З «Падрыхтоўчага дакумента»
5–19 кастрычніка 2014 г. у Ватыкане адбудзецца ІІІ Надзвычайны сход Сіноду Біскупаў на тэму «Выклікі душпастырства, звязаныя з праблемамі сям’і ў кантэксце евангелізацыі». Генеральны сакратарыят Сіноду абвясціў «Падрыхтоўчы дакумент» разам з апытальнікам, які павінен быць скіраваны ў дэканаты і парафіі, што дасць магчымасць сабраць канкрэтныя прапановы па тэматыцы Сіноду.
І. Сінод: сям’я і евангелізацыя
Місія абвяшчэння Евангелля ўсялякаму стварэнню была давераная вучням непасрэдна Езусам Хрыстом, і Касцёл выконвае яе ў гісторыі. У наш час відавочны сацыяльны і духоўны крызіс стаў для душпастырства выклікам, на які павінна даць адказ евангелізацыйная місія Касцёла, скіраваная на сям’ю — жыццядайную частку грамадства і касцёльнай супольнасці. <...>
Цяпер з’явіліся дагэтуль не вядомыя праблемы, звязаныя з распаўсюджанай практыкай сужыцця, якое не вядзе да сужэнства, а часам нават выключае яго, ажно да аднаполых саюзаў, якім нярэдка даецца магчымасць усынаўлення дзяцей. Сярод многіх новых сітуацый, якія патрабуюць увагі і душпастырскай працы Касцёла, дастаткова згадаць змешаныя або міжрэлігійныя сужэнствы; няпоўныя сем’і, у якіх няма аднаго з бацькоў; палігамію; шлюбы па дамоўленасці, з якой вынікае праблема пасагу, што часам трактуецца як цана жанчыны; каставую сістэму; культуру свабодных саюзаў і перакананне, што сужэнства можа быць часовым; варожыя для Касцёла формы фемінізму; міграцыю і перафармулёўку самой ідэі сям’і; рэлятывісцкі плюралізм у канцэпцыі сужэнства; уплыў мас-медыя на народную культуру ў разуменні ёю сужэнства і сямейнага жыцця; тэндэнцыі мыслення, якія на базе пэўных заканадаўчых прапановаў абясцэньваюць трываласць і вернасць сужэнскага саюзу; распаўсюджванне практыкі сурагатных маці («маці напракат»); новыя інтэрпрэтацыі правоў чалавека. Аднак больш за ўсё менавіта ў межах Касцёла назіраецца аслабленне або знікненне веры ў сакрамэнтальную прыроду сужэнства і аздараўляльную моц сакрамэнту пакаяння.
З гэтага вынікае, што епіскапату ўсяго свету неабходна «cum et sub Petro» («з Пятром і пад яго кіраўніцтвам») звярнуць увагу на новыя выклікі. Напрыклад, толькі той факт, што ў сучаснай сітуацыі многія дзеці і маладыя людзі, народжаныя ў няпоўных сужэнствах, ніколі не бачылі, як іх бацькі прымаюць сакрамэнты, пацвярджае, наколькі неадкладныя тыя выклікі, што стаяць перад евангелізацыяй, вынікаючы з сітуацыі, якую можна назіраць амаль у кожнай частцы «глабальнай вёскі». Такой рэальнасці цалкам адпавядае шырокае прыняцце вучэння пра Божую міласэрнасць і клопат пра церпячых на геаграфічнай і экзістэнцыйнай перыферыі: з гэтага вынікаюць вялікія спадзяванні адносна душпастырскіх рашэнняў, якія датычацца сям’і. <...>
ІІ. Касцёл і Евангелле пра сям’ю
Добрая навіна пра любоў Бога павінна абвяшчацца людзям, што маюць фундаментальны асабісты досвед сужэнства і супольнасці, адкрытай на дар патомства, якою з’яўляецца сямейная супольнасць. Веравучэнне на тэму сужэнства павінна падавацца камунікатыўным і эфектыўным спосабам, каб яно магло дайсці да сэрцаў і перамяніць іх згодна з Божаю воляю, аб’яўленаю ў Езусе Хрысце. <...>
План Бога Стварыцеля і Адкупіцеля
Прыгажосць біблійнага паслання пра сям’ю мае свае карані ў стварэнні мужчыны і жанчыны паводле вобразу і падабенства Бога (пар. Быц 1, 24–31; 2, 4б–25). Злучаныя непарыўным сакрамэнтальным саюзам, сужэнцы жывуць прыгажосцю любові, бацькоўства і, такім чынам, найвышэйшай годнасці ўдзелу ў Божай справе стварэння.
Праз дар плоднасці сужэнскага саюзу мужчына і жанчына прымаюць на сябе адказнасць за развіццё і выхаванне патомства для будучыні чалавечага роду. Нараджаючы патомства, сужэнцы ў веры выконваюць сваё пакліканне, сутнасць якога — быць супрацоўнікамі Бога ў клопаце пра стварэнне і развіццё чалавецтва.
Благаслаўлёны Ян Павел ІІ сфармуляваў гэты аспект у «Familiaris consortio»: «Бог стварыў чалавека паводле свайго вобразу і падабенства (пар. Быц 1, 26); паклікаўшы чалавека да існавання дзеля любові, Бог адначасова паклікаў яго да самой любові. Бог ёсць Любоў (1 Ян 4, 8), Ён у самім сабе перажывае таямніцу асабовай камуніі любові. Ствараючы чалавека паводле свайго вобразу і бесперапынна падтрымліваючы яго існаванне, Бог упісвае ў чалавецтва мужчыны і жанчыны пакліканне, а значыць здольнасць да любові і жыцця ў супольнасці і адказнасць за іх (пар. GS 12). Таму любоў — гэта асноўнае і прыроджанае пакліканне кожнай чалавечай істоты» (FC, 11).
Гэты план Бога Стварыцеля, парушаны першародным грахом (пар. Быц 3, 1–24), праявіўся ў гісторыі праз падзеі з жыцця выбранага народа ажно да паўнаты часу, калі Сын Божы ўцелавіўся і пацвердзіў волю Бога адносна збаўлення, але разам з адкупленнем даў ласку паслухмянасці гэтай волі.
Сын Божы, Слова, якое стала целам (пар. Ян 1, 14) у лоне Дзевы-Маці, жыў і ўзрастаў у сям’і з Назарэта і ўдзельнічаў у Кане ў вяселлі, святкаванне якога ўпрыгожыў першым са сваіх «знакаў» (пар. Ян 2, 1–11). З радасцю прыняў Ён сямейную гасціннасць сваіх першых вучняў (пар. Мк 1, 29–31; 2, 13–17) і суцяшаў засмучаную сям’ю сваіх прыяцеляў у Бэтаніі (пар. Лк 10, 38–42).
Езус Хрыстус вярнуў хараство сужэнства, прапаноўваючы нанава гарманічны план Бога, адкінуты з-за акамянеласці людскіх сэрцаў нават у традыцыі ізраэльскага народа (пар. Мц 5, 31–32; 19, 3–12; Мк 10, 1–12; Лк 16, 18). Вяртаючыся да крыніцы, Езус вучыў сужэнцаў вернасці і еднасці, адпрэчваў магчымасць адпусціць жонку і чужалоства.
Менавіта праз незвычайнае хараство чалавечага кахання, узнёсла праслаўленага ў Песні Песняў Саламона, і сужэнскага саюзу, якога дамагаліся і які баранілі прарокі Осія (пар. Ос 1, 2 – 3, 3) і Малахій (пар. Мал 2, 13–16), Езус падкрэсліў спрадвечную годнасць любові паміж жанчынаю і мужчынам.
