Агляд пошты

Пахвалёны Езус Хрыстус!

Вітаем вас, паважаныя чытачы.

Гэта наша першая сустрэча з вамі ў новым 2014 годзе. Пошта нашага часопіса ў гэты час асаблівая — у асноўным лісты, у якіх чытачы зычаць нам усяго самага лепшага з нагоды прамінулага вялікага свята — Нараджэння Хрыстовага і Новага года. Дзякуем усім, хто нас павіншаваў, і ў сваю чаргу зычым вам здароўя, шчасця, неабходных Божых ласкаў і дапамогі ва ўсіх добрых справах.

Шчыры і пранікнёны ліст даслалі вернікі з Маладзечна. Пробашч парафіі св. Казіміра айцец Арыюш Малыска ў студзені адзначыў свой дзень нараджэння і імяніны. І вось што пішуць парафіяне: «…Проста здзіўляешся, як ён усюды паспявае! З яго прыездам вельмі ажывілася жыццё ў парафіі. Працуюць суполкі “Неакатэхуменат”, “Патрыцыі”, “Легіён Марыі”, сямейныя колы, колы “Жывога Ружанца”, праводзяцца заняткі з моладдзю, будучымі сужэнцамі, міністрантамі, катэхезы для дзяцей, дарослых, адбываецца наведванне хворых... А з якой вялікай карысцю для нас, парафіянаў, праходзяць урокі рэлігіі для дарослых пад назвай “Школа веры”, якія праводзіць сам пробашч. Яшчэ ён праводзіць у горадзе заняткі для пенсіянераў пад назвай “Духоўная акадэмія”. Але і гэта не ўсё: вялікую частку свайго часу, здароўя і сіл ён аддае будаванню касцёла і кляштара.

І хоць нашаму глыбокапаважанаму айцу дапамагаюць такія ж старанныя, працавітыя і сумленныя айцы — Юрый Краўчанка і Алег Вайцяховіч, усё ж асноўная адказнасць ляжыць на пробашчы. Мы ад усяго сэрца жадаем нашаму цудоўнаму душпастыру Божага благаслаўлення, апекі Маці Божай, цярплівасці, вытрымкі, нястомнай энергіі, аптымізму, поспехаў у працы, доўгіх і шчаслівых гадоў жыцця».

Наша рэдакцыя далучаецца да віншаванняў у адрас ксяндза Арыюша і жадае, каб у яго заўсёды былі такія ўдзячныя і любячыя парафіяне, як цяпер.

І яшчэ адзін пранікнёны ліст са словамі ўдзячнасці і павагі да святара ад парафіянаў вёсак Порплішча, Барсукі і Крулеўшчызна: «Божа, дзякуем Табе за тое, што паслаў працаваць у нашых вёсках святара, якога нам так не хапала ў часы атэізму і аб якім мы так Цябе прасілі,  — ксяндза Юрыя Бараўнёва. Мы не адразу яго палюбілі, але сёння разумеем, што ён  — гэта лепшы падарунак для нас ад Цябе. Просім, адары яго дарамі Святога Духа за яго стараннасць, за тое, што зрабіў наш касцёл такім прыгожым! Да  алтара, на якім праз яго слова ўжо 8 гадоў Ты прыходзіш да нас у Хлебе Эўхарыстычным,  мы прыносім сваю радасць і гора… Хочам вучыцца ад яго, як любіць Езуса і быць такімі ж міласэрнымі і спагадлівымі, хочам вучыць гэтаму нашых дзяцей і ўнукаў. Хочам падзякаваць Табе, Божа, за яго маці — Галіну Бараўнёву, за тое, што выхавала такіх цудоўных святароў — кс. Юрыя і кс. Сяргея. Адары яе, Божа, моцным здароўем, шчасцем і даўгалеццем».

...Хрысціна Маркоўская з Валожына даслала такі ліст: «Наш касцёл дзякуючы Божай дапамозе і апецы святога Юзафа стаў яшчэ прыгажэйшым пасля вялікага рамонту. Ён цяпер аж зіхаціць ад чысціні! Касцёл — найбагацейшая спадчына, якую мы атрымалі ад продкаў. А нашы вернікі — і католікі і праваслаўныя — ахвотна складалі свае ахвяры на яго рамонт і бралі ўдзел у працы па навядзенні парадку і чысціні пасля рамонту. Дзякуем нашаму пробашчу ксяндзу Генрыку Акалатовічу, які вось ужо 8 гадоў апякуецца нашай святыняй». Парадуемся за валожынскіх вернікаў...

На гэтым мы развітваемся з вамі.

Да новых сустрэч. Заставайцеся з Богам.

Вера Галубовіч

Цэтлікі: Нам пішуць

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней