Школа малітвы

За тых, што жылі даўно і нядаўна... 

2 лістапада ў Дзень Задушны на нашых могілках бывае шматлюдна. У некаторых парафіях у лістападзе на могілках адбываецца святая Імша за памерлых. Там, дзе такой традыцыі няма, усё адно больш, чым звычайна, бывае людзей на кладах. Часта святары, заахвочваючы людзей навесці парадак на могілках, просяць, каб вернікі не пакідалі без увагі і суседнія магілы, тыя, за якімі ніхто не даглядае...

А ці молімся мы за тых людзей, за каго ўжо няма каму маліцца? Зрэшты, ці молімся мы за сваіх продкаў у далёкіх пакаленнях, за тых людзей з нашага роду, чые імёны паглынуў няўмольны час?

Часта мы не ведаем ні добрых, ні кепскіх справаў сваіх далёкіх продкаў, не ведаем нават, былі яны вернікамі альбо не, але ж гэта не азначае, што мы не нясем адказнасць і за іх лёс у вечнасці. Гэтак жа, як і наша жыццё, ягоныя поспехі і няўдачы, наша здароўе альбо хваробы часта залежаць ад таго, як жылі на зямлі, у што верылі, каму пакланяліся нашы продкі.

За грахі бацькоў расплачваюцца іх дзеці — так вучыць Біблія.

Продкі нашы грашылі, іх ужо няма, а мы нясем пакаранне за беззаконні іх (пар. Плач Ерам 5, 7). Бацькі елі недаспелы вінаград, а на зубах дзяцей аскома (Кніга прарока Эзэхіэля 18, 2).

Гэтак жа, як за грахі бацькоў мы нясем пакаранне, так і за іх праведнае жыццё атрым­ліваем благаслаўленне. 

Шчаслівы чалавек, які баіцца Пана
і вельмі любіць Ягоныя запаведзі.
Моцным будзе ягонае патомства на зямлі; 
пакаленне праведных 
будзе благаслаўлёным (Пс 112, 1–2).

Айцец Роберт дэ Грандыс у сваёй кнізе «Ацаленне роду» ўсклікае: «Я малюся, каб Бог паслаў нам пачуццё адказнасці за свае сем’і». А як можа праяўляцца гэтая адказнасць? У малітве! Бог абяцаў, што цэлы горад Садом будзе выратаваны, калі там знойдзецца хоць бы 10 праведнікаў (пар. Быц 18, 32). Гэтаксама і Ной стаў прыладаю паратунку для сваёй сям’і (пар. Быц 7, 1).

Малітвы ж могуць быць самыя розныя. Найбольш вядомы Анёл Панскі за памерлых, шматлікія вяночкі, Ружанец у інтэнцыі памерлых за ўсіх продкаў, малітва сваімі словамі альбо ахвяраванне Богу сваіх цярпенняў за душы, што пакутуюць у чыстцы.

Абавязак хрысціяніна — маліцца за добрых і злых, за праведнікаў і грэшнікаў, за тых, што рабілі нам пры жыцці дабро, і за тых, з кім мы перажывалі нейкія непаразуменні. Наша ма­літва павінна ахопліваць продкаў: знакамітых і тых, чые імёны і справы вядомыя толькі Богу, за тых, што спачываюць на бліжэйшых могілках, і за тых, на чыіх магілах мы ніколі не былі, бо не ведаем, дзе яны.

...На гарадскіх старадаўніх могілках у Рыме ёсць добрая традыцыя: да высознай фігуры Хрыста Уваскрослага прыходзяць у лістапа­дзе людзі з розных краінаў і народаў, якія жывуць у Рыме. Магілы іхніх сваякоў і сяброў дзесьці далёка, і таму яны прыходзяць да Хрыста Уваскрослага, давяраючы Яго міласэрнасці душы памерлых сваіх продкаў. Колькі тут прамоўлена просьбаў, «Вечны адпачынак дай ім, Пане...», ведае толькі Той, Хто прыняў гэтыя малітвы...

Падрыхтавала Ірына Жарнасек.

Фота аўтара.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней