Каб будаваць «святыні сэрцаў»

З гаміліі Папскага легата кардынала Ёзафа Томко

<...> Нават самыя прыгожыя касцёлы ў свеце павінны служыць найвышэйшай мэце.  Святыні з цэглы, бетону, мармуру і дрэва прызначаныя для духоўных мэтаў. Гэтыя бачныя храмы павінны спрыяць «будаўніцтву Божых святыняў вашых сэрцаў». Святы Павел нагадвае нам у другім чытанні: «Вы — Божая ніва, будоўля Божая» (пар. 1 Кар 3, 9). Кожны з вас праз хрост атрымаў таямнічае жыццё і стаў жывой святыняй, у якой прабываюць Айцец, Сын і Дух Святы. Здаецца, са­праўды неверагодна, але сам Езус Хрыстус запэўніў нас у той праўдзе, што мы — святыні Божыя, святыні Духа Святога, а нашыя сэрцы, як шаты Бога жывога.

На жаль, моцны грэх можа абражаць і за­біваць Боскае жыццё ўнутры нас. Мы можам забрудзіць і нават знішчыць духоўную святыню ўнутры нас, выдаліўшы з сэрцаў Бога. Павел выразна кажа нам: «Ці не ведаеце, што вы святыня Божая і што Божы Дух жыве ў вас? Калі хто зруйнуе святыню Божую, таго зруйнуе Бог, таму што святыня Бога святая, а ёй з’яўляецеся вы» (1 Кар 3, 16–17).

Браты і сёстры! Праслаўляйце Бога ў старажытных і найпрыгажэйшых касцёлах. Ушаноўвайце Бога — жывога і сапраўднага — у сэрцах вашых і ў святынях вашай свядомасці. Будуйце духоўныя святыні і паважайце вашае цела і целы іншых як святыні Бога, Духа Святога.

Усе разам вы, як жывыя камяні духоўнага дому, з’яўляецеся часткаю сусветнага Касцёла як адзінага арганізма і праз гэта становіцеся сям’ёю Божаю. Святы Павел нагадвае нам пра гэтую цудоўную рэальнасць у сваім Па­сланні да Эфесцаў, што распаўсюджваецца таксама на дыяцэзіяльныя касцёлы: «Браты: Вы ўжо не чужыя і не прыхадні, але суграма­дзяне святых і дамачадцы Бога, умацаваныя на падмурку апосталаў і прарокаў, дзе сам Езус Хрыстус з’яўляецца вуглавым каменем, на якім кожны складзены разам будынак вырастае як святая ў Пану святыня. У ёй і вы разам будуецеся Духам, каб быць жыллём Бога» (Эф 2, 19–22).

Гэта яскравае запрашэнне жыць і будаваць дух адзінства паміж вамі, вакол вашых пастыраў і вашага арцыбіскупа Мітрапаліта, які мае тут свой пасад.

Наступнік Пятра папа Бэнэдыкт XVI, які з’яўляецца асновай, «каменем» і гарантам адзінства, заклікае вас рупліва ўзрастаць у гэтай камуніі. І благаслаўлёная Маці Божая, якой прысвечаны гэты гістарычны і славуты катэдральны касцёл, будзе суправаджаць вас у гэтым узрастанні праз Божую ласку дзеля ўзвядзення духоўнага будынку, якім з’яўляецца Касцёл.

{gallery}188-1{/gallery}

У імя Найсвяцейшай Тройцы: Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней