Недастаткова таго, што я сам люблю Бога, калі мой бліжні Яго не любіць.
Св. Вінцэнт дэ Поль
2010 год стаў плённым на юбілеі для духоўнай сям’і святога Вінцэнта дэ Поля «Міласэрнасць і місія», у якой, апрача манаскіх кангрэгацый, налічваецца нямала дабрачынных таварыстваў свецкіх вернікаў, што таксама спрычыняюцца да рэалізацыі галоўнай вінцэнтынскай харызмы — служыць Хрысту ў абліччы бедных, хворых, пакінутых і нямоглых.
Сёлета споўнілася 350-я гадавіна нараджэння для неба св. Вінцэнта дэ Поля (1581–1660) і св. Луізы дэ Марыяк (1591–1660). Яны ўзгадваюцца сваімі паслядоўнікамі як «прарокі міласэрнасці», харызма якіх была, ёсць і будзе актуальнаю ў наступных пакаленнях, таму што, як сказаў Езус, «убогіх заўсёды маеце пры сабе» (Ян 12, 8).
Паколькі кожны юбілей — гэта час асаблівай Божай ласкі, які характарызуецца не толькі арганізацыяй святочных урачыстасцяў і планаваннем новых праектаў, але і з’яўляецца добраю нагодаю для падсумавання ўжо здзейсненага, то варта было б з перспектывы нашага веку зірнуць на той вялікі абсяг дабрачыннай і апостальскай дзейнасці, з якой місіянеры святога Вінцэнта дэ Поля ішлі і працягваюць ісці ў розныя краіны свету.
У духоўнай сям’і гэтага вялікага святога на працягу стагоддзяў вылучылася некалькі найбольш значных адгалінаванняў.
У першую чаргу трэба згадаць Кангрэгацыю айцоў місіянераў святога Вінцэнта дэ Поля, якая ўзнікла ў 1625 годзе ў Францыі. Айцы місіянеры прысвяцілі сябе працы на карысць убогіх. Ад пачатку існавання кангрэгацыі яны падарожнічалі ад вёскі да вёскі і прамаўлялі казанні, катэхізавалі і заахвочвалі да шчырай споведзі з усяго жыцця. Акрамя таго, іх задачаю была належная падрыхтоўка добрых святароў.
Кангрэгацыя дачок міласэрнасці святога Вінцэнта дэ Поля (сёстры шарыткі) ўзнікла таксама ў першай трэці XVII стагоддзя ў Францыі. У 1633 годзе св. Вінцэнт даручыў св. Луізе фармацыю маладых дзяўчат, якіх Бог паклікаў да служэння ўбогім. «Каб быць сапраўднаю дачкою міласэрнасці, — казаў св. Вінцэнт, — трэба чыніць тое, што чыніў Божы Сын на зямлі. Што ж Ён чыніў? Няспынна працаваў дзеля дабра бліжняга, наведваючы і аздараўляючы хворых, навучаючы няўмелых, каб прывесці іх да збаўлення». Сёстры міласэрнасці апякуюцца беднымі ў іх дамах, у шпіталях, у сацыяльных прытулках, у выхаваўчых асяродках, дзіцячых садках і школах (праводзячы катэхезы), а таксама падчас замежных місій.
Таварыства міласэрнасці святога Вінцэнта дэ Поля ўзнікла тады, калі святы Вінцэнт, глыбока ўзрушаны ўбоствам і цярпеннем насельнікаў Парыжа, вырашыў прысвяціць сваё жыццё бедным. Зразумеўшы, што распаўсюджванне міласэрнасці павінна быць арганізавана, у 1617 г. ён заснаваў Таварыства дам міласэрнасці. Да сённяшняга дня мэтаю Таварыства з’яўляецца сведчанне міласэрнасці ў духу св. Вінцэнта дэ Поля для тых, каму найбольш патрэбна дапамога.
Канферэнцыя таварыства св. Вінцэнта дэ Поля была створана ў Парыжы ў 1833 г. Фрыдэрыкам Азанамам, 20-гадовым студэнтам з Сарбоны. Разам з сябрамі студэнтамі ён пачаў шукаць і наведваць парыжскіх беднякоў. Гэтая маленькая група маладых людзей выбрала сваім апекуном святога Вінцэнта дэ Поля. Падобныя групы, якія ў перакладзе з французскай мовы называліся «канферэнцыямі», пачалі распаўсюджвацца ў Францыі, а пасля — ва ўсім хрысціянскім свеце. Мэта Канферэнцыі таварыства св. Вінцэнта дэ Поля — сведчыць пра міласэрнасць, аказваючы духоўную і матэрыяльную дапамогу бедным і церпячым незалежна ад іх рэлігійнай прыналежнасці, а таксама паглыбляць духоўнае жыццё ўдзельнікаў Канферэнцыі.
Таварыства цудадзейнага медаліка было зацверджана ў 1905 годзе. Яно цесна звязана з аб’яўленнямі Маці Божай святой Кацярыне Лябурэ, што адбываліся ў 1830 годзе. Галоўная задача Таварыства — пашырэнне культу Найсвяцейшай Панны Марыі праз цудадзейны медалік.
Таварыства марыйнай моладзі імя св. Вінцэнта дэ Поля сваімі вытокамі таксама ўзыходзіць да аб’яўленняў святой Кацярыне Лябурэ ў капліцы сясцёр шарытак у Парыжы. Да Таварыства належаць дзеці і моладзь, якія прагнуць жыць у Марыйным духу і пашыраць хвалу Найсвяцейшай Панны Марыі, Беззаганна Зачатай. Распазнавальным знакам Таварыства з’яўляецца цудадзейны медалік, а галоўная задача руху — выхаванне дзяцей і моладзі ў веры і малітве і падрыхтоўка іх да апостальства ў межах духоўнай сям’і св. Вінцэнта дэ Поля.
Харызма апошніх двух таварыстваў стане больш зразумелаю, калі падрабязней распавесці пра згаданы цудадзейны медалік. З ім звязаны яшчэ адзін юбілей, які адзначае духоўная сям’я св. Вінцэнта: 180 гадоў таму, 27 лістапада 1830 года, Маці Божая аб’явілася тады яшчэ маладой навіцыятцы Кацярыне Лябурэ. У руках Найсвяцейшая Панна трымала зямны шар, а позірк свой скіроўвала ўвысь. Кацярына пачула: «Гэты шар азначае ўвесь свет, Францыю і кожнага чалавека паасобку...» Пасля дзяўчына заўважыла на пальцах Найсвяцейшай Дзевы пярсцёнкі, аздобленыя каштоўнымі камянямі, ад якіх сыходзілі прыгожыя прамяні. Маці Божая паглядзела на Кацярыну і сказала: «Прамяні — гэта сімвал ласкаў, якія Я ўдзялю кожнаму, хто папросіць». У гэты час вакол Яе ўтварыўся своеасаблівы авальны абраз, а ўскрай яго залатымі літарамі былі выпісаныя словы: «О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае». І пачуўся голас: «Пастарайся, каб па гэтым узоры быў адціснуты медалік. Усе, хто будзе яго насіць, атрымаюць шмат ласкаў. Ласкі будуць шчодрыя для тых, хто будзе насіць яго з даверам». Праз хвіліну абраз павярнуўся. На рэверсе медаліка была літара «М» з крыжам над ёю, а знізу — два сэрцы: Езуса і Марыі; адно — абвітае цярновым вянцом, а другое — прабітае мячом. Вакол было дванаццаць зорак. Кацярына пачула: «Літара „М“ і два сэрцы значаць вельмі шмат».
Дзякуючы медаліку, адціснутаму па гэтым узоры, адбылося шмат цудаў і навяртанняў ва ўсім свеце. Можна сказаць, што такім цудоўным чынам Маці Божая аддзячыла людзям за тое, што св. Вінцэнт дэ Поль і св. Луіза дэ Марыяк абралі Яе апякункаю духоўнай сям’і «Міласэрнасць і місія». Заснавальнікі гэтай сям’і яшчэ раз паказалі ўсяму свету, што Бог ніколі не пакідае і шчодра адорвае нябеснымі дабротамі тых, хто бязмежна Яму давярае.
{gallery}188-6{/gallery}
Падрыхтавала Ганна Серэхан.