25 студзеня, у свята навяртання святога Паўла, у мінскай архікатэдры адбылося біскупскае пасвячэнне ксяндза Юрыя Касабуцкага, канцлера Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і пробашча мінскай парафіі св. Роха на Залатой Горцы. Гэта было другое біскупскае пасвячэнне ў сучаснай гісторыі мінскай архікатэдры пасля пасвячэння ў 1999 г. біскупа Кірыла Клімовіча, цяперашняга ардынарыя дыяцэзіі св. Юзафа ў Іркуцку. З таго часу прайшло паўтара дзясятка гадоў. Рэдкая гэта ўрачыстасць — біскупская сакра, рэдкая і надзвычай важная падзея ў жыцці Касцёла, у жыцці ўсяе дыяцэзіяльнай супольнасці. І гэта вельмі добра адчувалася ў атмасферы свята, у прыгожай, узнёслай літургіі, у самім абрадзе пасвячэння, які распачаўся гімнам да Духа Святога «Veni, Creator Spiritus». Папскую булу, распараджэнне Апостальскай Сталіцы аб прызначэнні кс. Юрыя Касабуцкага дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі абвясціў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.
Гамілію прамовіў галоўны пасвячаючы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Яго словы, звернутыя да біскупа-намінанта, прагучалі як бацькоўскі наказ, як мудрая парада старэйшага маладзейшаму, які толькі рыхтуецца распачаць сваё пастырскае служэнне: «Злучаны з Хрыстом, умацоўвай вернікаў словам Божым і жыццядайнымі сакрамэнтамі. Прымай мудрыя рашэнні. Будзь айцом для святароў і клапаціся аб кансэкраваных асобах. Шукай згубленых авечак і клапаціся пра моладзь як надзею Касцёла. Паказвай міласэрнае аблічча Бога хворым, слабым і церпячым...»
Гэта быў сонечны дзень — дзень біскупскай сакры ксяндза Юрыя Касабуцкага. І ён сам, атулены малітваю і любоўю сваіх шматлікіх братоў у святарстве, сясцёр законных, сваіх родных і ўсіх вернікаў, выглядаў узрушаным і шчаслівым, гатовым заўсёды «трываць у Хрысце», які яго выбраў і паклікаў як наступніка сваіх апосталаў.
{gallery}227-2{/gallery}
«Нам патрэбны маладыя біскупы, — сказаў у віншавальным слове прадстаўнік Папы, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, — бо трэба прайсці шмат кіламетраў, каб шукаць людзей. Ёсць адлегласці фізічныя і духоўныя; ёсць далёкія духоўныя дыстанцыі, хоць і блізкія фізічна — гэта адлегласці да тых сэрцаў, якія яшчэ не адкрыліся на Бога». Заданне вельмі няпростае і місія нялёгкая, але гэта ўжо абавязак, які ўзяў на сябе малады біскуп Юрый Касабуцкі, складаючы «Абяцанне выбранага». І таму хочацца прыгадаць словы наказу апостала Паўла свайму вучню: «Споўні сваё служэнне» (2 Цім 4, 5). Споўніце сваё служэнне, шаноўны ксёндз біскуп Юрый, і няхай яно будзе як мага больш плённае і шчаслівае.
Рэд.