Вучэнне Касцёла на тэму сям’і
У першай хрысціянскай супольнасці сям’я таксама паўстае як «хатні Касцёл» (пар. ККК, 1655). У так званых «сямейных кодэксах» апостальскіх пасланняў Новага Запавету вялікая
сям’я старажытнага свету акрэсліваецца як месца глыбокай салідарнасці паміж жонкамі і мужамі, паміж бацькамі і дзецьмі, а таксама паміж багатымі і беднымі (пар. Эф 5, 21 – 6, 9; Клс 3, 18 – 4, 1; 1 Цім 2, 8–15; Ціт 2, 1–10; 1 П 2, 13 – 3, 7; пар. таксама Флм). Асабліва ў Пасланні да Эфесцаў сужэнская любоў паміж мужчынам і жанчынаю паказана як «вялікая таямніца», праз якую ў свеце праяўляецца любоў Хрыста і Касцёла (пар. Эф 5, 31–32).
На працягу стагоддзяў, асабліва ў Новы час і да сённяшніх дзён, Касцёл не пакідаў свайго пастаяннага і адкрытага на развіццё вучэння пра сям’ю і сужэнства, якое знаходзіцца каля яе вытокаў. Гэтае вучэнне знайшло сваё глыбокае адлюстраванне ў Пастырскай канстытуцыі пра Касцёл «Gaudium et spes» Другога Ватыканскага Сабору; пры разглядзе некаторых найбольш актуальных праблемаў цэлы раздзел у ёй прысвечаны падтрымцы годнасці сужэнства і сям’і, як сведчыць апісанне яе вартасцяў, карысных для развіцця грамадства: «Сям’я, у якой сустракаюцца розныя пакаленні і ўзаемадапамагаюць сабе ў дасягненні паўнейшай жыццёвай мудрасці, а таксама ў суадняcенні асабістых правоў і патрэб грамадскага жыцця, з’яўляецца фундаментам грамадства» (GS 52). Асабліва моцна ў дакуменце гучыць заклік аб хрыстацэнтрычнай духоўнасці для веруючых сужэнцаў: «Самі сужэнцы, створаныя паводле вобраза жывога Бога і пастаўленыя ў праўдзівым асабовым парадку, няхай будуць паяднаныя аднолькавым пачуццём, падобнай думкай і супольнай святасцю, каб, ідучы
за Хрыстом, пачаткам жыцця, праз радасці і ахвяры свайго паклікання, праз сваю верную любоў яны станавіліся сведкамі той таямніцы любові, якую Пан адкрыў свету сваёй смерцю і ўваскрасеннем» (GS 52).
Пасля Другога Ватыканскага Сабору наступнікі святога Пятра са сваім Настаўніцкім Інстытутам таксама ўзбагацілі вучэнне пра сужэнства і сям’ю, асабліва Павел VI сваёй энцыклікай «Humanae vitae», дзе даецца спецыфічнае настаўленне, якое датычыць прынцыпаў і практыкі. Папа Ян Павел ІІ у апостальскай адгартацыі «Familiaris consortio» пажадаў падкрэсліць Божы план адносна спрадвечнай праўды пра каханне і сям’ю: «Адзіным „месцам“, дзе магчымая такая адданасць у паўнаце сваёй праўды, з’яўляецца сужэнства, або саюз сужэнскай любові — свядомы і свабодны выбар, праз які мужчына і жанчына ўступаюць у духоўную супольнасць жыцця і любові, задуманую самім Богам (пар. GS 48). Толькі ў такім святле праяўляецца сапраўднае значэнне гэтай супольнасці. Інстытут сужэнства не з’яўляецца вынікам нейкага неправамернага ўмяшальніцтва грамадства або ўлады, а таксама навязваннем звонку нейкай формы, але ўяўляе з сябе ўнутраную ўмову саюзу сужэнскай любові, які пацвярджаецца публічна як адзіны і выключны, каб поўнасцю захаваць такім чынам вернасць адносна задумы Бога Стварыцеля. Гэтая вернасць, ні ў якім выпадку не абмяжоўваючы свабоду асобы, захоўвае яе ад усялякага суб’ектывізму і рэлятывізму і дае ёй удзел у стваральнай Мудрасці» (FC 11).
