Заглыбімся ў Божае слова

Малітоўнае чытанне Бібліі (Lectio divina) – гэта малітва, якая бярэ свой пачатак з чытання Святога Пісання. Яна дапамагае верніку дасягнуць яднання з Хрыстом, а праз Яго і з Айцом Нябесным. У часе рэгулярнага практыкавання гэтай малітвы чалавек паступова пераходзіць ад прачытанага да ўсведамлення таго, што Пан Бог хоча сказаць менавіта яму. У ХІІ ст. картэзіянскі прыёр Гвіго (1140–1193) апісаў ступені гэтага метаду, у якіх ён бачыў практычны спосаб пазнання волі Бога. 

Гвіго называў чатыры этапы ўваходжання ў Lectio divina. Гэта — lectio (чытанне), meditatio (разважанні), oratio (малітва) і contemplatio (сузіранне). Малітва рухаецца ад прачытання сэнсу тэксту праз малітоўнае прыняцце да таго, што ўсведамленне прачытанага кіруе чалавечы розум да Бога ў працэсе сузірання.

Як практыкаваць Lectio divina?

Верніку трэба прыняць зручную позу, пры якой ён можа расслабіцца, аднак такую, што не наганяла б сон. Найлепш сесці ў крэсла, вы­прастаць спіну і расслабіць цела. Тыя, хто ўмее, могуць сесці ў позе лотаса альбо «па-карэйску»; гэта паспрыяе захаваць яснасць розуму пры расслабленым целе.

Варта звярнуць увагу на сваё дыханне. Для таго, каб увайсці ў малітоўны стан, пачніце спачатку сачыць за ўдыхам і выдыхам, суправа­джаючы іх кароткім актам веры альбо малітвай. Напры­клад, можна паўтараць словы «Пане, змілуйся», раздзяляючы іх на ўдых і выдых. Можна таксама ўзяць іншыя кароткія малітвы альбо акты, напрыклад: «Езус — мой Пан», «Езус — Збаўца», Прыдзі, Дух Святы» і інш.

Першы этап — ЧЫТАННЕ. Для малітвы можна вы­браць любы тэкст Святога Пісання, а таксама айцоў Касцёла. Не трэба браць вельмі доўгі тэкст. Прачытайце яго павольна, але так, нібы робіце гэта ўпершыню, удумвайцеся ў кожнае слова. Перачытайце яшчэ раз і таксама не спяшайцеся. У думках прагаворвайце словы, якія чытаеце. Працягвайце чытанне да таго часу, пакуль ваша ўвага не затрымаецца на нейкім слове альбо думцы з прачытанага. Прачытайце тое слова яшчэ раз і адарвіцеся ад тэксту.

Другі этап — МЕДЫТАЦЫЯ. У ёй мы імкнемся глыбей увайсці ў сэнс прачытанага, затрымліваемся на асобных словах, супрацоўнічаем з Божай ласкай. Мы нібы рас­твараем слова, каб яно ўвайшло ў нашу істоту, напаўняемся словам, уважліва ўслухоўваемся ў яго, у тое, як яно адгукаецца ў сэрцы.

Трэці этап — МАЛІТВА. У малітве мы адказваем Богу нашымі думкамі аб прачытаным і адкрываем сваё сэрца на Яго подых, настаўленне. Дзякуем Богу за дар Яго слова, за ласку, якую Ён дае нам праз яго. Абавязкова захоўваем нерухомасць, унутраную сцішанасць. Мы суцішваем сваё сэрца, каб у ім прамаўляў наш Бог і Пан. Чакаем Яго…

Апошні этап — СУЗІРАННЕ. Гэта адначасна і адпачынак у Богу, і чуйнасць на Яго натхненне. Мы апускаемся на глыбіню свайго сэрца, дзе Пан Бог прамаўляе да нас ціхім, нібы подых ветру, голасам, які перамяняе нас зну­тры. 

Так Божае слова з дня ў дзень перамяняе нас, калі толькі на гэта будзе наша добрая воля, настойлівасць, чуйнасць да Божага слова і Яго дзеяння. 

Lectio divina — гэта не набор правілаў, а апісанне натуральных працэсаў развіцця малітвы: ад шматслоўя да ўсё большага і большага слухання. Паступова Божае слова пачынае растварацца ў нас і ягоны сэнс усё ясней адкрываецца вачам нашага сэрца. Ад самога верніка залежыць, колькі часу ён будзе аддаваць кожнаму з этапаў. Пан Бог сам будзе весці яго, і паступова практыка выпрацуецца.

Такі метад можа прымяняцца і ў практыцы малітоўных групаў. Важна памятаць: гэтая практыка  значная тым, што ў ёй чалавек не толькі разважае над Божым словам, імкнецца зразумець яго, але найперш вучыцца ўстанаўліваць асабісты кантакт з Богам у цішы малітвы, калі сэрца прамаўляе да сэрца. У часе гэтай малітвы вельмі важны сам працэс: прабыванне з Богам, адпачынак у Ім і згода чалавека на тое, каб Бог дзейнічаў у ягоным жыцці.

Падрыхтавала 

Ірына Жарнасек.

Паводле сайта terramarianna.org

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней