Паважаная рэдакцыя часопіса «Ave Maria»!
Мы, вернікі мінскай парафіі святога Яна Хрысціцеля, а таксама шматлікія члены малітоўных супольнасцяў, хочам выказаць вялікую пашану і ўдзячнасць нашаму пробашчу ксяндзу дэкану Ігару Лашуку і павіншаваць яго з 45-годдзем з дня нараджэння.
Многія з нас памятаюць, як на пачатку снежня 1996 г. ксёндз Ігар, якога кардынал Казімір Свёнтэк прызначыў пробашчам нашай парафіі, распачынаў сваё служэнне ў Мінску. Парафія тады была нешматлікай — каля 30 вернікаў, якія маліліся спачатку ў невялікай хаце каля Чыжоўскага вадасховішча, потым — у арандаванай зале ЖЭСа ў Серабранцы. На нашых вачах парафія расла не толькі колькасна, але ўзмацнялася і развівалася духоўна.
Дзякуючы намаганням і нястомнай энергіі айца Ігара была ўзведзеная парафіяльная капліца, у якой з кожным годам павялічваецца супольнасць вернікаў, распачалася будова вялікай парафіяльнай святыні. Нягледзячы на вялікую зангажаванасць нашага пробашча ў будаўніцтве храма, ён нястомна клапоціцца пра належны ўзровень душпастырства вернікаў. У парафіі вядзецца вялікая праца па духоўна-маральным выхаванні дзяцей і моладзі, маладых сем’яў. Гэтаму спрыяе створаны па ініцыятыве ксяндза Ігара моладзевы цэнтр, які з’яўляецца яскравым прыкладам клопату айцоў салезіянаў аб падрастаючым пакаленні.
Ксёндз Ігар актыўна садзейнічаў стварэнню малітоўных згуртаванняў, якія працуюць пры нашай парафіі, — «Легіёну Марыі», руху «Маргарытка», «Маці ў малітве», Таварыства Маці Божай Апякункі добрай смерці, Апостальства дапамогі душам чыстцовым, руху «Адкрытыя сэрцы», «Сябры Марыі», Руху чыстых сэрцаў, супольнасці Адарацыі Найсвяцейшага Сэрца Езуса і прыхільнікаў Беззаганнага Сэрца Марыі, а таксама супольнасці аніматараў, міністрантаў, СМС (супольнасці маладых сем’яў), салезіянскіх супрацоўнікаў.
З Божай дапамогай, дзякуючы руплівасці і самаадданаму служэнню айца Ігара былі заснаваны парафіі св. Мацвея ў Раўбічах, Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у в. Бараўляны, Святога Духа ў мінскім мікрараёне Чыжоўка, парафіі Божага Цела па вул. Ангарскай.
Мы вельмі шчаслівыя, што ў асобе ксяндза Ігара маем адданага духоўніка, шчырага ў працы і ў малітве, які знаходзіць для кожнага добрае слова, вучыць быць сапраўднымі хрысціянамі. Дзякуючы служэнню ксяндза Ігара многія маладыя людзі знайшлі дарогу да Бога і знайшлі сэнс жыцця, узбагаціліся духоўна.
Мы шчыра ўдзячныя Пану Богу за тое, што ў нас працуе такі цудоўны святар, заўсёды адкрыты на людскія патрэбы. Наш пробашч мае вялікі душпастырскі аўтарытэт не толькі ў сваіх парафіянаў — часта да яго звяртаюцца вернікі і моладзь з іншых парафій Мінска, ведаючы, што ён ніколі не адмовіць у сакрамэнце споведзі ці духоўнай размове, дапаможа ўбачыць выйсце, знойдзе патрэбныя словы для кожнага чалавека.
Дарагі наш айцец Ігар! Няхай добры Бог асвеціць шчодрымі ласкамі Ваш зямны шлях, адорыць моцным здароўем, спашле моц, натхненне, цярплівасць і вытрымку на доўгія гады Вашага пастырскага служэння дзеля ратавання людскіх душаў, каб, як Вы зазначылі ў адным са сваіх казанняў да моладзі, мы «здолелі ў паўсядзённасці нашага жыцця распазнаць сваё пакліканне і рухацца да святасці, пераадолеўшы ў сабе грэх ляноты і раўнадушша».
З малітваю — удзячныя парафіяне і ўдзельнікі ўсіх рухаў і супольнасцяў.