Катэхізіс Каталіцкага Касцёла звяртаецца да гэтых фундаментальных праўдаў: «Сужэнскі саюз, праз які мужчына і жанчына ўтвараюць унутраную супольнасць жыцця і любові, быў заснаваны па волі Стварыцеля, які забяспечыў яго ўласнымі законамі. Па сваёй прыродзе ён скіраваны на дабро сужэнцаў, а таксама на нараджэнне і выхаванне патомства. Сужэнства ахрышчаных было ўзнесена Хрыстом Панам да годнасці сакрамэнту» (пар. ККК, 1660; гл. GS 48; ККП, кан. 1055, § 1).
Вучэнне, выкладзенае ў Катэхізісе, датычыцца як тэалагічных асноваў, так і маральных паводзінаў, што разглядаецца ў двух раздзелах: «Сакрамэнт сужэнства» (№ 1601–1658) і «Шостая запаведзь: Не чужалож» (№ 2331–2391). Уважлівае прачытанне гэтай часткі Катэхізіса дае актуалізаванае разуменне веравучэння, якое падтрымлівае дзейнасць Касцёла перад выклікамі сучаснасці. Яго душпастырства чэрпае натхненне з праўды пра сужэнства, што разглядаецца ў межах плану Бога, які стварыў мужчыну і жанчыну, а калі надышла паўната часу, аб’явіў у Хрысце таксама паўнату сужэнскай любові, узнесенай да годнасці сакрамэнту. Хрысціянскае сужэнства, пабудаванае на згодзе, мае свае вынікі, якімі з’яўляюцца дабро і заданні сужэнцаў. Аднак яно не вольнае і ад наступстваў граху (пар. Быц 3, 1–24), якія могуць стаць прычынаю глыбокіх ранаў і нават абразіць годнасць сакрамэнту.
У энцыкліцы папы Францішка «Lumen fidei», што нядаўна пабачыла свет, гаворыцца пра сям’ю ў сувязі з вераю, якая паказвае, наколькі «трывалымі могуць быць сувязі паміж людзьмі, калі Бог прысутнічае сярод іх» (LF 50). «Першым асяродкам, у якім вера асвячае горад людзей, з’яўляецца сям’я. Асабліва маю на ўвазе трывалы саюз мужчыны і жанчыны ў сужэнстве. Узнікае ён з іх любові, якая ёсць знакам і прысутнасцю Божай любові, з прызнання і прыняцця дабра сексуальнай розніцы, праз што сужэнцы могуць стаць адным целам (пар. Быц 2, 24) і нарадзіць новае жыццё, што з’яўляецца праяўленнем дабрыні Стварыцеля, Яго мудрасці і Яго плану любові. Абапіраючыся на гэтую любоў, мужчына і жанчына могуць абяцаць сабе ўзаемную любоў у жэсце, які ахоплівае ўсё жыццё і нагадвае вельмі шмат рысаў веры. Абяцанне любові назаўсёды становіцца магчымым, калі мы адкрываем большы за нашыя праекты план, які нас падтрымлівае і дазваляе нам ахвяраваць каханай асобе ўсю будучыню» (LF 52). «Вера — гэта не ўцёкі для малаадважных людзей, але пашырэнне прасторы жыцця. Яна дазваляе адкрыць вялікі заклік, пакліканне да любові, і дае ўпэўненасць, што гэтая любоў вартая даверу, што варта ёй даверыцца, бо яе фундаментам з’яўляецца вернасць Бога, мацнейшая за ўсе нашыя слабасці» (LF 53).
Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка.
Паводле ekai.pl