Працяг. Пачатак у № 1-2 за 2012 г.
Рэлігійныя практыкі
Добрая інтэнцыя
Звычайна ў гэтым свеце людзі ацэньваюць працу паводле бачных намаганняў і вынікаў. Але інакш судзіць Пан Бог — Ён судзіць паводле чысціні інтэнцыі, з якой мы працуем. Можа стацца, што хтосьці напружана працуе і вынікі яго працы заўважныя; ён задаволены гэтым, але інтэнцыя — не вельмі чыстая. Нягледзячы на гэтыя высілкі, Беззаганная не будзе задаволеная такою працаю. Іншы таксама прагне зрабіць як мага лепш, але яму не хапае для гэтага здольнасцяў. Магчыма, ён засмучаецца, але Беззаганная радуецца і задаволеная, бо ён мае чыстую інтэнцыю. Можа таксама здарыцца так, што хтосьці вельмі добра выконвае свае абавязкі, але прыпісвае гэта не сабе, а толькі ласцы Божай. Такі чалавек сапраўды мае добрую інтэнцыю, і Беззаганная таксама задаволеная ім.
Беззаганная глядзіць на сэрцы, на волю. Таму, калі ў кагосьці пры найвялікшым жаданні высілкі не прыводзяць да ўдалых вынікаў, няма чаго непакоіцца, бо Беззаганная задаволеная ім (Konf. OMK, 55).
Уся вартасць кожнай справы — вялікай ці малой, ганаровай ці не вельмі ганаровай і адказнай, залежыць толькі ад інтэнцыі. Не адзін з вас, магчыма, думае, як бы ён зрабіў тую ці іншую справу, калі б Бог не перакрэсліваў яго планы. Гэта людзі малыя, прыземленыя, яны кіруюцца не воляю Бога, а сваёй воляю («Wiadomoœci z Prowincji OO. Franciszkanów w Polsce», 1933, nr 9, s. 97).
Працуючы, трэба часта абуджаць у сабе кароткія малітоўныя заклікі, каб не страціць духу малітвы. Душа, у якой няма духу малітвы, можа быць перакананая, што робіць шмат, аднак гэта нібы карабель, які хутка плыве, але скіроўваецца на скалу, аб якую разаб’ецца (Konf. OMK, 86).
Духоўнае чытанне
Для таго, каб праца, якую мы выконваем, не была занадта паглынальнай і шаблоннай, штодзённае чытанне пра Маці Божую нават на працягу некалькіх хвілін дасць нам вельмі шмат практычных парадаў наконт таго, як мы павінны дзейнічаць. Шмат практычных парадаў для кожнага змяшчаюць кнігі «Таямніца Марыі», «На вяршыню», «Мая Маці» — іх трэба чытаць не дзеля таго, каб шмат даведацца з цікаўнасці; лепш прачытаць мала, але добра; тое, што мы прачыталі, трэба рэалізаваць у жыцці. Думкі ў іх такія прыгожыя, яны так шмат, нават вельмі шмат, выклікаюць рэфлексій! Гэта стварае надзіва прыемны супакой і скіроўвае розум да часцейшага аднаўлення добрай інтэнцыі, звернутай да Беззаганнай. Дастаткова хаця б пяць хвілін у дзень прысвяціць гэтаму чытанню, але рабіць гэта рашуча і ніводнага дня не прапускаць яго — і гэта будзе сапраўдная гарантыя дасягнення дасканаласці (Konf. OMK, 179).
Калі прыступаеш да чытання пра Беззаганную, не забывайся, што ў гэтыя хвіліны ты ўваходзіш у кантакт з жывою істотаю, чыстаю і без ніводнае заганы, з Тою, якая любіць цябе.
Памятай таксама, што словы, якія ты чытаеш, не могуць выказаць, кім Яна з’яўляецца, бо гэта словы чалавечай мовы, пачэрпнутыя з зямных паняццяў, словы, якія ўсё выяўляюць на чалавечы лад, у той час як Беззаганная — цалкам Божая істота, таму Яна амаль бясконца вышэйшая за ўсё тое, што цябе атачае. Яна сама будзе аб’яўляцца табе ў прачытаных фразах і выклікаць думкі, перакананні, пачуцці, да якіх нават сам аўтар не мог дадумацца.
Урэшце, памятай, што чым чысцейшае ў цябе будзе сумленне, чым часцей ты будзеш абмываць яго пакаяннем, тым больш набліжанымі да праўды будуць твае ўяўленні пра Яе.
Прызнай таксама са шчырасцю, што ты сам без Яе дапамогі не здолееш нічога зрабіць у справе Яе пазнання і, як след, ва ўзмацненні любові да Яе; што менавіта Яна сама дзеля гэтага павінна ўсё больш асвячаць цябе і прывабліваць тваё сэрца любоўю да Яе. Таму таксама памятай, што ўвесь плён чытання залежыць ад малітвы да Яе.
Такім чынам, не распачынай чытання, перш чым не памолішся да Яе, не старайся шмат прачытаць, лепей падчас чытання часцей узнось сваё сэрца да Яе, асабліва калі ў тваім сэрцы будуць абуджацца розныя пачуцці. Калі ж скончыш чытанне, даручы, каб Яна ўзрошчвала з гэтага ўсё прыгажэйшы плён (VII, 1171).
Пераклад з польскай мовы Ганны Серэхан.
Паводле: M.M. Kolbe
«Oddanie siê Niepokalanej». — Niepokalanów, 2002 r.
Працяг будзе.