Хэлоўін — за і супраць

Кожны год, напярэдадні ўрачыстасці Усіх Святых 1 лістапада і Дня Задушнага 2 лістапада, мы ўзгадваем яшчэ адну дату — Хэлоўін. І хоць першыя дзве даты супрацьстаяць трэцяй, як хрысціянскія паганскай, між тым, так склалася гістарычна, яны вымушаны суіснаваць. Раней гэтыя святы тычыліся толькі Амерыкі і Заходняй Еўропы, але з пашырэннем масавай культуры прыйшлі і да нас. Пра Хэлоўін добра ведаюць беларускія дзеці і моладзь, асабліва ён падабаецца падлеткам,студэнтам і тым, хто не так даўно быў студэнтам.

Нас жа цікавіць, што думае менавіта хрысціянская моладзь. Адмоўнае яе стаўленне да Хэлоўіна ці прыязнае? Згаджаецца ці не згаджаецца хрысціянін паўдзельнічаць у Хэлоўіне і як яго назваць: вясёлы карнавал ці містычна-паганская імпрэза? І ўвогуле, ці можна лічыць яго паганскім?

Пасля размовы з многімі маладымі людзьмі мы здолелі вылучыць некалькі неадназначных меркаванняў на гэты конт.

Вось што атрымалася.

Для першай групы характэрны адказ: «…ніколі не святкавалі, не наша гэта, не маё…»

Для другой групы: «…сярод штодзённай мітусні мы не супраць дазволіць сабе такое, штосьці новае, яркае, няхай крыху і страшнае, для нас гэта ніяк не звязваецца з рэлігіяй…»

Для наступнай, трэцяй, адказ гучыць так: «Усе святы, якія прыходзяць з-за мяжы, прыносяць новы досвед, веды, пазнанне народных культураў, бо каб зрабіць выбар, трэба ведаць, з чаго выбіраць і ці выбіраць увогуле».

Для чацвёртай групы адказ такі: «Ніколі не згадзіліся б на такую авантуру, бо лічым гэта за вычварэнства ў вігілію свята Усіх Святых».

Таксама было меркаванне, што «ў нас, як у беларускага народа, і сярод святаў Касцёла існуе столькі прыгожых і велічных традыцый, што ўзнаўляць і пашыраць найперш  трэба менавіта сваё».

Кожны мае права сказаць слова на гэты конт, можа быць «за» і «супраць», нас жа цікавіць — як не памыліцца, як добра вызначыцца згодна з вучэннем Касцёла?

У мінулым годзе Ватыканскае выданне «L’Osservatore Romano» напярэдадні свята апублікавала артыкул пад назвай «Небяспечныя пасланні Хэлоўіна». Аўтары артыкула называюць Хэлоўін акультным і антыхрысціянскім святам (паводле матэрыялаў catholic.by).

Вартая ўвагі наступная цытата: «Святкаванне Хэлоўіна з характэрным для яго прыпадабненнем да злых духаў цалкам супярэчыць хрысціянскай традыцыі. Нават тады, калі святкаванне зводзіцца толькі да гульні, такая гульня не адпавядае высокаму званню хрысціяніна. Неаязычніцкаму святкаванню Касцёл супрацьпастаўляе дзень Усіх Святых, падараваны вернікам Богам. Менавіта гэтая ўрачыстасць, у адрозненне ад язычніцкага свята, якое стала модным у наш час, сапраўды спрыяе нашаму выратаванню» (паводле catholic.by).

Варта яшчэ раз прагледзець артыкул святара Андрэя Рылкі на тэму Хэлоўіна, змешчаны на сайце ў 2008 годзе, дзе сцвярджаецца небяспечнасць Хэлоўіна і неадпаведнасць яго хрысціянскаму вучэнню, якое не прымае «баналізацыі зла, злых духаў і смерці». Такім чынам, мы з вамі разгледзелі пазіцыю Касцёла і можам супаставіць усё гэта з нашымі разважаннямі.

Выбар застаецца за кожным асабіста, але хрысціянін павінен памятаць пра абавязак быць у сваім жыцці сведкам хрысціянскай годнасці і святасці.

