Як свечка на алтары

Юзаф Францкевіч

Святар, законнік (1912–1985)


Ён нарадзіўся ў шматдзетнай польскай сям’і. Калі меў 16 гадоў, уступіў у ордэн ай­цоў марыянаў. Святарскія пасвячэнні прыняў у студзені 1941 года. Паўсюль грымела вайна, а ён ішоў ратаваць людзей, яднаць іх з Богам. Першая парафія, дзе распачаў службу, была ў вёсцы Няцеча на Гарадзеншчыне, паблізу Ліды. Пад канец вайны яго перавялі ў Іказнь, на Браслаўшчыне, адкуль незадоўга да таго былі прымусова вывезеныя і загінулі ў беразвецкай турме благаслаўлёныя мучанікі Станіслаў Пыртак і Ула­дзіслаў Мацьковяк. А неў­забаве, ужо пасля вайны, давялося хавацца ад пераследу і новаму іказненскаму пробашчу. Цяпер трэба было хавацца ад сталінскіх паслугачоў. Спрабаваў. Не атрымалася. 15 кастрычніка 1950 года ён быў арыштаваны. Два з паловай месяцы «следства» і суд у Полацку з ягоным бесчалавечным выракам: пакаранне смерцю, якая была пазней заменена на 25 гадоў лагераў. А калі трапіў у аршан­скую турму, то, нягледзечы на памякчэлы вырак, яго ўтрымлівалі ў камеры смяротнікаў. І таму, калі вырушыў нарэшце ў лагер, успрыняў гэта як палёгку. 

А «палёгка» чакала яго ажно на Чукотцы, у цэнтры лагера Певек. 19 сакавіка 

1952 года айцец Юзаф пісаў у адным з лістоў на радзіму: «Не ведаю, калі сёлета Вялікдзень і калі пачаўся Вялікі пост, а каб не памыліцца, пачаў пасціць ужо даўно». Цяжка нам цяпер уявіць, як мог чалавек у такіх нялюдскіх умовах яшчэ і пасціць. А для яго гэта было важна. Гэтак жа, як і важна было служыць лю­дзям. І... служыў, меў невялікую групу вернікаў, для якіх час ад часу патаемна цэлебраваў святую Імшу і нават рэкалекцыі для іх праводзіў. 

У адным з лістоў так апісваў свой побыт: «У нас паўгода дзень і паўгода ноч. Зіма доўжыцца дзевяць месяцаў, а лета тры. Вясны і восені няма. Як толькі ў канцы чэрвеня растае лёд, пачынаецца лета, сонца летам зусім не захо­дзіць, але і не грэе. Вось і цяпер 2 гадзіны начы, а лямпа не патрэбна — свеціць сонца. Найбольшыя маразы гэтай зімой даходзілі да 56 градусаў, а найбольш пагрозлівыя ў нас снежныя бураны — тайфуны».

Тайфуны тыя і маразы скончыліся для айца Юзафа Францкевіча ў 1956 годзе. Пасля вяртання служыў тры гады ў Далёкіх, на Браслаў­шчыне, потым — у Глыбокім, дзе захавалася па ім удзячная памяць тагачасных вернікаў. Для многіх ён застаўся пры­кладам ахвярнага, добрага святара, які ўмеў мужна пераносіць усе выпрабаванні і не губляць пры гэтым сілы духу ды  вялікай любові да тых, да каго Бог пасылаў яго. А яшчэ ў старэйшых глыбоцкіх ка­толікаў засталася вялікая ўдзячнасць бацькам айца Юзафа. Ён сам распавядаў ім, як пасля лагера хацеў вярнуцца ў Польшчу, але маці пераканала сына, што  ён мусіць служыць там, дзе так мала засталося святароў. Паслухмяны матчынаму наказу, застаўся на Беларусі і аддана служыў яе вернікам да апошніх сваіх дзён. Пахаваны на глыбоцкіх могілках.

 

Дзяніс Малец

Святар (1909 — 1941)


Ён быў родам з Пастаў­шчыны, з вёскі Лембаўка Дунілавіцкага павета. Вучыўся ў духоўных семінарыях Нава­градка і Пінска. У суровым 1937 годзе прыняў сакрамэнт святарства, пасля чаго быў прызначаны вікарыем у па­рафію Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бельску Падсляскім (Беласточчына). Праз год вярнуўся ў Пінск і заняў пасаду прэфекта сярэдніх школаў, а з наступнага года распачаў службу вікарыем у пін­скай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Ма­рыі. Але нядоўгай была гэтая служба.

Фашысты арыштавалі яго 15 снежня 1941 года ў Мінску ў часе настаўніцкага кангрэсу, у якім святар Дзяніс Малец удзельнічаў у якасці га­наровага госця. Прычынай арышту стаў ягоны разам з ксяндзом Станіславам Глякоўскім пратэст супраць во­стрых антыкаталіцкіх акцэнтаў у прамове галоўнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ. Годнасць і вернасць роднай зямлі не дазволілі святару Дзяніцу Мальцу падняцца, калі ў зале загучаў нямецкі гімн. За гэтую годнасць і вернасць святар расплаціўся сваім жыццём.

Рубрыку вядзе 

Ірына Жарнасек.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней