Каталіцкі байнэт: надзея не памірае ніколі

 

Інтэрнэт не мае геаграфічных межаў, але яго можна ўмоўна па­дзяліць на тэматычныя сегменты. Беларускія рэсурсы, або рэсурсы пра Беларусь, выдзяляюцца ў так званы байнэт. Каталіцкія беларускія сайты адпаведна складаюць каталіцкі байнэт. Гэтых ужо нямала. Каля паўсотні можна налічыць у каталозе спасылак catholic.by, яшчэ мінімум з дзесятак існуюць патаемна — мабыць, іх уладальнікі не любяць афішаваць сваёй дзейнасці. Апошнім часам у каталіцкім байнэце назіраецца актывізацыя. Адзін за адным адкрываюцца новыя сайты, шмат адказных асобаў выказваюць намеры стварыць рэсурс той ці іншай установы, але ў выніку сумарны кантэнт застаецца нязменным, колькасць ніяк не пераходзіць у якасць. Мабыць, не ў колькасці справа. Сайты, якія па-сапраўднаму дзейнічаюць і першае наведванне якіх не становіцца апошнім, можна пералічыць на пальцах адной рукі. Атрымліваецца, што каталіцкі байнэт — гэта проста фікцыя. А ці магчыма змя­ніць сітуацыю?

Даючы ацэнку любому сайту, можна звяртаць увагу на многія аспекты, але галоўны крытэрый — гэта адпаведнасць сайта мэтам, якія ставіліся пры яго стварэнні, і вырашэнне з дапамогаю сайта пастаўленых задачаў.

Ёсць такія сайты, якія абсалютна нікому не патрэбныя, але адпавядаюць мэтам на ўсе 100%. Напрыклад, мэта стварэння сайта парафіі можа заключацца ў тым, каб заняць чым-небудзь моладзь. І няважна, які атрымаецца сайт, галоўнае, што хлопцы і дзяўчаты задзейнічаныя, заангажаваныя, робяць сваю справу. Тут мэтаю з’яўляецца сам працэс. Могуць быць і іншыя прычыны для стварэння нікому не патрэбных сайтаў. Яшчэ можна паставіць сабе мэту зрабіць сайт лепшы, чым catholic. by, або зрабіць сайт сучасны, прыгожы і прывабны. Магу памыляцца, але здаецца, гэта не што ін­шае, як задавальненне ўласных амбіцый. Аднак пераважная большасць стваральнікаў інтэрнэт-рэсурсаў шчыра імкнецца зрабіць нешта карыснае, патрэбнае для наведвальнікаў, для сваіх парафі­янаў, для вернікаў. Такім чынам, мы маем добрыя намеры, і цяпер важна, каб не выйшла як заўсёды.

Ёсць рэчы настолькі банальныя, што мы часта абсалютна не звяртаем на іх увагі менавіта з прычыны іх банальнасці. Вось, напрыклад, перад тым як праектаваць сайт, варта задаць сабе пытанне: навошта ён нам? Усё вельмі проста: я не адкрыў Амерыкі, бо гэта ведаюць усе, але мала хто так робіць.

Размова пра стварэнне сайта часта пачынаецца са словаў: «Мы хочам, каб на сайце была такая альбо іншая інфармацыя, такія альбо іншыя раздзелы. Гісторыя нашай парафіі, што ў вёсцы Га­дзюкіна, парафіяльныя навіны, біяграфія пробашча і г.д. І ўсё ў пяці версіях на розных мовах». Але гэта не мэты, а ўжо сродкі. Пытанне пра мэты сустракае неразуменне. Даю падказку: евангелізацыя, навяртанне, пакліканні, спрыянне духоўнаму росту вер­нікаў... «О, вядома, і то, і другое, і трэцяе!» Наступныя пытанні — для якой аўдыторыі ствараецца сайт, што мы хочам ад наведвальнікаў і што для гэтага мы можам ім прапанаваць? Зазвычай адказы на гэтыя пытанні таксама паказваюць шырыню ахопу: «Аўдыторыю парафіяльнага сайта, безумоўна, складаюць парафіяне. Але і ўвесь сусвет таксама. Моладзь на першым месцы, але і старэйшых не забудзьма». А якім чынам гісторыя парафіі на англій­скай мове будзе спрыяць духоўнаму росту маладых гадзюкінцаў? Не кажу, што не будзе, толькі пытаюся, якім чынам. Такія пытан­ні часам сапраўды няпростыя. І ў выніку атрымліваецца, што, не знайшоўшы на іх адказу, усе мэты мы спакойна мінаем і плануем сайт без іх уліку. А на практыцы ўвогуле робім нават не тое, што запланавалі, а што выходзіць. Вітайце! Яшчэ адзін мярцвяк вісіць у Інтэрнэце...

Выкажу, магчыма, спрэчную думку. Глабальныя мэты, такія як евангелізацыя, безумоўна, па­трэбны — гэта агульны вектар. Далей мэты трэба звузіць і кан­крэтызаваць.

