У разважанні над вызнаннем веры, а дакладней, над гэтай яго часткай: «Веру ў адзіны святы каталіцкі і апостальскі Касцёл...», мне дапамагалі тры маладыя чалавекі з віцебскага дамініканскага душпастырства моладзі: Саша, Саша і Віка. Мы выкарысталі метад, што абапіраецца на асацыяцыі, звязаныя з кожным са словаў, якімі апісаны наш Касцёл.
Першае слова — „адзіны”. Асацыяцыі з ім: цэлы, непадзельны, агульны, маналітны. Узгадалася яшчэ адно слова, якое вельмі нас здзівіла: апельсін. Часам здараецца, што самыя недарэчныя асацыяцыі аказваюцца найлепшымі. Давайце паглядзім на апельсін. Ён мае скурку, а ў сярэдзіне — асобныя часткі, долькі, а ў гэтых дольках ёсць яшчэ меншыя часцінкі, дзе знаходзіцца апельсінавы сок. Далікатныя часткі апельсіна ахоўвае скурка. Заўважце, што яна таксама дазваляе апельсіну заставацца адзіным цэлым. Скуркаю, якая ахоўвае Касцёл, і Тым, Хто прысутнічае ў кожнай яго частцы, з’яўляецца Езус. Прыналежнасць да Езуса вызначае межы Касцёла, а прысутнасць Хрыста ў кожнай частцы сведчыць пра яго тоеснасць. Апельсінавыя долькі — гэта парафіі. Калі разрэзаць апельсін, можна ўбачыць, што яны ўсе існуюць асобна. Аднак, калі адну дольку аддзяліць ад іншых і ачысціць ад ахоўнай скуркі, яна хутка высахне і стане нясмачнаю, проста змарнуецца. У кожнай дольцы ёсць маленькія часцінкі, таксама аддзеленыя адна ад адной далікатнаю скуркаю, і ў іх ёсць сок. Гэты сок надае апельсіну смак. І кожная такая часцінка — як парафіянін. Колькі кожны з нас будзе мець у сабе соку і смаку, такой і будзе парафія. Такі і будзе Касцёл. Калі мы страцім сок, Касцёл стане «нясмачны», як высахлы апельсін. У гэтай садавіне ёсць яшчэ адна частка: сама сярэдзінка, вакол якой сабраныя і з якою злучаныя ўсе долькі. У Касцёле — гэта Папа, вакол якога злучаныя ўсе дыяцэзіі, парафіі і вернікі.
Другое азначэнне Касцёла — „святы”. З гэтым словам у нас узніклі наступныя асацыяцыі: чысты, добры, светлы, церпячы, мудры, чалавечы, бескарыслівы, свабодны, сучасны. Некаторыя з гэтых асацыяцый трэба растлумачыць, іншыя варта пакінуць для асабістага разважання.
«Мудры». Гаворка ідзе не пра інтэлігентнасць, вучонасць, універсітэцкую адукацыю, выхаванне. Чалавек можа адвучыцца хоць на пяці факультэтах, валодаць васьмю мовамі і заставацца дурнем. Мудрасць, якую мы з моладдзю мелі на ўвазе, звязаная з пазнаннем мэты свайго жыцця, пошукамі паклікання і сродкаў для яго ажыццяўлення. Мэта Касцёла — збаўленне, а сродак атрымаць яго — Божая ласка. Касцёл сам па сабе ведае сваю мэту, а для ажыццяўлення паклікання ёсць усе неабходныя сродкі — і найперш, ласка, каб дайсці да мэты. Аднак гэта ўсё абстракцыя. Без людзей не было б Касцёла: «А святыні ў ім я не бачыў, бо святыня ягоная — гэта Пан Бог усемагутны і Баранак» (Ап 21, 22). Тут з’яўляемся мы — людзі. Наколькі мудрымі мы будзем — гэта значыць, людзьмі, якія слухаюць Хрыста, хочуць быць блізкімі да Яго з дапамогаю Бібліі, малітвы, сакрамэнтаў, любові да сябе саміх і да іншых людзей, — настолькі поўна мы будзем ажыццяўляць і паказваць святасць Касцёла.
Другое слова, якое варта патлумачыць, — «сучасны». Гаворка ідзе не пра тое, каб гнацца за модаю, а пра ўнутраны дынамізм, які не дазваляе Касцёлу стаяць на месцы. Павінна быць нешта, што не дазволіць Касцёлу стаць музейным будынкам, поўным прыгожых, але непрактычных рэчаў, якімі можна захапляцца, але нельга выкарыстоўваць у штодзённым жыцці. Сучаснасць Касцёла — гэта Дух Святы. Ён не дазваляе Касцёлу стаць зборам прыгожых, але даўно ўжо незразумелых традыцый, звычаяў, абрадаў, за якімі можна назіраць, але якія ніяк не стасуюцца з жыццём. Дух Святы дзейнічае ў часе і ў часе пастаянна паказвае новае аблічча Касцёла.
«Адкрыты». Касцёл запрашае да сябе не толькі людзей добрых, матэрыяльна забяспечаных, інтэлігентных, якія ніколі ў жыцці не спатыкаліся. Касцёл існуе таксама і для прастытутак, злодзеяў, бандытаў, фізічна і псіхічна хворых. А магчыма, асаблівым чынам для іх, бо так сказаў Хрыстус: «Кніжнікі з ліку фарысеяў, убачыўшы, што Ён есць з грэшнікамі і мытнікамі, казалі вучням Ягоным: „Чаму Ён есць з мытнікамі і грэшнікамі?” Пачуўшы гэта, Езус сказаў ім: „Не здаровым патрэбны лекар, а хворым; Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў”» (Мк 2, 16–17).
У наш віцебскі касцёл святой Барбары на літургію для моладзі прыйшоў мужчына, які адседзеў сем гадоў у вязніцы. Там ён перажыў навяртанне. Гэты мужчына кінуў піць, перастаў паліць. Ён прыйшоў на Імшу разам з дачкой. І ўсе, хто яго ведаў, цешыліся з яго і ягонай дачкі, якая сядзела на першай лаўцы, бо яны знайшлі ў Касцёле сваё месца. Я вельмі цешыўся, калі адзін з нашых парафіянаў даў яму працу і менавіта ад чалавека Касцёла
ён атрымаў шанец пачаць новае жыццё. У гэтым выяўляецца адкрытасць і давер Касцёла, які заўсёды дае шанец і ніколі не выкрэслівае людзей — ніводнага. Ён адкрыты, як Пан Бог.
Трэцяе азначэнне — „каталіцкі”. Гэта сінонім слова «паўсюдны». Касцёл не мае межаў ні ў часе, ні ў прасторы, ні паміж зямным і нябесным. Касцёл ахоплівае ўсе часы, усе мясціны і ўсю рэчаіснасць: зямлю, чысцец і неба. Часам мне здараецца ў падарожжах цэлебраваць Эўхарыстыю ў адзіноце, але я заўсёды прамаўляю «Пан з вамі» і астатнія формулы ў множным ліку, бо ніколі не малюся адзін: са мною побач анёлы, святыя, душы чыстцовыя. Гэта ім я чытаю словы Святога Пісання, ім перадаю знак супакою, іх благаслаўляю.
І ўрэшце — „апостальскі”, а значыць той, які абвяшчае Езуса. Калі часткаю Касцёла з’яўляюцца ўсе ахрышчаныя ў імя Айца і Сына, і Святога Духа, а Касцёл называецца апостальскім, значыць кожны без вынятку пакліканы абвяшчаць Хрыста. Не толькі святары. У Касцёле мы не застаемся спажывальнікамі. Гэта не гіпермаркет, не «Еўраопт» і не «Карона», куды мы прыходзім, каб узяць. Кожны ў Касцёле адказны за яго выгляд, за тое, будзе Касцёл пашырацца ці змяншацца. Калі я бачу, што ў пілігрымцы стала менш людзей, у касцёле стала менш людзей, трэба спытаць сябе, каму я апошнім разам расказваў пра Хрыста.
Апостальства свецкіх мае яшчэ адну вельмі важную рысу: вы адказваеце і за нашае жыццё, жыццё святароў. Калі вы бачыце, што нехта мае праблемы з алкаголем, гаворыць глупствы падчас казання, становіцца палітычным дзеячам замест таго, каб займацца справамі Хрыста, прыйдзіце і скажыце пра гэта. Мы таксама патрабуем, каб нам абвяшчалі Езуса, патрабуем навяртання. І ў гэтым таксама выяўляецца вашае апостальства і вашая адказнасць за Касцёл.
Падрыхтаваў
айцец Тамаш Міка ОР.