Так часам бывае: пра тое, што дзеецца побач з табой альбо недзе паблізу, мы даведваемся ад выпадковых людзей, ад’ехаўшыся кудысьці далёка. Ды толькі ж мы, хрысціяне, ведаем, што выпадковага ў нашым жыцці не бывае. Так было і з намі. Мы з жонкай паехалі на рэкалекцыі айца Джэймса Манджакала, што праходзілі ў в. Рось, на Гродзеншчыне, і там пачулі пра іншыя рэкалекцыі, на якіх служаць нашы святары і свецкія вернікі. Вырашылі паехаць спачатку ў Баранавічы, а потым — на летнюю сесію «Школы хрысціянскага жыцця і евангелізацыі» ў Оршу.
У часе гэтых рэкалекцый да мяне прыйшло моцнае ўсведамленне таго, што старажытныя падзеі біблійных часоў могуць стаць для верніка блізкімі і дзейснымі. Я зразумеў, што Святы Дух прамаўляе і дзейнічае і сёння! Важна толькі адкрыць сэрца на гэтае дзеянне. Такое адкрыццё прыйшло ў часе малітвы праслаўлення і заступніцкай малітвы за мяне. Я пачуў заклік да мяне асабіста — адкінуць ранейшую няўпэўненасць, якая пакрывіла мой жыццёвы шлях. Пачуў таксама пра тое, што мае адносіны з роднымі набудуць новы, пазітыўны характар, што мой аўтарытэт узрасце ў вачах дзяцей.
…Звычка да рацыянальнага мыслення, здаецца, прысутнічае ў крыві кожнага. Словам, у Мінск я прыехаў амаль упэўнены, што згаданы момант тычыўся ўсё ж не мяне. Лета, адпачынак, адкладзеныя дачныя справы... Родам я з вёскі, працы не баюся: бацька прывучыў мяне да рыдлёўкі й сякеры. Аднак няўпэўненасць у сабе сапраўды заўсёды была са мной, і складаныя працы выконваліся іншымі альбо з дапамогай іншых. А тут я нечакана ўзяўся за даволі складаную справу і, уявіце сабе, яна пайшла на лад! Я сам дзівіўся з гэтага…
А мінулай вясной здарылася такое. На Вялікдзень мы з жонкай былі на Імшы ў мінскай катэдры. Толькі што працэсіяй прайшлі па горадзе, вернікаў у касцёле вельмі шмат. Стаім цесненька ў самай сярэдзіне касцёла. Лёгкі ветрык струменіць па дыяганалі ад уваходу на сакрыстыю. Мае ногі такога вельмі не любяць, і імгненна рэзкі боль пранізвае нагу ад паясніцы да самага нізу. Ад нервовага напружання пот градам льецца па ўсім целе. Як выстаяць?! У думках ліхаманкава скіроўваюся з просьбай да Пана Бога аб дапамозе. Праз нейкі час боль пакрысе пачынае адыходзіць і паступова знікае зусім. Да канца Імшы я адчуваў ужо сябе цалкам добра. Можна было б упэўніць сябе, што ўсё гэта прыдумалася, але ж мая мокрая кашуля пасля таго поту сведчыла аб іншым. Дзякую Пану Богу!
Удзел у рэкалекцыях незаўважна пачаў вучыць мяне, і думаю, што іншых удзельнікаў таксама, уважлівей ставіцца да сваіх словаў, да таго, што яны могуць паўплываць на жыццё іншых людзей. Нядаўна мне прыгадаўся такі выпадак.
Была ў мяне знаёмая — маладая дзяўчына з прыгожым імем Люба. Яе імені адпавядала і вельмі прывабная знешнасць — словам, беларуская прыгажуня. Яна нарадзілася ў ваенным гарадку, рана страціла бацьку — жыццё не шкадавала для яе выпрабаванняў. І вось трапіла гэтае дзяўчо ў Італію, знайшла там знаёмых і праз нейкі час, вярнуўшыся на радзіму, пачала абдумваць, як бы ёй і зусім з’ехаць у Італію. Шчыра прызнаюся, што мая душа балела за гэта, бо заўсёды перажываю, калі добрыя людзі пакідаюць радзіму. І вось неяк сустрэліся мы з Любай, якая гаварыла пра магчымы ад’езд, і ў той гаворцы чулася пытанне: «А як яно трэба?». Я разумеў, што сапраўды, можа й прасцей было б ёй выехаць, наладзіць там жыццё, таму змушаў сябе падтакваць: можа й так, едзь, Люба… А душа балела — яе ж не падманеш. Праводзіў Любу дахаты, а каля веснічак ужо нечакана для самога сябе сказаў:
— Шкада.
— Чаго шкада? – страпянулася Люба.
— Шкада, што Беларусь пабяднее на такую прыгажуню, — адказаў я.
Сказаў і тады, вядома, не мог нават падумаць, як тыя словы паўплываюць на яе. Недзе праз год — званок ад Любы. Я ўжо думаў, з Італіі, ажно не — з Беларусі! Не змагла яна, аказваецца, прыняць тое канчатковае рашэнне, зашчымела яе сэрца так моцна пасля нашае размовы, што вырашыла застацца. І на добрае! Люба выйшла замуж за прыстойнага хлопца, нарадзіла дачушку. А зусім нядаўна яшчэ адзін званок ад Любы – у іх сям’і нарадзіўся і сынок! Дзякую Пану Богу за гэтую сям’ю і за тое, што Ён натхняе нас прымаць блізка да сэрца справы нашых бліжніх. А яшчэ шчыра дзякую тым людзям, якія вучаць нас жыць па-божаму, суадносіць свае справы, жаданні з Яго святой воляй. Усё гэта дапамагае жыць у свабодзе дзяцей Божых.
Валерый Ліпніцкі,
парафія Маці Божай Будслаўскай, г. Мінск