Поспехаў і шчаслівых лістападаўскіх дзён.


Падрыхтавалі Аксана Ючкавіч
і Юлія Шэдзько.



З гісторыі Хэлоўіна

Хэлоўін бярэ пачатак у старажытным кельцкім святкаванні Самайну. Кельты, якія каля 2000 гадоў таму жылі на тэрыторыі сучасных Ірландыі, Вялікабрытаніі і паўночнай Францыі, 1 лістапада адзначалі пачатак новага года. Лічылася, што ў гэты дзень заканчваецца лета і час збору ўраджаю, і пачынаецца цёмная халодная зіма, якая асацыявалася са смерцю. Кельты верылі, што ў ноч перад новым годам размываюцца межы паміж светам жывых і светам памерлых і апошнія наведваюць зямлю. Самайн быў напрамую звязаны з паганскай рэлігіяй кельтаў-друідаў — у гэты дзень яны распальвалі рытуальныя вогнішчы, прыносілі раслінныя і жывёльныя ахвяры бажкам і рабілі прадказанні на наступны год. Падчас святкавання кельты пераапраналіся ў касцюмы, выкарыстоўваючы галовы і шкуры жывёлаў.

Да 43 года пасля Нараджэння Хрыста рымляне паспелі заваяваць большасць кельцкіх тэрыторый, і святкаванне Самайна злучылася з рымскімі святамі Фераліі (калі ўзгадвалі памерлых) і Памоны (рымскай багіні дрэваў і пладоў).

Каля 800 года ўплыў хрысціянства распаўсюдзіўся на кельцкія землі. У VII стагоддзі папа Баніфацый IV вызначыў дзень 1 лістапада днём Усіх Святых, каб ушанаваць святых і пакутнікаў. Цяпер шырока пануе меркаванне, што Папа выбраў менавіта гэты дзень, каб скасаваць паганскае кельцкае свята памерлых з дапамогаю падобнага па азначэнні, але хрысціянскага свята. На старажытнай англійскай мове «дзень Усіх Святых» гучала як «Alholowmesse», а вечар напярэдадні, адпаведна «All-hallows Eve», што з цягам часу трансфармавалася ў «Halloween» — Хэлоўін, які стаў народным святам на былых кельцкіх тэрыторыях.

Разам з еўрапейскімі эмігрантамі традыцыя святкавання Хэлоўіна трапіла ў Амерыку, прыжыўшыся ў тых штатах, дзе хрысціянскія нормы паводзінаў былі больш свабодныя, а менавіта на поўдні, і змяшаўшыся там з павер’ямі мясцовых індзейскіх плямёнаў.

Шырокае распаўсюджанне Хэлоўін стаў атрымліваць толькі ў 2-й палове XIX стагоддзя, калі тэхнічная рэвалюцыя пачала сціраць межы паміж краінамі і кантынентамі. Лішне казаць, што да гэтага часу Хэлоўін ужо стаў секулярным святам, народнай традыцыяй, дапамогай у захаванні нацыянальнай самаідэнтыфікацыі спачатку ірландскім эмігрантам у Амерыцы, а затым і амерыканцам. Дарэчы, нельга сказаць, каб сёння ў Еўропе была пашыраная традыцыя гэтага святкавання, нягледзячы на ўзрастанне праблемы глабалізму.

Цяпер Хэлоўін — перш за ўсё камерцыйнае свята. У Злучаных Штатах жыхары штогод выдаткуюць прыкладна 6,9 мільярдаў даляраў на яго правядзенне.

Робяцца спробы папулярызаваць Хэлоўін на постсавецкіх тэрыторыях, таксама ў асноўным з камерцыйнаю мэтаю, хаця, не выключана, што гэтым могуць скарыстацца дэструктыўныя супольнасці і секты. Занепакойвае тое, што Хэлоўін перш за ўсё арыентаваны на дзяцей і моладзь — узроставыя катэгорыі, якія найбольш паддаюцца ўплыву і маюць несфармаваную і няўстойлівую псіхіку.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней