Гэлена (Алена)
Гэтае імя грэцкага паходжання бярэ свой пачатак ад слова hele, што азначае бляск, святло, паходня.
Найвыразней, хіба што, адпавядала значэнню свайго імя візантыйская царыца, маці цэзара Канстанціна Гэлена. Лёс яе, хоць была дачкою карчмара, склаўся шчасліва: яна выйшла замуж за начальніка правінцыі, у якой жыла, а пазней гэты начальнік стаў цэзарам Канстанцыем Хлоруксам. Нарадзіла яму сына Канстанціна, які, стаўшы імператарам (у 306 г.), зрабіў маці першаю дамаю сваёй краіны. Дзякуючы сыну Гэлена прыняла хрост і стала ўзорам хрысціянкі.
Гэтая пабожная і шчодрая жанчына была фундатаркай многіх касцёлаў у Рыме, Канстанцінопалі і ў Святой Зямлі. Паводле старажытнай легенды, менавіта Гэлена знайшла рэліквіі Святога Крыжа з Галготы, частку якіх яна пераслала сыну ў Рым. І менавіта яе сын забараніў выкарыстоўваць крыж у якасці прылады пакарання смерцю.
Святая Гэлена была шчодраю таксама да бедных, хворых, сіротаў, удоваў, вязняў — яна імкнулася дапамагаць ім матэрыяльна і духоўна. Пад яе ўплывам сын таксама выдаў некалькі загадаў у абарону няшчасных людзей.
На абразах Гэлена найчасцей паказана з каронай на галаве, макетам касцёла ў адной руцэ і крыжам у другой.
На Беларусі імя Гэлена раней было больш папулярнае, яго зменшанае форма — Гэля. Цяпер жа ім называюць дзяўчатак час ад часу. Ведаю і адну дарослую Гэлену — сонечную прыгажуню і пяюху. Асабліва прыгожа мінчанка Гэлена Грамыка спявае песні на хвалу Божую.
Імяніны: 18 жніўня, а таксама 2 сакавіка, 23 і 26 красавіка, 4 і 22 мая, 31 ліпеня,
13 жніўня, 23 верасня, 4 лістапада, 19 снежня.
Андрэй
Імя гэтае паходзіць ад грэцкага слова andreios, што азначае мужны.
У Каталіцкім Касцёле ёсць шмат святых і благаслаўлёных, якія носяць гэтае імя. Але найвыбітнейшы з іх, вядома, апостал Андрэй — малодшы брат святога Пятра, напачатку вучань Яна Хрысціцеля, а пасля Хросту Езуса ў Ярдане Яго верны вучань і Апостал. Дарэчы, ён першы быў пакліканы ў шэраг апосталаў, таму у Праваслаўнай Царкве ён носіць яшчэ імя Andreas Protokleros, Андрэй Першазванны. Пасля смерці і ўваскрасення Збавіцеля апостал Андрэй нёс святло Евангелля на ўзбярэжжы Малой Азіі, у Грэцыі, на тэрыторыі сучаснай Турцыі, у Балгарыі. Ён прыняў мучаніцкую смерць на касым крыжы, які пасля гэтага пачалі называць андрэеўскім. Гэта здарылася 30 лістапада каля 60–65 года.
Святы Андрэй з’яўляецца апекуном усходніх славянаў, народаў Аўстрыі, Грэцыі, Іспаніі, Галандыі, Германіі, Расіі, а таксама ён апякун рыбакоў, рыцараў, падарожных, сужэнскіх параў. Ягонай дапамогі просяць звычайна хворыя на дэзентэрыю, якую некалі называлі хваробай св. Андрэя, а таксама хворыя на сутаргі, рожу, падагру.
Даўні звычай у католікаў — святкаваць 30 лістапада Андрэйкі, вясёлае свята моладзі, якое часта адзначаецца на пачатку Адвэнту. Праўда, сёлета Андрэйкі прыпадаюць на першы тыдзень посту, так што не пераблытайце!
На Беларусі імя Андрэй шырока ўжываецца ў тапаніміцы: ёсць вёскі і засценкі Андрэеўшчына, Андрусёва, Андрэйнікі і г.д. Сярод католікаў найбольш вядомыя святы Андрэй Баболя і генерал ордэну марыянаў, вязень сталінскіх лагераў — айцец Андрэй Цікота.З беларусаў, якія насілі гэтае імя, узгадваецца найперш таленавіты драматург Андрэй Макаёнак, паэты Андрэй Грабаў і Андрэй Пяткевіч.
Імяніны: 30 лістапада,
16 мая (Андрэя Баболі), а таксама 6 і 19 студзеня, 4 лютага, 12 і 27 красавіка, 13 мая, 12, 13,16,17,21 і 31 ліпеня, 1 і 10 лістапада, 10 снежня.
Падрыхтавала
Ірэна Задарожная.