Пахвалёны Езус Хрыстус!
Вітаем вас, паважаныя чытачы.
У нашай пошце апошняга часу пераважаюць лісты-падзякі. Вернікі дзякуюць сваім любімым святарам за іх нястомную і самаахвярную працу, а найперш дзякуюць Пану Богу за тое, што даў ім такіх цудоўных пастыраў. Нам заўсёды прыемна чытаць такія цёплыя, сардэчныя лісты — спадзяемся, што і вам таксама.
Людміла Галавач з пасёлка Бярэзінскі Маладзечанскага раёна пачынае свой ліст са словаў: «Мы любім свайго ксяндза Сяргея Бараўнёва». Далей спадарыня Людміла расказала нам пра тое, як яе напаткала выпрабаванне ў выглядзе цяжкай хваробы. І здавалася ўжо няма надзеі, але ж родныя і блізкія працягвалі маліцца да Пана Бога аб выздараўленні. Тройчы ў бальніцу прыязджаў ксёндз Сяргей. Ён таксама ўзносіў да Бога сваю малітву. І хвароба адступіла. Праз паўгода жанчына ўстала на ногі. «Нізкі паклон ксянду Сяргею Бараўнёву і ўсім людзям, якія маліліся за мяне», — піша спадарыня Людміла. А яшчэ яна звяртаецца да чытачоў часопіса з просьбай аб ахвяраваннях на пабудову касцёла ў пасёлку. Калі ў некага будзе жаданне і магчымасць дапамагчы, сродкі можна накіроўваць на р/р 3015207270014 у аддзяленні ААП «Белінвестбанк» г. Маладзечна, код 738, УНП 601 058991. «Няхай Бог благаславіць вас за вашу ахвяру», — так спадарыня Людміла заканчвае свой ліст.
Ванда Дзенісенка з Ельска расказвае пра ксяндза, які цяпер працуе далёка ад яе родных мясцінаў. Вось што яна піша: «Хачу павіншаваць шаноўнага ксяндза Юзафа Дзяконьскага з касцёла Узвышэння Святога Крыжа, што ў Баранавічах, з яго імянінамі — днём святога Юзафа (19 сакавіка) і з юбілеем — 25-годдзем святарскага служэння. Вернікі Мазырскага Палесся выказваюць нашаму дарагому імянінніку самыя шчырыя і сардэчныя пажаданні моцнага здароўя, Божага благаслаўлення і апекі Маці Божай. Хачу азірнуцца на мінулыя гады. У сакавіку 1995 г. пасля пяцідзесяці гадоў жыцця без касцёла я ўпершыню пераступіла яго парог. І першым маім ксяндзом быў ксёндз Юзаф. На яго долю выпала вельмі «вялікае жніво», бо ў той час ён быў першым і адзіным каталіцкім святаром ва ўсёй Гомельскай вобласці. Ён нёс слова Божае вернікам адзінаццаці раёнаў, ездзіў адпраўляць святую Імшу ў далёкія вёскі, а яшчэ ж займаўся рэканструкцыяй і будаўніцтвам двух касцёлаў — у Мазыры і Хойніках. У 1995 годзе я стала ездзіць з Ельска ў Мазыр на святую Імшу. Цягнік прыходзіў вельмі рана, і да касцёла я прыходзіла за 1,5—2 гадзіны да пачатку Імшы. Але ён заўсёды быў адчынены і ксёндз Юзаф ужо быў у касцёле. Нам вельмі пашанцавала — Пан Бог пасылае нам добрых і самаадданых святароў, якія сёння працягваюць працу на духоўнай ніве, распачатую ў 1990 годзе ксяндзом Юзафам. Дай Бог ім моцы і вытрымкі». Застаецца дадаць, што гэты ліст спадарыню Ванду папрасілі напісаць мазырскія вернікі.
Такі ж шчыры допіс прыйшоў да нас з вёскі Лебедзева Маладзечанскага раёна. Парафіяне касцёла Сэрца Езуса вырашылі падзяліцца сваёй радасцю — ім вельмі пашанцавала на пробашча. Вось што піша ад іх імя Юлія Кустэнка: «У 2001 годзе па ініцыятыве ксяндза Эдмунда Даўгіловіча ў нашай вёсцы распачалося будаўніцтва касцёла. І вось 22 лістапада 2005 г. мы перайшлі ў сваю святыню. Пробашчы мяняліся, і тым, якія бралі ўдзел у будаўніцтве касцёла і працавалі ў нас, жадаем усіх зямных дабротаў. А ў жніўні 2009 г. да нас прыехаў ксёндз Гжэгаж, пра якога я і хачу расказаць. Мы ўжо не ўяўляем жыцця без яго. Такі ён добры, шчыры і даступны, што мы ідзем да яго і ў горы, і ў радасці. Моладзь пайшла да касцёла. Ну а пра нас — старэйшых — што і казаць. Дарагі наш ойча! Дзякуем табе сардэчна за тваю любоў да нас. Няхай Божа ўсё жыццё дапамагае табе і тваё добрае сэрца не ведае болю і трывогі, а нашыя сэрцы заўсёды адкрыты для цябе».
Геня Бартко з вёскі Абруб у сваім допісе прыгадвае, як «на працягу апошняга тыдня перад Адвэнтам вернікі парафіі Святой Тройцы г. Глыбокае мелі ўнікальную магчымасць пакланіцца Збаўцу свету перад копіяй Святой Плашчаніцы. Са шчымлівым хваляваннем ішлі і кленчылі перад святыняй маладыя і старыя, мужчыны і жанчыны, падлеткі і маленькія дзеткі, ахвяруючы Пану Богу як свае цярпенні, хваробы, жыццёвыя цяжкасці, так і сваю бязмерную ўдзячнасць за дар жыцця, за радасці, дасягненні і перамогі».
Ну а напрыканцы згадаем ліст, у якім да нас з вамі звяртаюцца па дапамогу. Мінчанін Алесь Гусеў хоча памяняць сваё жыццё. Вось што ён піша: «Мне 40 гадоў, па адукацыі музыкант. Да Хрыста імнуўся яшчэ з юнацтва, калі час ад часу наведваў касцёл на Кальварыі. Некаторы час, знаходзячыся на працы ў Расіі (г. Пскоў), я наведваў тамтэйшую парафію. Іграў на аргане і спяваў падчас святой Імшы. З удзячнасцю ўспамінаю той светлы перыяд жыцця, калі меў такую лучнасць з Хрыстом. У 2001 годзе па сямейных абставінах быў вымушаны вярнуцца ў Мінск, дзе жыццё склалася зусім па-іншаму. У гэтым кароткім лісце ўсяго не распавядзеш. Некалькі гадоў таму я ізноў распачаў спробы вярнуцца да Хрыста. Наведваў Мосар, вельмі хацеў пераехаць туды жыць, прысвяціць сябе Богу і спевам. Пробашч ксёндз Булька быў не супраць. Але... не паспеў. Можа, ёсць такая парафія, у любым кутку Беларусі, куды я мог бы пераехаць на пастаяннае жыхарства і славіць Бога музыкай і спевамі. Я маю педагагічную музычную адукацыю, але ў Мінску працую вадзіцелем. Мушу знайсці ратаванне душы і новае жыццё ў Хрысце. Толькі ў гэтым бачу свой далейшы лёс. Можа, знойдзецца парафія, дзе я буду патрэбны і карысны». Напісаць спадару Алесю можна на адрас: 220036, г. Мінск, вул. К. Лібкнехта, д. 67, кв. 62. Гусеву А.А.
А мы дзякуем усім, хто нам напісаў, і хочам нагадаць вам, дарагія чытачы, што гэты год у нашым партыкулярным Касцёле праходзіць пад дэвізам «Божая міласэрнасць — адзіная надзея свету». Безумоўна, кожны з вас адчуваў прысутнасць Божай міласэрнасці ў сваім жыцці. Прапануем вам падзяліцца гэтым досведам — напісаць пра дзеянне Божай ласкі ў сваім лёсе і ў лёсах блізкіх вам людзей. Як заўсёды, чакаем вашых лістоў.
Да новых сустрэч. Заставайцеся з Богам.
Вера Галубовіч