Сонечным днём 9 кастрычніка каля мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі не было вольнага месца. Сам касцёл і ўся навакольная прастора былі запоўненыя вернікамі, якія прыбылі на святкаванне 300-годдзя святыні. Тыя, што не змясціліся ў касцёле, маглі ўдзельнічаць у Імшы дзякуючы вялікаму экрану, устаноўленаму побач з архікатэдрай. Як сказаў адзін з прысутных вернікаў, хоць і цяжка было прастаяць дзве гадзіны на вуліцы, але ж гэты час стаў самым шчаслівым і прыгожым.
У гэты дзень у архікатэдры, гісторыя якой сімвалізуе гісторыю ўсяго Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, сабраліся душпастыры з Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны, Расіі. Святую Імшу, якую ўзначаліў кардынал Ёзаф Томко, канцэлебравалі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможны біскуп архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, Апостальскі візітатар для грэкакатолікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, ардынарый дыяцэзіі святога Юзафа ў Іркуцку біскуп Кірыл Клімовіч, арцыбіскуп Каўнаскі Сігітас Тамкявічус, біскуп Вільнюскі Арунас Понішкайціс, біскуп Луцкі Маркіян Трафімяк, біскуп Блажэй Марыян Крушыловіч з Польшчы, а таксама святары з Беларусі і Літвы.
На ўрачыстасці таксама прысутнічалі прадстаўнікі дзяржаўнай улады на чале з намеснікам Главы Адміністрацыі Прэзідэнта РБ Наталляй Пяткевіч, прадстаўнікі дыпмісій, свету навукі і культуры.
Прадстаўнік Праваслаўнай Царквы протаіерэй Аляксандр Шымбалёў зачытаў словы прывітання і віншавання ад Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта. Падчас урачыстасці быў таксама зачытаны прывітальны ліст ад кардынала Казіміра Свёнтка, які цяпер знаходзіцца на лячэнні ў Польшчы.
Сапраўдным знакам пашаны Бэнэдыкта XVI і яго легата да беларускага народа і яго культуры (гэта асабліва падкрэсліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч) стала тое, што ватыканскі іерарх прамовіў святочную гамілію на беларускай мове. Гэта выклікала шчырае захапленне ўсіх прысутных.
Падчас урачыстасці была асвечаная памятная дошка з імёнамі святароў, якія працавалі ў архікатэдры да 1945 года. Цяпер яна будзе знаходзіцца ў святыні, каб назаўсёды ўганараваць іх памяць. У гэты дзень у выкананні парафіяльнага хору ўпершыню прагучаў напісаны адмыслова да свята гімн да Імя Марыі.
Цяжка паверыць, што яшчэ ў 1993 годзе святыня была моцна знявечаная і зусім не падобная на сённяшнюю. Шмат працы было зроблена за гэтыя 17 гадоў перш за ўсё намаганнямі кардынала Казіміра Свёнтка, былога пробашча архікатэдры ксяндза Яна Шуткевіча, сённяшняга пробашча архікатэдральнай парафіі Антонія Клімантовіча, адданасцю многіх парафіянаў i рэстаўратараў. Дзякуючы іх клопату і ахвярнасці адноўленая архікатэдра ззяе ва ўсёй сваёй велічы і прыгажосці.
Напрыканцы ўрачыстай Эўхарыстыі, якая стала кульмінацыйным пунктам святкавання юбілею катэдры, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў Богу і Апякунцы святыні — Найсвяцейшай Панне Марыі. Арцыпастыр выказаў таксама падзяку Святому Айцу Бэнэдыкту XVI за тое, што накіраваў у Мінск свайго легата кардынала Ёзафа Томко, і адзначыў, што гэта «з’яўляецца бачным знакам клопату Пантыфіка пра Касцёл у Беларусі».
Трэба было бачыць шчаслівыя ўсмешкі і вочы вернікаў, якія выходзілі з касцёла пасля заканчэння святой Імшы, натхнёныя словамі кардынала Ёзафа Томко: «У вас — Дух». Няхай гэтая радасць заўжды распальвае ў нашых сэрцах жаданне сведчыць пра Хрыста і заставацца вернымі Яго вучнямі: «Не нам, Пане, не нам, але Імені Твайму няхай будзе хвала».
Юлія Шэдзько.
Фота з урачыстасці
В. Кучаравага і М. Новікава.