«Сцеражыцеся ўсялякай прагнасці»

Васямнаццатая звычайная нядзеля, год С (04.08.2013 г.)

«Нехта з натоўпу сказаў Езусу: Настаўнік, скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай. Але Езус адказаў яму: Чалавеча, хто паставіў Мяне судзіць або раздзяляць вас?

Пры гэтым сказаў ім: Глядзіце, сцеражыцеся ўсялякай прагнасці, бо нават калі хтосьці мае дастатак, жыццё яго не залежыць ад ягонай маёмасці. І расказаў ім прыпавесць: у аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла поле. І ён разважаў сам-насам: Што мне рабіць? Няма куды мне сабраць ураджай мой. І сказаў: Вось што зраблю: паламаю засекі мае і збудую большыя, і збяру туды ўсё збожжа маё і ўсё дабро маё. І скажу душы маёй: Душа, шмат дабра ў цябе ляжыць на многія гады. Адпачывай, еш, пі і весяліся. Але Бог сказаў яму: Неразумны, гэтай жа ноччу забяруць душу тваю у цябе. Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў? Так бывае з тым, хто збірае скарбы сабе, а не перад Богам багацее» (Лк 12, 13–21).

«Сцеражыцеся ўсялякай прагнасці»

Прагнасць, або хцівасць — адзін з сямі галоўных грахоў. Ёй супрацьпастаўляецца цнота шчодрасці. Сярод людзей рознага ўзросту і розных культур заўжды былі і будуць асобы, якія ашчаджаюць грошы толькі для сябе, на ўласныя патрэбы, дзеля ўласнай карысці і задавальнення — тыя людзі, што не ведаюць Бога. Ёсць і такія, хто ахвотна дзеліцца заробкам і маёмасцю з патрабуючымі. Як кажа Святое Пісанне: «Больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць!» (Дз 20, 35). 

Сёння задамо сабе пытанне, ці большую радасць мы атрымліваем, калі назапашваем нешта, або цешымся і тады, калі дзелімся з іншымі? Гэта добрае пытанне для рахунку сумлення. Можна запытацца ў сябе і пра тое, калі і што я ў апошнія месяцы ахвяраваў некаму на патрэбы, і ці зрабіў гэта бескарысліва? Закон Старога Запавету, якім мноства хрысціянаў кіруецца і сёння, кажа пра неабходнасць штомесячнай ахвяры ў 10 % свайго даходу Пану Богу — гэта значыць, на дапамогу бліжнім, якія маюць у гэтым патрэбу. Напэўна кожны з нас, нават калі і сам не надта заможны, робіць нейкія дары або прызначае пэўную суму грошай на патрэбы парафіі, бедных або на місіі. Такім чынам мы супрацоўнічаем з Божаю ласкаю. Людзі, якія шчыра і бескарысліва дзеляцца з іншымі, робяць гэта не напаказ.

Калі ж нехта яшчэ не пачуў у глыбіні сваёй душы Хрыстовага закліку: «Больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць!», і калі нехта адчувае, што мусіць прыняць рашэнне радасна дзяліцца сваім даходам, няхай гэтае разважанне паслужыць натхненнем, каб даверыць Пану Богу сваё матэрыяльнае становішча. Напрыклад, каб кожны месяц прызначаць 10% або 5 % свайго даходу на дабрачынныя мэты. Каб дасягнуць гэтай новай евангельскай перспектывы, трэба на ўсю сваю маёмасць глядзець як на дар. Бо менавіта Бог дае нам жыццё, здароўе і сілы. За гэтыя незаменныя дары, якія даюць нам магчымасць працаваць і зарабляць грошы, варта нейкім чынам Богу аддзячыць. 

Зразумела, гэтая ўдзячнасць павінна гучаць у малітве. Але ж ці дастаткова гэтага? І ці я заўжды дзякую ў малітве? Дзяліцца з патрабуючымі сваім заробкам — значыць давярацца Пану Богу. Гэта давер да Яго Провіду, які не дапусціць, каб чалавек цярпеў недастачу. Памятайма, што міласціна з’яўляецца лекам ад прагнасці. Калі мы даем яе з усведамленнем, што Нябесны Айцец бачыць, як мы дзелімся з іншымі, тады сэрца напаўняецца сапраўднаю радасцю. Напрыканцы гэтай рэфлексіі паразважайма яшчэ хвіліну над словамі святога Паўла: «Хто сее скупа, той скупа і пажне, а хто сее шчодра, той шчодра і пажне. Няхай кожны дае, як вырашыць у сэрцы сваім, а не са шкадаваннем ці з прымусу, бо радаснага даўцу любіць Бог. Бог мае моц узбагаціць вас усякаю ласкаю, каб вы, заўсёды і ва ўсім маючы ўсялякі дастатак, былі багатыя на ўсялякія добрыя справы.  (2 Кар 9, 6–8).


Айцец Раман Шульц ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней