Гостыя, якую ён моцна сціскаў у пальцах, вырвалася з ягоных рук і ў імгненне апынулася ў вуснах Марты. Такім магутным было ў ёй прагненне атрымаць Спажытак. Марта была з’яднаная з Езусам у Яго пакутах: па пятніцах яна перажывала пакуты Езуса ў сваім целе. Яна была напоўненая Яго мудрасцю і радасцю. Па яе парады прыходзілі многія палітыкі, рэлігійныя і культурныя дзеячы, звычайныя людзі. Пасля сустрэчы з Мартаю яны выходзілі напоўненыя надзеяй і Божым святлом. Для яе ўжо тут, на зямлі, Эўхарыстычны Хлеб, які яна прымала, быў адзінаю крыніцаю жыцця! З яго яна чэрпала сілы, каб жыць, мудрасць і любоў да Бога і бліжніх. Аналізуючы яе досвед, варта задаць сабе пытанне аб прагненні. Як моцна я прагну Бога і Яго волі ў сваім жыцці? Як моцна я прагну атрымаць ад Яго мудрасць, святло і вечнае жыццё? Як моцна я прагну прымаць Пана Езуса ў святой Камуніі? Адкажыце сабе на такое пытанне: праслаўляю я Бога за дар жыцця, за тое, што мне хапае хлеба, што я маю адзенне і дах над галавою? Ці дзякую я за дар Божага слова і дар Эўхарыстыі? Ці дзякую я за прывілей атрымліваць святую Камунію — крыніцу жыцця? Будзем жа з дапамогаю Духа Святога імкнуцца, каб нашае жыццё было перапоўненае малітваю падзякі і захапленнем Богам і Яго дарамі, дадзенымі нам, і асабліва — дарам Эўхарыстычнага хлеба, які ёсць самім Жыццём.
Айцец Раман Шульц ОР