Напрыклад, адной з мэтаў парафіяльнага сайта можа быть такая: заахвочванне вернікаў да ўдзелу ў набажэнствах. Гэтая не такая ўжо вялікая мэта ідзе ў адным кірунку з большаю, бо ўдзел вернікаў у набажэнствах спрыяе іх духоўнаму росту. Цяпер, у адпаведнасці з невялікай мэтай, адказ на пытанне пра тое, якая інфармацыя павінна быць на сайце, напрошваецца сам па сабе. Па-першае, гэта дакладны расклад набажэнстваў. Дастаткова адзін раз прыйсці на Імшу не ў той час, і больш парафіянін ужо ніколі не будзе давяраць раскладу, што вісіць на сайце. Па-другое, мапа даезду. На жаль, нямногія з мала­практыкуючых вернікаў ведаюць, што Чырвоны касцёл у Мінску і архікатэдра — гэта не тое самае. І гэта не смешна. Па-трэцяе, кантактная інфармацыя. Гэта могуць быць любыя сродкі сувязі, акрамя бяздзейсных. Калі падаецца е-мэйл, то скрынка павінна праглядацца штодня і адказваць абавязкова на ўсе лісты. Калі публікуецца нумар тэлефона, то гэта значыць, што а) па гэтым нумары можна ўвогуле дазваніцца і б) трубку падыме асоба, якая ў стане адказваць на пытанні, а не тая, якая будзе спасылацца на адсутнасць пробашча, а нумар яго мабільніка мы не даем... Далей вельмі ня­дрэнна было б размясціць на сайце некалькі кароткіх артыкулаў, у якіх тлумачыцца неабходнасць прымаць удзел у рэлігійных практыках, што раскрываюць прыгажосць малітвы і заахвочваюць да яе. І нарэшце, у якасці дадатку (хоць візуальна можа быць і на першым месцы) — навіны. Удзельнікам прыемна ўбачыць на сайце саміх сябе. Нагадаю, гэта ў тым выпадку, калі ставіць за мэту заахвочванне вернікаў да ўдзелу ў набажэнствах. Цяпер можна вы­значаць наступныя мэты, наступныя задачы і паслядоўна іх выконваць.

Адпаведнасць мэтам і задачам — гэта адказ на многія пытанні. Часам адбываюцца дыскусіі адносна тэхнічнага ўзроўню рэлігійных сайтаў і якасці іх дызайну. З аднаго боку, нядрэнна, каб гэты ўзровень быў высокі. З іншага бо­ку, фінансава Касцёл існуе на ахвяраванні вернікаў і не заўсёды ёсць магчымасць наняць за немалыя грошы прафесіяналаў. А ці ёсць у гэтым патрэба? Ці недастаткова таго, што можна зрабіць сваімі сіламі, намаганнямі аматараў?

Уявім сабе сайт навучальнай установы, такой, як катэхетычны каледж. Уявім, што мэта сайта — інфармацыйная падтрымка навучэнцаў. Праз сайт яны могуць атрымліваць дапаможныя матэрыялы, заданні, расклад экзаменаў і г.д. Аўдыторыя сайта дакладна вызначана і на працягу навучальнага года яна не мяняецца. У такой сітуацыі дызайн не адыгрывае ніякай ролі. Наведвальнікі такога сайта вымушаны карыстацца тым, што ёсць. Незалежна ад таго, ці выглядае сайт прывабна, ці зручны ён у карыстанні, ён паспяхова выконвае свае функцыі.

Іншая справа, калі весці гаворку пра сайт прадстаўніцкі, іміджавы, арыентаваны на шырокую аўдыторыю, уражанне ад якога паўплывае на агульнае ўражанне грамадскасці аб самой установе. Тут ужо не можа быць кампрамісаў. Распрацоўка і рэалізацыя павінны быць выкананы на высокім прафесійным узроўні, колькі б гэта ні каш­тавала. Справа не ў тым, каб дызайн быў прыгожы і багаты, важна, каб ён быў адпаведны, каб аказваў «правільнае» ўздзеянне і ствараў «правільны» вобраз. Не больш і не менш. У такой сітуацыі недастаткова зрабіць сайт «хоць які-небудзь», кажучы: «добра, што хоць гэтакі маем». Бессэнсоўна купляць бракаваную пральную машыну і казаць: «Добра, што хоць такая ламачына ёсць, усё ж лепш, чым без пралькі».

Калі стваральнік (уладальнік) не ведае, чаго хоча, то на сайце з’яў­ляюцца то неба ў зорачках, то розныя гадзіннікі з надпісамі «Czas ucieka, Pan Bо´g czeka» і падобныя рэчы. Сайт па некалькі разоў перамалёўваецца ў розныя колеры, бо і так не падабаецца, і гэтак... Пры стварэнні сайта словы «падабаецца-не падабаецца», «прыгожы-непрыгожы», «хачу-не хачу» павінны быць увогуле выключаны з лексікону. Калі кожны крок ацэньваць на адпаведнасць мэтам і задачам, праблемы з безгустоўнасцю і бязглуздасцю пачынаюць вырашацца аўтаматычна. Гэта сайт манаскай супольнасці ці майстраў Таро? Ці дарэчы тут неба ў зорачках? — Не!

Часта нашыя сайты забіваюцца зусім неабавязковай інфармацыяй. Не ведаю, наколькі патрэбны каляндар рэлігійных святаў на сайце (умоўна кажучы, выключна для прыкладу) дабрачыннай установы ці які сэнс у апытанні «Ці хочаце вы, каб Папа наведаў Беларусь?» на беларускім каталіцкім сайце. Мы перасталі любіць простыя рэчы. Нам здаецца, што чым складаней, чым «круцей», тым больш высокую ацэнку мы заслужым. Сорамна паказваць сайт на дзве старонкі, трэба «настругаць» яшчэ дзесятак-другі. Рызыкну выказаць меркаванне, што калі такія сайты ачысціць ад усяго «шалупін­ня», стане бачна, як жа мала на самай справе мы можам прапанаваць нашым наведвальнікам. З іншага боку, гэтае нарэшце бачнае малое можа аказацца вельмі важным, магчыма, самым галоўным.

Як вы думаеце, ёсць надзея змяніць наш каталіцкі байнэт? Давайце паспрабуем агульнымі намаганнямі.

Віталій Палінеўскі

 

Цэтлікі: Разважанні

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней