У Пінску ёсць дзве вышэйшыя навучальныя ўстановы: Палескі дзяржаўны ўніверсітэт і Міждыяцэзіяльная вышэйшая каталіцкая духоўная семінарыя імя св. Тамаша Аквінскага. І калі першая з іх знаходзіцца ў гушчары гарадскіх будынкаў і цэнтры грамадскай увагі, то для таго, каб знайсці другую, трэба пакінуць бурлівыя вуліцы сучаснага горада і накіраваццца туды, дзе цішэй — у гістарычны цэнтр, да берагоў Піны. Старажытны будынак над ракою не толькі прыцягвае позіркі турыстаў і шпацыруючых пінчанаў, але і дыхае нейкай таямнічасцю. Прыгажосць звонку і таямнічасць унутры. Што ж адбываецца за гэтымі сценамі, і якім чынам маладыя людзі рыхтуюцца да таго, каб стаць святарамі?

Упершыню семінарыя ў Пін­ску была адкрытая 12 верасня 1925 года кс. біскупам Зыгмунтам Лазінскім. На жаль, яна праіснавала толькі 14 гадоў і ў 1939 годзе была зачыненая савецкімі ўладамі. У гады ліхалецця знік вялізны кнігазбор семінарыйнай бібліятэкі, у якім налічвалася 40 000 тамоў кніг і рукапісаў. Але яшчэ большай стратай стала немагчымасць рыхтаваць маладых святароў. Пасля закрыцця семінарыі ў будынку размяшчаўся вайсковы шпіталь, а пазней — штаб Пінскай флатыліі. І толькі напрыканцы 90-х гадоў дзякуючы намаганням кс. кардынала Казіміра Свёнтка будынак зноў вярнуўся да законнага гаспадара — Каталіцкага Касцёла. Пасля некалькіх гадоў аднаўлення 12 верасня 2001 года семінарыя адчыніла свае дзверы для тых, хто жадае прысвяціць сваё жыццё службе Богу і Касцёлу. Сёлета семі­нарыйная супольнасць пачала ўжо дзесяты пасля адра­джэння навучальны год. За гэты час святарамі сталі 16 яе выхаванцаў.

На сённяшні дзень навучэнцамі семінарыі з’яўляюцца 33 асобы. Гэта маладыя лю­дзі, якія паходзяць з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Ві­цебскай і Пінскай дыяцэ­зій; разам з імі да святарства рыхтуюцца манахі Ордэну кармэлітаў босых. На пачатку семінарысты вывучаюць пераважна філасофскія і так званыя прапедэўтычныя прад­ме­ты, якія закладаюць падмуркі для далейшага вывучэння тэалогіі і навучання Кас­цёла. Праграмай таксама прадугледжана вывучэнне не­калькіх моваў: трэба замацаваць веданне не толькі бела­рускай мовы, але і англій­скай, і польскай. Акрамя таго, каб была магчымасць асягнуць вы­токі хрысціянскай думкі, вывучаюцца лацінская і грэчаская мовы. Заняткі праводзяць 19 выкладчыкаў, некалькі з якіх маюць ступень доктара.

Чым жа жыццё семінарыста адрозніваецца ад жыцця студэнтаў іншых ВНУ? Ці толькі вывучэннем іншых прадметаў з дзіўнымі і незразумелымі назвамі кшталту «метафізіка», «гамілетыка» альбо «urbanitas sacerdo­ta­lis»? Жыццё ў семінарыі не абмяжоўваецца вывучэннем толькі тых ці іншых навуковых дысцыплінаў. Будучы святар здабывае веды не толь­кі розумам, але і сэрцам. Ён вывучае дзеянне Божай любові ў сваім асабістым жыцці, вывучае сябе, свае моцныя і слабыя бакі, каб у супрацоў­ніцтве з Божай ласкай рэалізоўваць у сваім жыцці словы св. Яна Віянэя: «Святарства — гэта любоў Сэрца Езуса». Святара часта называюць alter Christus — другі Хрыстус. Малады чалавек, які адказвае на заклік Хрыста, не можа не дбаць аб сэрцы, якое любіць па прыкладзе Збаўцы. Для гэтага недастаткова мець выдатныя адзнакі па семінарыйных «сапраматах». Навучанне такога кшталту пераносіцца з лекцыйных аўдыторый у капліцу, дзе вучань размаўляе сам-насам з найвышэйшым Настаўнікам, у ці­шыні задае Яму свае пытанні і знаходзіць адказы ў Ягоным Слове. Цэнтрам кожнага дня з’яўляецца Эўхарыстыя, падчас якой уся семінарыйная супольнасць — і выхавацелі, і выхаванцы — збіраюцца каля алтара, займаючы месца вакол аднаго стала — як вучні Езуса. Узіраючыся ў ахвярную любоў, яны вучацца ахвяраваць сваё жыццё для іншых. 

Акрамя таго, што кожны дзень семінарыйнага жыцця напоўнены супольнай і аса­бістай малітвай, семінарысты штомесяц перажываюць дзень духоўных разважанняў. У гэты дзень не праводзяцца лекцыі, таму ёсць час, каб за­трымацца, азірнуцца на пражыты месяц, паразважаць над тым, што яшчэ трэба было б змяніць у сабе.

Ёсць у семінарыйным жыц­­ці месца і на адпачынак: час, каб пазаймацца спортам, развіваць свае мастацкія таленты, удзель­нічаючы ў музычным гурце «Подых Духа» альбо ў семінарыйным тэа­тры. Змястоўны час адпачынку так­сама служыць развіц­цю ў маладых вучнях Хрыста ры­саў, неабходных для служэння сваім братам у веры. Справа ў тым, што канікулы на працягу навучальнага года прыпадаюць на перыяды святкавання найбольшых хрыс­ціянскіх свя­таў і семінарысты маюць магчымасць на практыцы глыбей перажыць тое, што здабылі ў тэорыі ў се­мінарыйных аўдыторыях.

Ёсць яшчэ адна цікавая адметнасць семінарыі. Для кожнага з яе навучэнцаў надзвычай важнай з’яўляецца малітва тых, да каго яны як святары будуць пасланыя. Малітва вернікаў аб шматлікіх працаўніках на жніве Пана, малітва за тых, хто навучаецца ў семінарыі, — гэта неабходная ўмова для развіцця ў маладых сэрцах дару паклікання да святарства.

 {gallery}188-4{/gallery}

1 кастрычніка ў семінарыі з’явілася свая інтэрнэт-старонка: seminary.catholic.by 

Заходзьце да нас часцей у віртуальную гасціну.

 

Ксёндз Уладзімір Русак, 

віцэ-рэктар МВДС, кіраўнік навучальнага працэсу.

Фота клерыка 

Дзмітрыя Дубовіка.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней