Мы шмат гаворым пра тое, як мы працуем. Нас турбуе, ці сумленна мы выконваем даручанае, ці паспяваем зрабіць усё ў належны тэрмін. Нас хвалююць адносіны з калегамі на працы, з кіраўніцтвам. Мы перажываем за якасць таго, што робім. Словам, праца, праца, праца… А як мы адпачываем? Бо, насамрэч, тое, як мы працуем, як жывём, наўпрост залежыць ад таго, як мы адпачываем. Што значыць для хрысціяніна адпачынак? Здаецца, самы час паразважаць пра гэта летам, парою адпачынкаў…
Ірына Кавалец,парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, г. Мінск— Для таго, каб добра адпачыць, мне мала проста змянiць абстаноўку i адарвацца ад штодзённасцi. Для мяне сапраўдны адпачынак – гэта адпачынак з Богам. Таму я асаблiва радуюся лету: столькi пілiгрымак, рэкалекцый, падарожжаў! Не так даўно я выязджала за мяжу на выходныя. Гэта была выключна свецкая паездка, таму трапiць на святую Iмшу для мяне было праблемай. Я разумела, што залежу ад арганiзатараў, ад праграмы, ад групы, з якой выехала. Як тут пойдзеш, куды табе хочацца? Перад выездам я прасiла Бога, каб Ён якім заўгодна чынам дапамог мне трапіць на святую Iмшу, сустрэцца з Iм у святой Камунii. Я вызнала перад Iм, што, калi гэтага не адбудзецца, уся паездка, экскурсii, уражаннi не будуць мець для мяне нiякага сэнсу.
Так атрымалася, што падчас экскурсii я адстала ад групы i згубiлася. Спачатку, прызнаюся, было не вельмi прыемна — адна, у чужым горадзе, iдзi, куды хочаш… І ўсё ж на душы было чамусьцi вельмi спакойна. Адна, дык адна! Я брыла па горадзе і… натрапiла на касцёл — зайшла. Аказалася, што ў хуткiм часе тут будзе Імша, больш за тое, у гэтую парафiю менавіта ў гэты дзень, у гэты час прывозяць рэліквіі святой Фаўстыны Кавальскай і благаслаўлёнага Яна Паула ІІ. У гэты ж дзень парафiя сустракала абраз Езуса Мiласэрнага! I я апынулася сярод гэтых людзей!..
Ці трэба казаць, якая я была шчаслівая? Я зразумела, што Яму таксама патрэбная сустрэча са мной, што я ў сапраўднасці зусім не згубiлася, але, наадварот, — знайшлася! У той дзень я сапраўды перажыла Божую Міласэрнасць, Яго любоў і была вельмi шчаслівая. Я зразумела, што Бог па-за абставiнамi, межамi, што адпачынак можа быць розным, галоўнае — запрасiць у гэты адпачынак Бога. І тады, я ўпэўнена, гэты час нiколі не будзе страчаны, ён будзе непаўторны.
Наста Харкевіч, парафія Маці Божай Ружанцовай, г. Мінск— Пытанне пра адпачынак для мяне даволі складанае, асабліва, калі не вельмі ўмееш адпачываць альбо адпачываеш заўсёды. Апошняе, вядома, жарт, але, як кажуць, у кожным жарце… Ці добра я адпачыла, я бачу па выніках. Бывае, што, напрыклад, зусім мала спала, але на сэрцы радасна і супакой — значыць адпачыла, усё добра. А калі здаецца і адпачывала: спала, ела, колькі хацела, размаўляла, але ўсё нешта не пра тое, то надыходзяць незадаволенасць і стома, быццам і не адпачывала.
Праўда, якую я зразумела: адпачываць можна толькі з Богам, калі ж без Яго, то атрымліваецца не адпачынак, а пекла. Не так даўно я вярнулася з тэатральнага фестывалю ў Вільні. Здаецца, усё было цудоўна: горад, вольны час, прыемны нумар у хостэле… Але вярнулася я адтуль нейкая пустая, незадаволеная. А нядаўна была іншая паездка — ніякага табе там Еўразвязу, ніякіх мега-нумароў у хостэле, зусім простая ежа… Горад Орша. Сёння вярнулася з «Вінаградніка» і такая радасць у душы, што хочацца проста лятаць! На душы супакой бязмежны і так хораша-хораша! Прычына? У тых канферэнцыях, якія пачула,
у супольнай малітве, у сустрэчы з сябрамі, якіх вельмі люблю.
Альбо яшчэ прыклад. Я служу аніматарам на рэкалекцыях для падлеткаў, «Аазіс жыцця» называецца. Здаецца, і спіш тады па 4 гадзіны ў суткі і нон-стоп праграма, а вяртаешся — і такая шчаслівая, поўная веры, надзеі, энергіі, што сама здзіўляешся. І тады разумееш, што без Духа Святога тут не абышлося. Для мяне сапраўдным бывае адпачынак толькі разам з Езусам і на Яго хвалу. Калі ж без Яго, то я не бачу сэнсу ў такім адпачынку і не жадаю губляць на яго свайго часу. Вось цяпер здаю сесію і чакаю летніх вакацый. Пачнуцца вандроўкі, пілігрымкі, наш аазіс, рэкалекцыі — столькі ўсяго непаўторнага! Усё гэта — адпачынак для маёй душы. Таму што без Бога можна толькі змучыцца, стаміцца, змарнець, а я гэтага не хачу.
Марыя Мазынская, парафія благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча, г.п. Ветрына Полацкага р-на — Хрысцiянскае жыццё — гэта ўжо адпачынак, бо, калi ведаеш, што ты ўжо з Богам i Ён ёсць з табою, жыць вельмi хораша. Я вельмi актыўны чалавек i ўсюды, куды толькi можна, я iду альбо еду. За сваё жыццё мне давялося шмат дзе пабыць i дзякуючы гэтаму ўзяць штосьцi добрае для сябе, каб несцi гэта далей у жыццё, дзяліцца тым дабром з іншымі.
Хачу распавесцi пра адзiн такі вельмі важны і, як аказалася, паваротны адпачынак для мяне. Гэта адбылося ў маi 2009 года. Тады з нашага касцёла была пiлiгрымка ў Кракаў. У дарозе я пазнаёмiлася з вельмі добрым чалавекам, Аляксандрам Мазынскім, які ў будучым стаў маім мужам. Вось і выходзіць, што дзякуючы гэтай пiлiгрымцы мы цяпер можам адпачываць разам, па-хрысцiянску. Цяпер нашае жыццё даволi складанае i рытмiчнае, але, калi знаходзiцца час кудысьцi выбрацца, то мы з радасцю выкарыстоўваем гэта. Ці трэба казаць, якое гэта класнае адчуванне — быць разам з дарагімі і любімымі людзьмі! Альбо проста пабыць у спакоi, сумесна памалiцца — гэта таксама, і ў першую чаргу, прыносіць радасць. Мы любім адпачываць і з іншымі хрысціянскімі сем’ямі. Тады можна і «падзарадзіцца» ад іх, і ўзяць штосьці карыснае для сваёй сям’i. Самае галоўнае, што гэта адпачынак без алкаголю, цыгарэтаў i дрэнных словаў, без усяго кепскага, што так надакучае і прыгнятае ў штодзённым побыце, калі на кожным кроку бачыш вакол сябе шмат негатыву. Для мяне галоўнае, каб мой хрысцiянскi адпачынак быў разам з дачушкай Кацяй, з мужам Аляксандрам i Богам. Бо калi мы разам — мы моцныя. І шчаслівыя.
Такія вось думкі нашых аўтараў пра хрысціянскі адпачынак. Згадзіцеся, шаноўныя чытачы, што, чытаючы іх, нібы ўжо адпачываеш душой. Наколькі важны для вернікаў адпачынак пасля сумленнай працы, мы можам пераканацца на розных старонках Святога Пісання. Згадаем, што сам Бог, стварыўшы неба і зямлю, і ўвесь сусвет, «адпачыў у дзень сёмы ад усіх справаў сваіх, якія рабіў» (пар. Быц 2, 2). Тым самым людзі атрымалі ад Яго наказ адпачываць пасля працы. Таму, калі чуеш, як іншыя «працаголікі» хваляцца, што яны працуюць ледзьве не па 24 гадзіны ў суткі, што ўжо пяць альбо сем гадоў нідзе не адпачывалі, то зусім не хочацца вучыцца ад іх.
Прыгадаўся такі выпадак з жыцця. Адны мае знаёмыя сужэнцы высвятлялі ў чарговы раз свае адносіны. Муж, які не верыць у Бога, сварыўся на сваю жонку, якая адмовілася ва Урачыстасць Усіх Святых рабіць нейкую працу па гаспадарцы, сказаўшы, што ёй трэба ісці ў касцёл. Ён так на яе крычаў: «Ды што ты ўсё глядзіш у неба! А пра тое, як жыць, не думаеш!». Але менавіта жонка і думала пра тое, як жыць: яна была добрай маці і жонкай, добрай супрацоўніцай на працы і гаспадыняй дома. Проста яна адстойвала ўвесь час сваё права жыць з Богам, з Ім працаваць, з Ім жа і адпачываць. Таго дня мы з ёй пайшлі, вядома, на ўрачыстасць у касцёл. І якой жа была наша радасць, калі святар у казанні загаварыў, нібы знарок для нас, пра тое, як гэта важна — умець адрываць свой позірк ад зямлі і ўзносіць яго да неба! Як гэта важна навучыцца верніку з Богам працаваць і з Ім жа адпачываць. Святар казаў гэта, вядома, пра святых, а нам, грэшніцам, так радасна было чуць тыя словы!..
Ірына Жарнасек.
Фота аўтара.