Сёння ўсынаўленне дзіцяці стала амаль што ўнікальнаю з’яваю. Дзяцей бяруць у апеку, афармляюць у прыёмную сям’ю, а вось усынаўляюць толькі адзінкі. Сярод такіх «адзінак» — сям’я Арцішэўскіх з Мінска. А згоду на гэты матэрыял яны далі толькі з той надзеяй, што іх прыклад дапаможа хоць некаму пераадолець страх перад усынаўленнем.
Сяргей і Таццяна ажаніліся 8 гадоў таму. Яму было 44 гады, ёй 28. У абоіх за плячыма няпростае жыццё, у якім доўгі час не было месца для Бога. Сяргей Фёдаравіч быў жанаты, але сям’ю захаваць не ўдалося. Амаль 20 гадоў жыў адзін, мае дарослага сына. Таццяна Іванаўна вымушана была з’ехаць з дома яшчэ ў юнацтве, бо яе бацькі злоўжывалі алкаголем. Давялося шмат перажыць, падзенняў у тым ліку. Але міласэрны Бог прыйшоў на дапамогу і прывёў яе ў касцёл. Пра навяртанне абоіх можна напісаць цэлую аповесць. Коратка скажам, што сёння гэта глыбока веруючыя людзі.
Упершыню Таццяна ўбачыла Сяргея ў мінскім Чырвоным касцёле. Памятае, што ёкнула тады сэрца і яна падумала: вось той, з кім хацелася б звязаць свой лёс. І, як ні дзіўна, лёс пачаў іх зводзіць. Разам апынуліся ў суполцы «Каштоўная пярліна». Пасябравалі, закахаліся, ажаніліся. Шлюб бралі ў мінскай архікатэдры. Вельмі хацелі і чакалі дзяцей, але іх не было. Пражыўшы два гады, вырашылі ўзяць дзіцятка з Дому немаўляці. Там ім прапанавалі альбом з фотаздымкамі ўсіх дзяцей. Як толькі ўбачылі Андрэйку, сэрцы абоім падказалі, што гэта іх сынок. Сяргею хлопчык нагадваў роднага брата ў дзяцінстве. Пачалі рыхтаваць дакументы на ўсынаўленне. Іх доўга ўгаворвалі ўзяць апеку альбо аформіць «Прыёмную сям’ю», дзе бацькі лічацца выхавацелямі і атрымліваюць зарплату. Аднак Арцішэўскія адназначна вырашылі ўсынаўляць хлопчыка, каб гэта было іх дзіця з прозвішчам Арцішэўскі, з імем па бацьку — Сяргеевіч.
Прайшоўшы ўсе медкамісіі і паглыбленае тэсціраванне, ажно 400 пытанняў, яны хутка аформілі ўсынаўленне. Калі хадзілі ў Дом немаўляці да свайго першынца, у душу запалі яшчэ чацвёра дзетак — два хлопчыкі і дзве дзяўчынкі. Аднак узяць іх на той час не было магчымасці — даводзілася даглядаць Таццяніну маці, якая 7 гадоў ляжала спаралізаваная. Неўзабаве маці памерла, і яны з мужам паехалі ў Дом немаўляці, каб усынавіць гэтых чацвярых дзяцей. Такога ў практыцы службаў па ўсынаўленні яшчэ не было, таму ім дазволілі ўзяць спачатку дваіх дзяцей, а праз паўгода яшчэ дваіх. Усе дзеці — Андрэй, Георгій, Надзя, Ганна, Фёдар — амаль аднолькавага ўзросту: ім ад 6-ці з паловай да 4-х гадоў. І вось зусім нядаўна Арцішэўскія ў чарговы раз многіх здзівілі, а некаторых знаёмых нават шакіравалі, усынавіўшы яшчэ дваіх маленькіх дзетак — гадавалую Марыйку і двухгадовага Антосіка.
У нашай размове Таццяна сказала: «Не ведаю, як гэта растлумачыць, але, калі мы бывалі з дзецьмі на вуліцы і я іх потым лічыла: 1, 2, 3, 4, 5, у мяне было адчуванне, што некага не хапае».
Шматдзетная сям’я Арцішэўскіх, вядома ж, кідаецца ў вочы, дзе б яны ні з’явіліся. Часцей за ўсё чуюць пытанне: « І не цяжка вам?»
— З дзецьмі нам не цяжка, — гаворыць Сяргей, — цяжка з тымі, хто часам нас акружае. Куды б ні прыйшлі, адчуваем павышаную ўвагу да сябе, нават у касцёле. Многія лічаць, што дзяцей мы ўзялі з нейкіх карысных меркаванняў. Нам нават дачу давялося прадаць, бо суседка не давала жыцця, арганізаваўшы цэлае «даследаванне»: адкуль у нас машына, адкуль кватэра і навошта нам столькі дзяцей. На жаль, нашае грамадства не прывыкла да шматдзетных сем’яў, тым больш да такіх, як наша. І вельмі часта людзі ставяцца да іншых, мяркуючы па сабе.
Таццяна прыгадала іншы выпадак. У адным з касцёлаў Мінска старэйшыя жанчыны неяк пачалі на іх шыпець: «Куды лезеце на першыя лаўкі, дзеці будуць усім перашкаджаць!» Таццяна спакойна запытала: «А дзе вашыя дзеці»? Якраз у той дзень святую Імшу цэлебраваў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і падчас гаміліі з яго вуснаў прагучала гэтае ж пытанне: «Дзе вашыя дзеці?» Таццяна амаль расплакалася, успрыняўшы гэта як знак з неба.
Не трэба быць вялікім псіхолагам, каб зразумець, што ніякай карысці Таццяна і Сяргей не шукаюць ад усынаўлення дзяцей. Гэтымі людзьмі кіруе сапраўдная шчырая любоў да дзяцей, а таксама вялікая вера і бязмежны давер да Пана Бога. Ніякія фінансавыя цяжкасці, ніякія крызісы іх не палохаюць, бо Усемагутны Айцец заўсёды побач і Ён ведае, у чым яны маюць патрэбу. Галоўнае, — лічаць бацькі, — перадаць дзецям сваё духоўнае багацце, а з Богам у жыцці яны не прападуць. Не палохаюць іх таксама і гены гэтых дзяцей (асноўны страх многіх прыёмных бацькоў). Усе гены, — гаворыць Сяргей, — Езус Хрыстус перамог на крыжы і, калі мы ідзём за Хрыстом, Ён ацаляе нашыя душы, перамагае ўсё зло. «Не генаў трэба баяцца, а таго, каб не згубіць веру ў Хрыста», — дадае Таццяна.
Сёлета на фэсце ў Будславе мне давялося быць побач з гэтай сям’ёй. У чарговы раз упэўнілася: вось яно — жывое сведчанне веры! Амаль усе, хто знаходзіўся блізка, падыходзілі, нешта пыталіся, раіліся, дзякавалі адважным бацькам. Падышоў таксама пілігрым з Санкт-Пецярбурга і сказаў, што яны з жонкай мараць узяць у апеку дзяцей-сіротаў, але ніяк не адважацца, таму гэтае знаёмства для іх мае вялікае значэнне.
Пакуль бацькі былі занятыя размовамі, дзеці гулялі ў Свята Божага Нараджэння.
Я падаравала ім лялечку (фігурку10-тыднёвага ненароджанага дзіцяці). Адразу ж хтосьці з іх сказаў, што гэта маленькі Езус. У імгненне вока яны нарвалі травы, паклалі яе ў пакецік з-пад ружанца, а наверх усклалі «малога Езуса». Адаруючы, цалавалі Яму ножкі і прапаноўвалі гэта зрабіць усім, хто быў побач.
Па словах бацькоў, дзеці часта гуляюць у святую Імшу, а таксама ў пілігрымку. Пасля прагляду фільма «Пакуты Хрыста» яны пачалі гуляць у гэты фільм. Хтосьці з хлопчыкаў іграе ролю Хрыста, а Надзя з Анютаю сядзяць каля Яго ног і плачуць.
Што тычыцца выхаванасці дзяцей, прывяду толькі адзін прыклад. Там жа ў Будславе нейкі хлопчык, што быў па суседстве, кінуў паперку ад цукеркі на траву. Андрэй тут жа ціхенька падняў паперку і паклаў у пакецік для смецця.
— Усынаўленне дзіцяці — гэта такі ж сакрамэнт, як і нараджэнне, — гаворыць Сяргей, — і да яго трэба ставіцца вельмі сур’ёзна. Мы на кожнае дзіця, перад тым як усынавіць, бралі благаслаўленне святара і нават біскупа Антонія Дзям’янкі. Кожнае дзіця ахрысцілі. Лічу, што без Бога гэтую справу немагчыма асіліць.
Па прафесіі Сяргей музыкант. Цяпер працуе ў асабістым унітарным прадпрыемстве па арганізацыі музычных фестываляў. Таксама займаецца настройкай музычных інструментаў. Таццяна працавала ў гандлі, аднак адчувае, што па прызванні яна проста шматдзетная маці і добрая жонка. Бязмерна ўдзячная Пану Богу за тое, што даў ёй магчымасць і патрэбныя ласкі для выканання свайго галоўнага паклікання. Пра свайго мужа з любоўю гаворыць: «Гэта ўнікальны чалавек, мала хто з мужчынаў адважыўся б на такі крок». Сяргей Фёдаравіч гаворыць амаль тое самае пра сваю жонку.
Няхай жа Божая ласка і надалей атуляе гэтую ўнікальную сям’ю, а іх прыклад дадасць адвагі ўсім тым, хто адчувае патрэбу дапамагаць сіротам.
Галіна Калевіч.
Фота з архіва сям’і Арцішэўскіх.