Лідзія
Імя Лідзія мае грэцка-лацінскае паходжанне і азначае найперш старажытную краіну каля Эгейскага мора.
У Каталіцкім Касцёле ёсць дзве святыя з гэтым імем. Найбольш знаная з іх тая, пра якую ўзгадваюць Дзеі святых Апосталаў (16, 14—15, 40). Гэтая жанчына вырабляла дарагі пурпур і гандлявала ім. Пад уплывам святога апостала Паўла Лідзія прыняла навучанне Езуса Хрыста. Яна стала першай еўрапейскай язычніцай, якая прыняла хрысціянства. Лідзія запрасіла пасля гэтага да сябе Апостала народаў і ягоных сяброў, і яны нейкі час жылі ў яе.
Апостал пазней з удзячнасцю згадваў той час у сваіх Пасланнях да Карынцянаў (11, 9) і да Філіпянаў (4, 15).
Да канца свайго зямнога жыцця Лідзія заставалася вернаю Хрысту і Яго вучэнню, чым і заслужыла славу святой кабеты.
У беларускай тапаніміцы імя Лідзія прыгожа ўпісана ў назву горада на Гарадзеншчыне — Ліда, а таксама ў назву яго знакамітага замка. Шмат працуе па даследаванні беларускай літаратуры Лідзія Савік, а пісьменніца Лідзія Арабей вядомая сваімі шматлікімі творамі для дарослых і дзяцей, даследаваннямі біяграфіі класіка беларускай літаратуры Цёткі. Дзякуючы пільнаму воку карэктара і стыльрэдактара Лідзіі Камінскай наш часопіс, а таксама часопісы «Наша вера», «Маленькі рыцар Беззаганнай» ды кнігі, якія выходзяць у выдавецтве «Про Хрысто», пазбягаюць прыкрых памылак і розных недакладнасцяў.
Імяніны: 27 сакавіка і 3 жніўня.
Патрык
Імя лацінскага паходжання, якое азначае шляхетна народжаны.
Найбольш вядомы святы з гэтым імем — апостал і апякун Ірландыі (385 — 461гг.) Ягонай радзімай была Англія, і калі Патрык жыў у ёй, то насіў кельцкае імя Сукат. У 16 гадоў хлопец трапіў у няволю да ірландцаў, дзе пасвіў авечак. Аднойчы яму пашчасціла ўцячы на караблі. Ён жыў і вучыўся ў Францыі, там жа прыняў сакрамэнт святарства. А ў 432 г. святар Патрык атрымаў біскупскае пасвячэнне і быў высланы на місію ў Ірландыю. Веданне мовы, звычаяў і культуры народа дапамагло яму ў служэнні, якое не было лёгкім, — здараліся нават замахі на ягонае жыццё з боку язычнікаў. Але малады місіянер не адступаўся і, дзякуючы настойлівасці, вялікай любові да людзей ды евангельскаму запалу, Добрая Навіна шырока распаўсюдзілася па Зялёнай Выспе.
Святы Патрык ахвотна запрашаў на місіі ў Ірландыю святароў з розных краінаў, асабліва манахаў. У выніку ў краіне адзін за адным паўставалі кляштары, у якіх трывала малітва. Дарэчы, у Ірландыі нарадзіўся звычай супольнай малітвы манахаў з вернікамі, якая распачыналася біццём у званы. Пазней звычай абвяшчэння пачатку малітвы ўдарамі званоў ірландскія манахі распаўсюдзілі па ўсёй Еўропе.
Апошнія дні свайго жыцця святы Патрык правёў у цішыні кляштара і малітве. Ён пражыў на зямлі 76 гадоў, 40 з якіх прысвяціў Ірландыі. Гэтая краіна ўшаноўвае яго як свайго Апостала, айца і апекуна. Штогадовыя ўрачыстасці ў гонар гэтага святога ператвараюцца ў Ірландыі, Канадзе, ЗША ды іншых краінах у жыццярадасныя рэлігійныя і народныя святы. Іх удзельнікі прышпіляюць сабе на грудзі альбо малююць на шчоках трыліснік канюшыны. Гэта — памятка пра тое, што святы Патрык распачынаў кожную сваю місію з абвяшчэння асноўнай хрысціянскай праўды аб Найсвяцейшай Тройцы, якую ілюстраваў трыліснікам канюшыны.
Апошнім часам урачыстасці ў гонар святога Патрыка, хоць і з меншым размахам, адбываюцца і ў Беларусі. Праўда, імя гэтае амаль не сустракаецца ў беларускіх сем’ях. Ведала аднаго слаўнага хлопца — Патрыка Новікава, але і той разам з бацькамі не так даўно выехаў у Амерыку і цяпер штогод разам з маці шые вясёлыя карнавальныя касцюмы для ўдзелу ў цудоўных жыццярадасных урачыстасцях у гонар святога, чыё імя ён носіць.
Імяніны: 17 сакавіка, а таксама 20 сакавіка, 16 красавіка, 9 ліпеня.
Падрыхтавала
Ірэна Задарожная.