Уплыў даручэння сябе Беззаганнай на жыццё душы
Развіваць цнотыВыкананне абавязкаў
Не забывай, што святасць — не ў надзвычайных учынках, а ў добрым выкананні сваіх абавязкаў у адносінах да Бога, да самога сябе і да іншых людзей.
Ніякі, нават найсвяцейшы стан не забяспечыць табе асвячэння душы, калі ты будзеш занядбоўваць абавязкі, якія вынікаюць з гэтага стану.
У гэтых абавязках, несумненна, ёсць воля Беззаганнай, знайдзі гэтую волю, яе выкананне сведчыць пра тваю любоў да Маці Божай, а ў Ёй і праз Яе — да Езуса і Айца.
Нават малітва, пакаянне і ўчынкі, якія, зрэшты, самі па сабе могуць быць добрыя, не будуць мілыя Ёй, калі яны перашкаджаюць табе добра выконваць свае абавязкі, бо Яе воля — менавіта ў іх (VII, 1200).
Выкананне абавязкаў, выкананне Божай волі ў кожную хвіліну жыцця, і менавіта дасканалае іх выкананне ва ўчынках, у словах, у думках, патрабуе адрачыся ад многага з таго, што нам можа здавацца ў дадзеную хвіліну больш прыемным; і вось у гэтым — найбагацейшая крыніца пакаяння (VII, 1220).
Людзі кажуць: час — гэта грошы. Хрысціяне кажуць, што час мае такую ж вартасць, як Найсвяцейшая Кроў Пана Езуса, бо ў часе было здзейснена адкупленне, у часе мы можам дасягнуць звышнатуральнага ўзрастання.
Кожны можа дазволіць Беззаганнай весці сябе і выкарыстаць гэтыя хвіліны найлепшым чынам. Калі душа пачынае клапаціцца пра цяперашнюю хвіліну, яна пачынае адкрываць новыя светы, скарбы думкі, недасканаласць... Нават хуткасць выканання нашых абавязкаў павялічваецца. А самае важнае — гэта тое, што душа пачынае ачышчацца, бо стараецца не адарвацца ад рукі Беззаганнай. Вы на практыцы ўбачыце, колькі гэта дае для душы, калі пра гэта памятаць. Калі мы пойдзем гэтым шляхам, хвіліны будуць выкарыстаныя найлепшым чынам. Дакладней, так, як Беззаганная выкарыстала б іх праз нас. Давайце аддамося Ёй, каб лепш выкарыстаць гэтыя хвіліны, каб Яна думала і дзейнічала за нас...
Цяперашняя хвіліна залежыць не ад таго, што мы робім, а ад таго, як мы гэта робім: з любові да Бога ці з любові да сябе? (Konf. OMK, 209)
Сутнасць даручэння сябе Беззаганнай не ў тым, каб увесь час памятаць пра Яе, а ў самім жаданні даручыць сябе Ёй. Таму душа, якая цалкам занята добрым выкананнем свайго абавязку, не перастае быць уласнасцю Беззаганнай, і думкі, словы, учынкі душы не перастаюць належаць Беззаганнай, хоць сама душа не думае пра гэта (VII, 1139).
Давайце даверымся Беззаганнай, каб мы былі найлепшымі рыцарамі ў заваёўванні саміх сябе для Яе і ў поўным падпарадкаванні сябе Яе волі, каб мы як мага лепш выконвалі свае абавязкі і розныя іншыя справы. Задумаемся над тым, як мы рабілі гэта да сённяшняга дня (Konf. OMK, 209).
Цярплівасць
Мы павінны мець шмат цярплівасці і даверу да Яе, а ў цяжкасцях і пакутах шмат маліцца. Або заклікаць Яе найдаражэйшае імя «Марыя», чытаць «Вітай, Марыя», а ў самых складаных і важных выпадках нават цэлая частка Ружанца не пашкодзіць. Так кожная цяжкасць або цярпенне ператворыцца ў крыніцу заслугаў (II, 449).
Не трэба турбавацца, калі вас напаткаюць перашкоды, трэба ўсё без абмежаванняў даручыць Беззаганнай, спакойна зрабіць тое, што можна, і даверыцца Ёй, усё поўнасцю даверыць Ёй. Я ведаю, што перашкодаў і «крыжыкаў» будзе хапаць — можа, нават вельмі цяжкіх, але Яна ўсё можа. Пішу гэта, зыходзячы хаця б з уласнага ранейшага вопыту. «Крыжыкі» вас толькі навучаць, дададуць заслугаў або прыгнятуць, але разам з тым узвысяць духоўна і навучаць не давяраць сваім слабым сілам, а ўсё даручаць Беззаганнай, таму Пан Бог спасылае нам іх у сваёй міласэрнасці.
Навошта я ўсё гэта пішу?
Бо сам на сабе спазнаў, як часам бывала цяжка, вельмі цяжка (II, 380).
Вернасць ласцы Беззаганнай
Беззаганная сыходзіць на зямлю, як добрая Маці да сваіх дзяцей, каб дапамагчы ім у збаўленні душы. Яна прагне навяртання і асвячэння ўсіх душаў, без ніводнага выключэння. Марыя пабуджае дзяцей, якія любяць Яе, да супрацоўніцтва з сабою ва ўмовах звычайнага штодзённага жыцця. Адданыя Ёй душы самі жывуць Ёю, часта думаюць пра Яе, шчыра любяць Яе і стараюцца распазнаваць
Яе просьбы — ці гэта сказана Яе ўласнымі вуснамі, ці пададзена ў ціхіх унутраных натхненнях, і распаўсюджваюць гэтую Яе волю, прыцягваючы ўсё новыя і новыя душы да больш глыбокага пазнання Яе і больш шчырай любові да Яе. А ў Ёй і праз Яе — да ўсё больш палымянай любові Хрыстовага Сэрца (VII, 1189).
Ці сапраўды, ці сур’ёзна нашае жыццё скіроўваецца да святасці? Тут недастаткова павярхоўнай працы. Усе нашыя прагненні і пачынанні павінны імкнуцца да гэтай мэты — да большай, глыбейшай святасці, дасягнутай праз Беззаганную. Нават калі мы не адпавядаем хаця б маленькім ласкам, ужо тады гэтае развіццё стрымліваецца, што прыводзіць да вялікай страты. Пан Езус выразна казаў, каб мы не кідалі пярлінаў перад свіннямі, бо яны, хутчэй за ўсё, патопчуць іх. Гэтыя маленькія ласкі — таксама хоць і дробныя, але пярліны. Душа, якая шчыра імкнецца да вялікай святасці, павінна ацаніць іх. Хіба Пан Езус можа благаславіць душу, якая топча Яго каштоўныя дары?
Давайце ж будзем старацца выкарыстоўваць гэтыя хоць і дробныя, але пярліны. Беззаганная сама зробіць гэта ў нашых душах, калі мы шчыра будзем Яе аб гэтым прасіць (Konf. OMK, 14).
Будзем старацца ва ўсіх справах паводзіць сябе так, быццам гэта сама Беззаганная робіць тое, што мы робім (Konf. OMK, 16).
Мы павінны чуваць, калі хочам, каб нашы сэрцы былі чыстыя, і чуваць пастаянна, але спакойна, каб гэтае чуванне выявіла рухі нашых сэрцаў. Могуць быць добрыя і дрэнныя рухі, унутраныя і знешнія — іх трэба адрозніваць.
Звычайна Божае натхненне — гэта ціхая, ненавязлівая ласка. Напрыклад, Маці Божая пыталася ў Бэрнадэты, ці не будзе ёй занадта цяжка перасоўвацца на каленях, есці траву. Яна хоча, каб душа служыла з любові, а не са страху. Калі сэрца заглушанае — ласка пакідае яго.
Часам натхненні бываюць вельмі канкрэтныя. Як пісьменнік кіруе пяром, так ласка Божая — душою, але тою, якая адчувае сябе гаспадыняю ў сваім доме.
Давайце клапаціцца пра больш глыбокую ўнутраную засяроджанасць (Konf. OMK, 315).
Няхай нашыя стасункі з Беззаганнаю будуць такія, як у дзіцяці з Маці, — гэтага будзе дастаткова, гэта будзе найлепшае, самае дасканалае набажэнства да Яе (Przemówienia ojca Maksymiliana Marii Kolbego, Niepokalanów 1954, maszynopis, s. 48).
Пераклад з польскай мовы Ганны Серэхан.
Паводле: M.M. Kolbe «Oddanie się Niepokalanej». — Niepokalanów, 2002.