Паважаная рэдакцыя!
Вам піша парафіянка касцёла святога Міхала Арханёла з г.п. Івянец Валожынскага раёна. Мне 60 гадоў, і я маю амаль усе нумары вашага часопіса. Часам перачытваю даўнішнія, якія таксама вельмі цікавыя, але нумары апошніх трох гадоў проста цудоўныя! Мне падабаецца ўсё, але асабліва цікава чытаць старонкі з «Дзённікам» святой Фаўстыны, малітоўную навуку Максімільяна Кольбэ, гісторыі з жыцця святых.
Наша парафія даволі вялікая. Кожную нядзелю ў касцёле адбываюцца чатыры Імшы. На дзіцячай Імшы ў 10 гадзін прысутнічае каля 40 міністрантаў, цудоўна спявае дзіцячы хор. Узначальвае нашу парафію ксёндз Лех Баханак, які з’яўляецца сапраўдным душпастырам. Вялікая работа праводзіцца айцом Лехам па рэстаўрацыі касцёла, добраўпарадкаванні тэрыторыі кляштара айцоў францішканаў. У парафіі ёсць скаўты, «Божыя кароўкі», «Ваўчаняты», для якіх праводзяцца летнікі, зімнікі, паходы, паездкі, экскурсіі.
Мы, дарослыя, радуемся за нашых дзяцей і ўнукаў. У наш час пра такое жыццё з Богам мы не маглі нават марыць — даводзілася патаемна ад уладаў і настаўнікаў прыступаць да Першай Камуніі, браць шлюб, хрыціць дзяцей.
Дзякуем добраму Пану Богу за цуд адраджэння веры, за шчасце прысутнічаць у касцёле, прымаць святую Камунію.
Рэгіна Варакса