20 гадоў разам з вамі

У засені векавога юбілею кардынала Казіміра Свёнтка 20-годдзе часопіса «Ave Maria» выглядае сціплаю датаю. Але сімвалічна, што гэтая дата прыпала акурат на сёлетнюю юбілейную восень і што ёсць нагода падзякаваць Богу за два дзесяцігоддзі працы нашага невялічкага калектыву, які на самым пачатку падтрымаў Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк. Сімвалічна й тое, што ў юбілейны для нас год адбылася кананізацыя Вялікага Папы Яна Паўла ІІ, які ў 1994 г. благаславіў выданне часопіса «Ave Maria». Мы заўсёды адчувалі і адчуваем сілу і ласку гэтага благаслаўлення.

Дарагія чытачы, шаноўныя нашы аўтары! Дзякуй вам за тое, што ўсе гэтыя гады вы застаецеся разам з намі — дапамагаеце і падтрымліваеце нас сваімі лістамі, дасылаеце цікавыя артыкулы і аповеды пра свае парафіяльныя супольнасці, дзеліцеся не толькі радасцямі, але часам і болем, і тымі праблемамі, якіх, на жаль, хапае ў нашым штодзённым жыцці. Дзякуй за гэтую шчырую сяброўскую сувязь, бо яна дае адчуванне адной вялікай Божай сям’і, якую клапатліва і нястомна збірае святая Марыя, і якою Яна па-мацярынску чула ўвесь час апякуецца.

Сардэчна віншуючы ўсіх вас з юбілеем часопіса, хачу паведаміць, што 23 лістапада, у свята Хрыста Валадара, у мінскай архікатэдры а 13-й гадзіне адбудзецца св. Імша падзякі за 20 гадоў працы часопіса «Ave Maria». Запрашаем усіх далучыцца да гэтай эўхарыстычнай малітвы. Няхай і надалей Божая міласэрнасць не пакідае нас, няхай кожнаму дае сілы і натхненне для высакароднай справы евангелізацыі і пашырэння Божага Валадарства ў гэтым свеце.

Крыстына Лялько

Цэтлікі: Юбілеі

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней