Дзеці на службе Марыі

Не раз чула, што дзеці з Легіёна Марыі могуць толькі маліцца. Я не згодна  з гэтым. Дзеці іншы раз могуць зрабіць тое, на што даросламу не хопіць адвагі. Вось толькі некалькі прыкладаў.

У баранавіцкім касцёле Благаслаўлёнага Яна Паўла II існуе прэзідыум Легіёна Марыі, у якім ёсць трое дзяцей. Адна з іх — дзевяцігадовая Паліна, дачка нашай легіянеркі Алены. Мы з Аленай часта ходзім у жаночую кансультацыю, каб аднесці літаратуру супраць абортаў і, па магчымасці, паразмаўляць з жанчынамі. Малая Паліна атрымлівала заданне маліцца, каб маці не забівалі сваіх ненароджаных дзяцей. Яна заўсёды добра выконвала сваё заданне. Больш за тое, натхнёная малітваю, дзяўчынка спампавала з інтэрнэту на свой тэлефон ролікі супраць абортаў, каб распаўсюджваць гэтую інфармацыю. Яна хадзіла па сваім новым мікрараёне, дзе шмат моладзі, а таксама  маладых мамаў з дзецьмі, і паказвала гэтыя слайды. Аднойчы да Лены прыбегла абураная суседка, каб паскардзіцца на Паліну, што тая, маўляў, займаецца не сваімі справамі.  Сумна! Дарослыя не хочуць глядзець праўдзе ў вочы. Малая дзяўчынка бароніць жыццё як умее, але ад яе адварочваюцца. І тым не менш, мы верым, што гэтая праца абавязкова прынясе плён, бо Пан Бог праз дзяцей робіць вялікія справы.

У мінулым годзе дзеці нашага прэзідыума атрымалі заданне расказаць сваім сябрам пра Свята Божага Нараджэння. Паліна папрасіла настаўніцу, каб тая дазволіла ёй расказаць пра Нараджэнне Езуса Хрыста на класнай гадзіне. Ёй дазволілі і, такім чынам аж дваццаць сяброў – аднакласнікаў паслухалі яе з вялікай цікавасцю. Потым тыя дзеці, у сваю чаргу, панеслі добрую навіну далей. Падумалася: сапраўды, трэба стаць як дзеці, каб увайсці ў Валадарства Божае.

Галіна Пагасай,
старшыня прэзідыума
«Маці Ласкі Божай»
Легіёна Марыі, г. Баранавічы.
                                                               

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней