100-годдзе Чырвонага касцёла

Сёння немагчыма ўявіць нашу сталіцу без унікальнага па прыгажосці будынка, які з першых дзён свайго існавання лічыцца візітнай карткаю горада. Гэта — Чырвоны касцёл святога Сымона і святой Алены, які знахо­дзіцца ў цэнтры Мінска на плошчы Незалежнасці. 21 лістапада касцёл адзначае свой двайны юбілей — 100-годдзе з дня кансэкрацыі і 20-годдзе з дня яго адраджэння пасля часоў атэістычнага занядбання. Менавіта 21 лістапада 1910 года касцёл быў урачыста асвечаны ксяндзом дэканам В. Чачотам, і ў гэты ж дзень, толькі ў 1990 годзе, у вернутай католікам святыні біскуп Тадэвуш Кандрусевіч адслужыў урачыстую святую Імшу.

Гісторыя ўзнікнення мінскага Чырвонага касцёла ў многім унікальная і вельмі хвалюючая. Памятаю, як сама  плакала, чытаючы пра сям’ю Вайніловічаў і тое гора, якое ім давялося перажыць: спачатку бацькі пахавалі 12-гадовага сына Сымона, а затым — 19-гадовую дачку Алену. Больш дзяцей у іх не было. Глыбока веруючыя людзі Эдвард і Алімпія Вайніловічы не ўпалі ў роспач, а вырашылі пабудаваць касцёл у гонар св. Сымона апостала і св. Алены, якая знайшла Крыж Хрыста на Галгоце, як пом­нік аб сваіх заўчасна памерлых дзецях. Ёсць меркаванні, што гэты касцёл бачыла ў сне Алена перад сваёю смерцю. Яна па памяці намалявала яго і прасіла бацьку абавязкова пабудаваць гэтую святыню. 

Касцёл будаваўся пяць га­доў, і сёння ён уражвае не толькі сваёю прыгажосцю, але і высокай якасцю будаўнічых работ. Аказваецца, што чырвоную цэ­глу разнастайнай канфігурацыі прывозілі сюды ў спецыяльных скрынях з Чэнстаховы, а дахоўку — з Влацлаўка. Для калонаў і алтароў выкарыстоўваўся ружовы пясчанік і келецкі мармур. Дзевяць крыжоў, што вянчалі вежы, былі высечаныя са светлага граніту. Галоўны ўваход у касцёл па жаданні фундатараў упрыгожваў герб Мінска з белага мармуру — Маці Божая ў атачэнні анёлаў. Ні­жэй на лацінскай мове быў над­піс — прысвячэнне святыні на хвалу Пану Богу ў памяць аб памерлых дзецях Сымону і Алене. Вось так, заўчасна пахаваўшы сваіх дзяцей, сужэнцы Вайніловічы праз пабудаваны імі касцёл знайшлі для сябе тысячы і тысячы духоўных дзяцей, якія заўсёды будуць ім удзячныя.

 Векавы лёс касцёла святых Сы­мона і Алены цяжка назваць шчаслівым. Ужо праз 13 гадоў іс­навання яго разрабавалі бальшавікі, а потым і зусім зачынілі. У 1932 годзе яны дабраліся да званоў і крыжоў — паскідалі і паразбівалі іх. Дзякуючы Божаму Провіду людзі ўсё ж схавалі і збераглі адзін гранітны крыж, на ўзор якога былі потым адноўлены ўсе 9 крыжоў, толькі ўжо з латуні.

У 1941 годзе дзейнасць касцёла была адноўленая. Нездарма ж кажуць: як трывога — тады да Бога. У 1945-м, як толькі трывога адступіла, касцёл зноў зачынілі. Страшна ўявіць, але ў 50–60-я гады мінулага стагоддзя над касцёлам вісела пагроза поўнага яго знішчэння. Вырашалася, ці цалкам яго ўзарваць, ці капітальна перабудаваць, каб нішто не нагадвала пра святыню. На месцы знішчанага храма меркавалася пабудаваць шырокафарматны кінатэатр «Масква». Але дзякуючы намаганням інтэлігенцыі, грамадскасці і, вядома ж, нябесным заступнікам, касцёл удалося выратаваць. Яго пераабсталявалі ў Дом кіно, перабудаваўшы ўсё ўнутры. Знешні ж выгляд святыні застаўся ранейшым, і гэта было вельмі важна, бо ў той змрочны час шэра-чорнага колеру яркі будынак радаваў не толькі вока, але і душы многіх людзей, нагадваючы пра Бога і вечнасць.

У савецкі час у Мінску не працаваў ні адзін касцёл. Вернікі, якія ездзілі на святую Імшу або ў вёску Краснае, або ў Вільню, не пераставалі маліцца аб ад­крыц­ці хаця б адной каталіцкай святыні ў сталіцы. Вось што ўспамінае парафіянін Чырвонага касцёла Уладзіслаў Вінцэнтавіч Лапо:

— Мы 7 гадоў змагаліся за тое, каб адчынілі нам касцёл на Кальварыйскіх могілках. Не раз дзеля гэтага ездзілі ў Маскву. Потым, калі касцёл адчынілі, мы паехалі ў Рыгу да кардынала Юльяна Вайводса прасіць святара для Мінска, бо ксёндз Ян Адамовіч служыў тады ў Красным і на мінскай кальварыі. Хутка ў Мінск прыехаў ксёндз Ула­дзіслаў Завальнюк.

Маленькі касцёл на Кальварыйскіх могілках не змяшчаў усіх вернікаў, і людзі пачалі хадзіць па інстанцыях, дабіваючыся вяртання Чырвонага касцёла. Ксяндза Уладзіслава выклікалі ў «высокія» кабінеты і там дакаралі, што ён «бунтуе народ». Святар спакойна адказваў: «Людзям няма дзе маліцца, а я, ксёндз, няўжо павінен казаць, што нам не патрэбныя святыні?» 16 сакавіка 1989 года парафіяльны камітэт касцёла святых Сымона і Алены быў афіцыйна зарэгістраваны. За вяртанне ж касцёла давялося змагацца яшчэ паўтара года. І тут людзі стаялі за святыню не на жыццё, а насмерць. Трое вернікаў рашыліся на галадоўку, добра разумеючы, чым яна можа скончыцца; многія парафіяне трымалі суровы пост. Штодня і ў мароз, і ў дождж, са свечкамі ў руках людзі маліліся пад сценамі святыні. З крыжам у руках хадзілі ў гарвыканкам, у іншыя інстанцыі, дабіваючыся вяртання святыні. Малітва і неверагодная самаахвярнасць вер­нікаў прынесла плён — у пачатку 1990 года комплекс касцёла святых Сымона і Алены быў узяты пад ахову дзяржавы як помнік манументальнай архітэктуры рэспубліканскага значэння, і ў хуткім часе святыня была вернута рыма-каталіцкай канфесіі.

...Я добра памятаю гэты перыяд: мне даводзілася тут часта бываць у якасці карэспандэнта гарадской газеты. Сапраўды, гэта быў час неверагоднага энтузіязму і гераізму нашых вернікаў. Кожны працаваў за дзесяцярых. Думаю, што ў многім дзякуючы прыкладу гэтых людзей адбылося і маё навяртанне.

Вось што ўспамінае Зоф’я Качынская:

— З самага пачатку я  што­дня хадзіла разам з іншымі лю­дзьмі маліцца за вяртанне  Чырвонага касцёла. Потым кожны дзень пасля сваёй асноўнай працы асфальтаўкладчыцы я прыходзіла працаваць у касцёл. Увесь бетон прайшоў праз мае рукі: мы насілі яго вёдрамі, гру­зілі зямлю і друз на транспарцёр. Работы было шмат, і была яна вельмі цяжкая, але мы працавалі так, быццам мелі крылы за спі­наю. Калі пайшла на пенсію, то ўсё роўна кожную раніцу,  як на працу, я ішла ў касцёл: пайду ў дзевяць і вярнуся да дому толькі  ў адзінаццаць вечара, учарнеўшы ад бруду і стомы. Муж спачатку наракаў, а пасля і сам пачаў дапамагаць.

Расказваюць Тэрэза Лявонцьева і Ганна Лапко:

—Аднойчы, калі мы насілі бетон, да нас падышоў інтэлігентнага выгляду мужчына і сказаў, што хоча нам дапамагчы. Ён нагружаў нам вёдры, а мы глядзелі са спачуваннем на яго модныя туфлі і дарагое адзенне. Заўважыўшы гэта, мужчына сказаў, што да самай смерці павінен дзя­каваць Пану Богу за сваё аца­ленне. Чалавек гэты вельмі моцна піў і аднойчы апрытомнеў у незнаёмай вёсцы. Убачыўшы касцёл, ледзь жывы, дабраўся да яго і пачаў прасіць у Бога  паратунку. З таго часу ён не можа гля­дзець на алкаголь.

Сведчанняў пра ахвярную, гераічную працу па аднаўленні свя­тыні можна прыводзіць шмат. Няхай жа ўсіх гэтых людзей Пан Бог адорыць шчодрымі ласкамі, а тых, хто адышоў у вечнасць, прыме ў сваё Валадарства.                     

Як вядома, касцёл, гэта не толькі будынак, але перадусім — жывыя людзі. Пра жывы касцёл святых Сымона і Алены можна рас­казваць таксама вельмі шмат. Думаю, не будзе перабольшваннем, калі скажу, што гэты касцёл з’яўляецца цэнтрам духоўнага і культурнага жыцця горада. Найперш — гэта самая шматлікая парафія ў Мінску. У нядзелю тут цэлебруецца 12 свя­тых Імшаў, і на кожнай з іх касцёл поўны. У буднія дні — 6 святых Імшаў,  і таксама касцёл не пустуе. Вялікая ласка для пара­фіі, горада і краіны ўвогуле, што тут, у капліцы Маці Божай Буд­слаўскай, адбываецца бесперапынная адарацыя Езуса ў Най­свяцейшым Сакрамэнце. Тут існуе шмат розных суполак і ру­хаў, адных ружанцовых колаў — больш за 30. Створана дзевяць хораў, два з якіх з’яўляюцца прызёрамі міжнародных конкурсаў. Ужо 15 гадоў працуюць пры касцёле два тэатры: «Зніч» і «Анёл». Першы — ад Белдзяржфілармо­ніі,  яго ўзначальвае лаўрэат міжнародных фестываляў Галі­на Дзя­гілева, другі тэатр — ад Дзярж­універсітэта культуры.  У касцёле пастаянна праходзяць розныя фестывалі, сімпозіумы, канферэнцыі, выставы беларус­кіх мастакоў і фотамайстроў. На працягу некалькіх гадоў тут штомесяц ладзіць свае канцэрты вядомы арганіст, саліст Белдзярж­філармоніі, дзеяч культуры Канстанцін Шараў.

Шмат гадоў існуе пры касцёле Прафесарскі клуб, у склад якога ўваходзяць 64 прафесары і дактары навук. Узначальвае гэтую супольнасць Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Трэба адзначыць, што менавіта парафія святых Сымона і Алены стала ініцыятарам па вылучэнні кандыдата на Нобелеўскую прэмію — вядомага беларускага паэта Рыгора Барадуліна. Касцёл таксама актыўна займаецца выдавецкай дзейнасцю і вытворчасцю дакументальных фільмаў. З лістапада тут пачынае  працаваць курс сучаснай беларускай мовы для  моладзі, які будзе праводзіцца па суботах. А ў нядзелю гэты курс будзе працаваць для ды­пламатаў...

{gallery}188-3{/gallery}

Вядома, што жыццё парафіі ў многім залежыць ад духоўнага кіраўніка. Пробашчам парафіі святых Сымона і Алены ад самага пачатку яе адраджэння з’яўляецца ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, чалавек энергічны, іні­цыятыўны і адважны. Нават цяжка пералічыць тыя парафіі ў Беларусі, да адкрыцця якіх ён спрычыніўся. Вядома ж, спатрэбі­лася шмат сілы, адвагі і веры, каб супрацьстаяць савецкаму атэістычнаму рэжыму, які дзесяцігоддзямі трымаў святыні ў занядбанні. Парафіяне вельмі любяць і шануюць свайго пастыра,  цалкам падтрымліваючы словы старэйшай парафіянкі Альдоны Лю­двігаўны Плісневіч: «Пан Бог вы­браў ксяндза Уладзіслава сва­ёю прыладаю ў самы няпросты час духоўнага адраджэння на нашай зямлі. Ад імя сведкаў тых па­дзе­яў выказваю шчырую падзяку гэтаму цудоўнаму святару за яго са­праўдны подзвіг у змаганні за нашыя касцёлы і найперш — за касцёл святых Сымона і Алены».

 

Галіна Калевіч

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней