Як сцвярджаюць біяграфічныя крыніцы, Юстын нарадзіўся ў першай палове ІІ стагоддзя ў Рымскай правінцыі Флавія Неапаліс (Наблус, сучасная Іарданія). Бацькі Юстына, рымскія арыстакраты, выхавалі яго ў язычніцкай веры. Як толькі хлопчык вырас са школьнага ўзросту, ён адразу пачаў шукаць «адзінага і праўдзівага Бога». Вывучаючы спачатку грэцкую філасофію, браў урокі ў найславуцейшых настаўнікаў, аднак ні адзін з іх не змог яму нічога сказаць пра адзінага і праўдзівага Бога. Аднойчы, падчас шпацыру каля мора, ён сустрэў старца, які пасля доўгай размовы пераканаў яго ў неабходнасці хрысціянскай веры. Пасля грунтоўнага вывучэння Бібліі Юстын прыняў хрост і стаў прапаведаваць Евангелле.
Потым ён прыбыў у Рым, дзе хутка стаў вядомым настаўнікам і збіраў вакол сябе рымлянаў, якія прагнулі ведаў. Юстын напісаў шмат філасофскіх працаў, дзе бараніў хрысціянства, буйнейшая з іх — «Апалогія хрысціянскай рэлігіі», якую каля 150 года ён скіраваў імператару, ягоным сынам, Сенату і рымскаму народу. Юстын нястомна выступаў супраць пераследу хрысціянаў і публічна асуджаў катаў, што не магло не справакаваць пераследу і супраць яго самога: разам з шасцю вучнямі ён быў арыштаваны і зняволены ў вязніцы. Вязняў змушалі пакланяцца язычніцкім багам, пасля адмовы іх бічавалі, а потым публічна забілі. Юстыну адсеклі галаву мячом — гэта было каля 165 года.
Паводле легенды, пасля смерці цела мучаніка ўкінулі ў сажалку. Месца, дзе яно знаходзілася, паказалі гусі, якія там плавалі да той пары, пакуль людзі не забралі цела. Пасля пахавання да магілы Юстына прыходзілі вялікія натоўпы пілігрымаў, асабліва вясковых людзей, якія засведчылі шмат цудаў. Пасля легалізацыі хрысціянства Юстына абвясцілі святым, асабліва ўшаноўвалі яго як абаронцу веры. Яго магіла, хутчэй за ўсё, знаходзілася на месцы рымскага касцёла пад тытулам святых Плацыда і Пудэнцыі. Святы Юстын з’яўляецца апекуном філосафаў і апалагетаў хрысціянскай веры.
Ксёндз Аляксей Юркайць,
адміністратар парафіі Мосар.