Св. Крыштаф — адзін з самых папулярных святых. Яго ўспамін адзначаецца 24 ліпеня. Св. Крыштаф — гэта той, хто нясе Хрыста, дапамагае пераадольваць перашкоды, апякуецца падарожнікамі. Легенда апавядае, што спачатку яго імя было Рэпробус, а гэта значыць «пракляты». Ён хацеў адшукаць наймагутнейшага валадара свету, каб паступіць да яго на службу. Спачатку ён прыходзіць да караля, які, здавалася, меў вялікую моц. Але аднойчы, калі жанглёр, спяваючы, успомніў сатану, Рэпробус заўважыў страх на твары караля. Тады ён накіроўваецца на пошукі сатаны. Ён знаходзіць яго і пачынае яму служыць. Калі яны праходзілі каля крыжа, сатана хацеў зрабіць шырокі круг, каб абмінуць яго. У адказ на пытанне Рэпробуса сатана пакутліва прызнаўся, што баіцца крыжа, бо на ім памёр Хрыстус. Тады Рэпробус накіроўваецца ў дарогу, каб шукаць Хрыста. У гэты час ён сустракае пустэльніка і пытаецца ў яго: «Што я павінен рабіць, каб убачыць Хрыста?». Пустэльнік звяртае яго ўвагу на пост, але гэты моцны мужчына адчувае сябе няздольным на гэта. Тады пустэльнік накіроўвае яго да небяспечнай ракі ў даліне. Ён павінен спускацца на бераг і пераносіць падарожнікаў на другі бок. «Будзь слугой кожнаму і так зможаш убачыць Караля каралёў, Езуса Хрыста». Такім чынам на працягу многіх гадоў ён служыць людзям, і вось аднойчы дзіця просіць перанесці яго праз раку. Дзіця, якое спачатку здавалася вельмі лёгкім, на яго плячах становіцца ўсё цяжэйшым, і, зняўшы яго на беразе, ён сказаў: «Гэта было так, быццам я нёс на сваіх плячах увесь свет». А дзіця яму адказала: «Крыштаф, ты нёс больш, чым свет, ты нёс Творцу свету. Я — Валадар Езус Хрыстус». Гэтае дзіця дало яму новае імя — «той, хто нясе Хрыста».
Св. Крыштаф дапамагае пераадольваць перашкоды. У Сярэднявеччы яго абраз, які быў заўсёды надзвычай вялікіх памераў, малявалі каля ўваходу ў касцёлы альбо на сцяне ў ажыўленых частках горада. Верылі, што калі на яго паглядзець, то да вечару не згубіш сваёй жыццёвай сілы. Ёсць дзве вельмі важныя сітуацыі, калі гэтая вера і гэтая выява вельмі запатрабаваныя: па-першае, калі маеш страх страціць сілы ў штодзённай працы, па-другое — калі страшна пераадольваць перашкоды. Першы страх сёння ахоплівае многіх людзей. У іх такое ўражанне, што яны не адпавядаюць патрабаванням штодзённасці. Яны адчуваюць сябе спустошанымі, вычарпанымі, выгараўшымі. Св. Крыштаф нагадвае ім пра ўнутраную крыніцу, якая струменіцца ў іх саміх. Калі яны чэрпаюць з яе, яна не апусцее. Страх перад перашкодамі азначае не толькі страх увайсці ў новыя абставіны альбо пераадолець цяжкасці, калі мы накіроўваемся да людзей. Перашкоды, наадварот, з’яўляюцца важнымі жыццёвымі пераходамі [альбо падзеямі. — А.Ш.], як мяжа паміж дзяцінствам і юнацтвам, юнацтвам і дарослым жыццём, як крызіс сярэдняга ўзросту, пераход ад працы да пенсіі і, нарэшце, пераход ад жыцця да смерці. Кожны пераход звязаны са страхам, таму ўсе рэлігіі распрацавалі рытуалы пераходу, каб пераадолець страх перад новым. Св. Крыштаф — апякун такіх пераходаў. З яго гісторыі мы бачым, што пераход можа прыгнятаць. Мы думаем, што памром, бо не ў стане больш несці цяжар. Мы баімся штосьці рабіць, баімся загінуць у дарозе. У кожным пераходзе спантанна ўзнікаюць нязнаныя да гэтага часу сілы, якія пагражаюць нас затапіць, таму мы часта бачым у сне паводкі. Св. Крыштаф з’яўляецца абяцаннем таго, што мы справімся з гэтым пераходам, што мы не загінем. Ён паказвае нам, што ў выніку — гэта сам Хрыстус, якога мы нясём.
Многія трымаюць у сваіх машынах абразок св. Крыштафа. Калі яны едуць праз шчыльную плынь гарадскога руху ці па перапоўненых дарогах, яны заўсёды маюць перад вачыма св. Крыштафа. Сузіраючы яго выяву, яны давяраюць абяцанню шчасліва дасягнуць мэты свайго падарожжа. Знаходзячыся ў пробках, мы штодня чуем пра нешчаслівыя здарэнні, і ў гэтым выпадку кожны вадзіцель думае, што такое можа напаткаць і яго. Хто кіруе машынай, баючыся, той хутчэй трапляе ў няшчасныя здарэнні. Але небяспечным з’яўляецца і кіраванне нядбайнае, рызыкоўнае.
Мы не маем ніякіх гарантый таго, што нашае жыццё доўга застанецца без няшчасных здарэнняў, але хто разважае пра гісторыю св. Крыштафа, той ведае, што давер мацнейшы за страх.
Легенда пра св. Крыштафа — гэта гісторыя даверу, якая заклікае да ўважлівасці: будзь уважлівым на сваім шляху, не толькі знешнім, але таксама і ўнутраным. Так, ёсць небяспекі для пераадольвання. Звярні ўвагу на ўнутраныя папярэджванні, якія дае табе сэрца. Уважліва рабі кожны крок. І звярні ўвагу на тое, што Хрыстус ідзе з табою. Ён суправаджае цябе на ўсіх тваіх шляхах, нават на апошнім шляху, які прывядзе цябе праз парог смерці ў славу вечнага жыцця.
Пераклад з нямецкай мовы Алены Шымак.
Паводле: Anselm Grün. Fünfzig Helfer in der Not. Die Heiligen fürs Leben entdecken. — Freiburg, 2002.
Працяг будзе.