Мы — прыгожыя

Пятнаццатая звычайная нядзеля — 15 ліпеня 2012 г.

Чытанні: Ам 7, 12–15; Пс 85 (84), 9аb–10. 11–12. 13–14; Эф 1, 3–10

Евангелле паводле святога Марка 6, 7–13

Падарожжа патрабуе падрыхтоўкі. Трэба вырашыць усе фармальнасці, спраўдзіць, якое будзе надвор’е, узяць з сабою адпаведнае адзенне. Калі рыхтуешся з’ехаць у адпачынак, у дарозе прыдасца і крэм ад сонца з UVфільтрам, і купальнік для пляжа. У цягнік трэба ўзяць з сабою нейкі напой, бутэрброды, музыку ў mp3. Добра падрыхтаваныя, з за­плечнікам, які ледзьве здолелі зашпіліць, або з вялікаю валізаю мы вырушваем у дарогу, але, калі прыбываем на месца, заўжды аказваецца, што нешта забыліся: або гумовыя шлёпанцы, або зубную пасту, або ўлюбёную сукенку, якую спецыяльна адклалі, каб не забыцца. 

З іншага боку, аказваецца, што палова рэчаў, якія мы ўзялі з сабою, абсалютна не патрэбныя, і імі мы наогул не карыстаемся. 

Езус добра ведае пра нашыя праблемы з падарожжамі. Ён ведае, што найбольшая праблема ўзнікае ў нас тады, калі мы збіраемся на найлепшы адпачынак, у самы сонечны край. Гэта падарожжа праз нашае жыццё, падарожжа да неба. Езус добра ведае, што мы няздольныя адпаведна падрыхтавацца да гэтага падарожжа, таму загадзя кажа нам: супакойцеся, не бярыце торбу, напханую да верху рэчамі, не бярыце бутэрбродаў у цягнік — гэта ўсё вам не прыдасца.

У небе нам не будуць патрэбныя ніякія найпрыгажэйшыя ўбранні, бо мы ўжо не будзем саромецца сваёй прыгажосці. Мы ўбачым яе ў паўнаце, і не толькі мы самі, але ўсе людзі будуць дзівіцца адно з аднаго. 

Гэтае нашае жыццёвае падарожжа — шлях у пошуках сваёй прыгажосці і каштоўнасці. Адзіны багаж, які мы павінны ўзяць з сабою ў неба, — гэта мы самі. Нашая адшуканая прыгажосць — гэта і цялесная, і духоўная, унутраная. Дзякуючы Езусу нам ужо не трэба па­цвярджаць сваю прыгажосць рэчамі, бо яна — у нас, бо Ён выбраў нас яшчэ да стварэння свету. 

Айцец Тамаш Міка ОР

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней