Бульбай можна лячыцца

Часта, шукаючы карыснасць і лекавыя ўласцівасці ў экзатычнай садавіне і гародніне, чалавек не заўважае, што гародніна, якую мы ўжываем з дзяцінства, не менш карысная і лекавая. Сёння гаворка пойдзе пра звычайную бульбу, якую можна выкарыстоўваць пры некаторых захворваннях, а таксама як эфектыўны касметычны сродак.

Бульбай харчаваліся яшчэ інкі 3500 гадоў назад. Наш «другі хлеб» у Еўропе сталі вырошчваць з ХVI ст. — бульба трапіла сюды ў 1580 г. і распаўсюдзілася на нашай зямлі.

З часам людзі зразумелі, што з бульбы можна не толькі прыгатаваць шмат смачных страваў, але і тое, што яна з’яўляецца эфе­ктыўным лекавым сродкам пры многіх захворваннях. У склад бульбы ўваходзіць амаль 80% вады, 17% крухмалу і іншых вугляводаў, каля 1% клятчаткі, крыху тлушчаў і бялкоў, вітаміны С, В1, В2, В6, D, РР, Е, U, калій, жалеза, фосфар, магній, марганец, натрый, хлор, караціноіды, алкалоіды, а таксама яблычная, шчаўевая і лімонная кіслоты. Бялок бульбы вызначаецца вялікай біялагічнай каштоўнасцю, бо ў ім — 8 з 10 неабходных для арга­нізма амінакіслотаў. Вялікая коль­касць калія садзейнічае мачагоннаму дзеянню бульбы, та­му ўжываць яе рэкамендуецца тым, у каго хворыя ныркі і сэрца. Свежы сок з сырой цёртай бульбы прымяняецца пры язвавай хваробе страўніка і дванаццаціперснай кішкі. Глікаалкалоід тамацін знішчае некаторыя паразітычныя грыбкі і бактэрыі, супрацьдзейнічае расшырэнню кры­вяносных сасудаў, дапамагае пры алергіі. Сок прымяняюць і ў якасці сродка пры лячэнні пухлінаў. Аднак саланін у колькасці, якая перавышае 0,02%, шкодны для здароўя (ён знахо­дзіцца ў зялёных частках бульбы і растках). Для фармацэўтычных прэпаратаў шырока ўжываецца таксама бульбяны крухмал. 

У бульбе ёсць рэгулятары абмену тлушчаў і халестэрыну ў арганізме чалавека: халін, метыя­нін, глютамінавая і аспаргінавая кіслоты. Іх прысутнасць у арга­нізме вядзе да зніжэння агульнай колькасці халестэрыну ў вантробе і ўзмацняе выпрацоўку карыснымі кішачнымі бактэрыямі вітамінаў. Клятчатка бульбы на­столькi далiкатная, што не раздражняе слiзiстую абалонку страў­нiка i кiшэчнiка, таму развараную бульбу можна есцi ў час абвастрэння страўнiкава-кiшач­ных захворванняў.

Нашыя продкі здавён ужывалі бульбу і сок з яе для лячэння розных хваробаў. Некаторыя з карысных парадаў вядомыя амаль кожнаму, але многія несправядліва забытыя, таму варта пра іх напомніць.

Над адваранай у шалупінні бульбай карысна рабіць інгаляцыю пры прастудзе, насмарку, фарынгіце. Пасля прагравання над бульбяной парай насмарк утаймоўваецца, лягчэй адыхо­дзіць макрота.

Калі прыкладваць бульбяную кашу з варанай бульбы ці з нацёртай сырой на ацёкі (3 разы ў дзень), то яны змяншаюцца.

Сок, выціснуты з свежых сырых клубняў, прымаюць 2–3 разы ў дзень па палове шклянкі за паўгадзіны да ежы пры гас­трыце, язвавай хваробе страў­ніка і дванаццаціперснай кішкі ў стадыі рэмісіі. Можна дадаваць сок з морквы і сельдэрэю. Курс лячэння — 2 тыдні, затым перапынак на 7–10 дзён, і лячэнне паўтараецца. Пры гастрыце і каліце добрых вынікаў можна дасягнуць за 4–6 тыдняў, пры язвавай хваробе — за 6–8 тыдняў. Для прафілактыкі рэкамендуецца піць сок вясной і ўвосень на працягу 2-х тыдняў.

Сок са свежай бульбы са­дзей­нічае змяншэнню выдзялення кіслаты страўнікавымі залозамі, злёгку заглушае боль, паскарае рубцаванне язваў на слізістай абалонцы стрававальнага тракта. Да таго ж, бульбяны сок крыху паслабляе, а гэта вельмі важна для хворых на гастрыт і язвавую хваробу, пры якіх часта бываюць запоры. Бульбяны сок добра здымае пякотку, адрыжку і дапамагае пры розных дыспепсічных расстройствах.

Народная медыцына раіць піць свежы сок для зніжэння высокага крывянога ціску. Гэта парада абумоўлена наяўнасцю ў бульбе асаблівых карысных рэчываў — кокаамінаў, для захавання якіх бульбу трэба проста адварваць ці гатаваць на пары (пры іншым спосабе прыгатавання бульбы кокааміны разбураюцца).

Пры гіпертанічнай хваробе раіцца піць 4 шклянкі свежага соку ў дзень, але бульба павінна быць ружовых гатункаў. Сок трэба прымаць за 30 хвілін да ежы. 

Нядаўна выяўлена, што бульбяны сок паніжае ўзровень цукру ў крыві, таму ён карысны ў лячэнні пачатковай стадыі дыябету.

Пры лячэнні бульбяным сокам трэба памятаць, што ён неспрыяльна ўздзейнічае на зубную эмаль (яна дэмінералізуецца), таму трэба піць сок праз саломінку, а пасля гэтага добра прапаласкаць рот.

Нацёртая на тарцы бульба лічыцца добрым загаяльным сродкам пры апёках, экзэме і іншых пашкоджаннях скуры.

Карысная таксама і скурка бульбы. Адвар 100 г бульбянога шалупіння з 1 лімонам у трох літрах вады (гатаваць 20 хвілін) дапаможа пазбавіцца ад артрозу суставаў. Перад сном трэба парыць у ім ногі, а раніцай змазваць суставы сокам свежага лімона (ногі не выціраць, пачакаць, пакуль высахнуць).

Пры болях у суставах зрываюць прарослыя расткі бульбы (напрыклад, у паўлітровы слоік), заліваюць іх спіртам, закрываюць слоік накрыўкай і настойваюць 4 дні. Гэтым настоем расціраюць хворыя суставы і пасля абкручваюць іх цёплай шарсцяной тканінай. Дапамагае зняць боль і кампрэс з сырой цёртай бульбай — яго робяць перад сном і пакідаюць нанач.

Пры экзэмах, апёках, вуграх сырую цёртую бульбу ці сок прык­ладваюць на хворае месца слоем да 1 см на марлевай сурвэтцы. Праз 1—2 гадзіны кам­прэс мяняюць. Можна таксама дадаць да соку мёд (на 100 мл соку 1 лыжачка). Кампрэс трэба накладваць штодзённа на працягу 2 тыдняў. Пры неабходнасці праз 5–7 дзён курс лячэння паўтараюць.

Пры стрэсе, бяссонніцы і зо­бе таксама дапаможа бульбяны сок, а дакладней, сумесь сокаў: па 2 часткі бульбянога і маркоўнага, адной часткі соку сельдэрэя. Прымаць трэба па паў­шклянкі соку за паўгадзіны да ежы 2–3 разы ў дзень.

Пры болях у паясніцы бульбу неабходна адварыць, зліць ваду, стаўчы і дадаць 1–2 сталовыя лыжкі соды. Гэтую сумесь трэба пакласці на льняную ці баваўняную тканіну і замацаваць на паясніцы — накрыць цэлафанам і абвязаць шарсцяною хусткай.

Пры артрозах, поліартрыце, запаленчых захворваннях суставаў эфектыўная трохдзённая бульбяная дыета. Бульбу трэба добра памыць, прамыць кіпенем, заліць невялікай колькасцю вады і гатаваць на невялікім агні. Як зварыцца, патаўчы ў адвары. На сняданак, абед і вячэру гатуйце свежую порцыю. Пры гэтай дыеце трэба піць на працягу дня не менш як 2 літры вады.

Калі ў вас абветраныя ці пачырванелыя рукі, трэба растаўчы 2 бульбіны, дадаць крыху вады, у якой яна варылася, некалькі кропляў гліцэрыну, крыху агурковага ці лімоннага соку. Рабіць такую маску для рук варта штодзённа на працягу 10–12 хвілін, пажадана перад сном.

Папулярнымі сталі і маскі з варанай бульбы, якая добра змякчае скуру. Гарачую бульбу трэба стаўчы, дадаць крыху малака, жаўток і нанесці на твар цёплай, накрыўшы ручніком ці сурвэткай. Праз 20 хвілін змыць спачатку цёплай вадой, а потым — халоднай.

Шырока ўжываецца ў народнай медыцыне і бульбяны крухмал. Яго прымаюць у выглядзе кiсялю пры атручваннях (пасля апаражнення страўнiка) i як абвалаквальны сродак. Пры апёках i апрэласцях скуры ў дзяцей крухмал выкарыстоўваюць як прысыпку, прымяняюць таксама, каб суцішыць сверб на скуры пры алергіі.

Для прыгатавання соку выкарыстоўвайце толькі самую лепшую бульбу.

Пры гемароі прымяняюць выразаныя з сырой бульбы невялікія «свечкі» (накшталт медыцынскіх свечачак). Калі пры ўвя­дзенні іх у прамую кішку адчуваецца боль ці пякота, «свечкі» папярэдне абмакваюць у мёд. Звы­чайна трэба зрабіць 10 працэдур — праз дзень перад сном на паўгадзіны. На гемараідальныя шышкі таксама накладваюць цёртую бульбу.

Лячэнне сокам з бульбы пажадана папярэдзіць вегетарыянскай дыетай (2–3 дні), а таксама ачышчальнай клізмай. Падчас лячэння лепш не ўжываць салёную і вострую ежу, мясныя і рыбныя стравы. 

Варта ведаць, што пры цяж­кіх формах цукровага дыябету, а таксама пры гастрытах з паніжанай секрэцыяй страў­нікавага соку прымяняць буль­бяны сок не рэкамендуецца.

Папярэджваем: перш чым прымяняць апублікаваныя рэцэпты, пажадана параіцца з урачом.

Важна таксама ведаць, што змешваць пры ежы бялкі і вугляводы нельга, бо засвойванне бялкоў і вугляводаў адбываецца ў арганізме па-рознаму, таму, калі яны ўжываюцца разам, працэс стрававання запавольваецца. Не рэкамендуецца есці бульбу з мясам, рыбай, курыцай, нельга дадаваць яйкі ў бульбяныя салаты. Не спалучаецца буль­ба і з памідорамі, бо ў іх ёсць цытрусавая, яблычная і шчаўевая кіслоты, якія перашкаджаюць пераварванню бульбы. З варанай і печанай бульбай лепш за ўсё спалучаюцца кабачкі, капуста, ліставая зеляніна.

 Падрыхтавала 

Аліна Лукашэвіч.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней