Як жа гэта цяжка — сведчыць па-сапраўднаму, дзяліцца сваімі самымі глыбокімі перажываннямі, і асабліва цяжка рабіць гэта ў часопісе, калі не бачыш вачэй тых, перад кім ты даеш сведчанне... Герой нашага аповеду настаяў на тым, каб падпісацца менавіта як «былы страшны грэшнік», не прымаючы ніякіх іншых варыянтаў. Прэтэнцыёзна? Не, проста вельмі шчыра і з вялікім імкненнем перасцерагчы кожнага ад памылак, якіх ён у сваім жыцці не здолеў абмінуць. Гэтае сведчанне — «званочак» і для тых святароў і законных асобаў, якія апякуюцца моладдзю. Маладыя людзі ў час фармавання характару патрабуюць асаблівай увагі і падтрымкі, каб не паддацца такім прывабным і небяспечным спакусам сённяшняга свету...
Прывітанне! Я звычайны хлопец, мне 16 гадоў. Нягледзячы на свой ўзрост, я ўбачыў і, на жаль, усё яшчэ бачу цёмныя бакі сучаснага грамадства. Я доўга не жадаў распавядаць сваю гісторыю, бо сапраўды лічыў, што нікога мая барацьба не здзівіць. Але сення я зразумеў, што мая гісторыя сапраўды можа камусьці дапамагчы. Я ведаю, што чалавеку часам вельмі цяжка зразумець тое, што дзеецца ў душы бліжняга, і таму прашу вас не судзіць мяне, а па магчымасці шчыра памаліцца аб тым, каб Бог адарыў ласкай трываласці маю грэшную душу.
Вось гісторыя майго жыцця. Я па вялікай Божай міласці нарадзіўся ў каталіцкай сям’і, з самага дзяцінства быў пры касцёле, шчыра любіў Пана Бога. Я ніколі не прапускаў катэхезы, больш за тое — з шасці гадоў стаў міністрантам. Я не проста ішоў, а бег на Імшу, а вяртаючыся, спяваў рэлігійныя спевы. Адным словам — жыў у Божай любові і ад усяго сэрца любіў Пана, але потым нешта змянілася...
Папраўдзе, цяжка сказаць, калі распачаліся гэтыя змены, мабыць, у класе шостым. Калі цяпер я гляджу на падзеі вачамі хрысціяніна, то разумею, што ў той момант я памёр. Не, гэта не памылка, я напісаў усё правільна — я сапраўды памёр. Не фізічнай смерцю, але, што яшчэ больш страшна, духоўнай: я «астыў» да стану «цёплага» хрысціяніна — хадзіў у нядзелю на Імшу, калі-нікалі спавядаўся... Але гэта было ўжо зусім не тое, чаго я, на жаль, яшчэ не разумеў, маючы больш значныя, як мне здавалася, справы...
Усё пачалося з таго, што дарослыя сталі мяне хваліць і хвалілі шмат, таму хутка мне гэта спадабалася. З цягам часу ў маім дзіцячым сэрцы з’явілася надзвычайная патрэба ў тым, каб мяне хвалілі. Нават цяжка сабе ўявіць, як такое малое дзіця змагло збудаваць у сабе такі вялікі і небяспечны свет эгаізму! І вось парадокс: у такім вялізным свеце хапала месца толькі для мяне аднаго, іншых людзей там не было. Я пачаў з пыхі, і менавіта яна, я ўпэўнены, ёсць коранем усяго зла, таму прашу: не дайце ёй пасяліцца ў вашых сэрцах.
І вось, калі я жыў сваёю пыхаю, раптам узнікла пытанне: «Чаму гэта я такі цудоўны, а не маю сяброў?». Цяпер я разумею, што тады Бог мяне абараніў ад дрэннага асяроддзя, і за гэта Яму вялікі дзякуй. Такім чынам, мяне гэтая праблема вельмі хвалявала, і я быў увесь час засмучаны. Справа насамрэч вельмі простая: мяне не любілі людзі, і таму я сам пачаў сябе любіць. Як жа гэта сумна, і як жа я пакутую, калі бачу тое ж у людзях навокал!
А прагненне атрымаць прызнанне ў аднакласнікаў стала такім вялікім, што я вырашыў пераняць іх звычкі, якія здаваліся мне вельмі прывабнымі. Безумоўна, першае месца сярод іх заняла парнаграфія. Мы, дзеці, пачалі бачыць у ёй нешта надзвычай значнае, без чаго немагчыма пражыць. Я лічыў, што дзякуючы прагляду парнаграфіі стану больш дарослым і сталым, а цяпер бачу, што, чым больш я аддаваў ёй часу, тым больш пераставаў быць чалавекам і ператвараўся ў малпу. Адным словам, шукаў цытрамону, а выпіў мыш’як.
Праўду кажа народная мудрасць: бяда не прыходзіць адна. За паравозам парнаграфіі пацягнуліся вагоны-грахі. І сярод іх, як мне здаецца, найстрашнейшы грэх рукаблуду, які цяпер модна называць ананізмам, ці мастурбацыяй. Мне цяжка і сорамна казаць пра гэта, але калі прамаўчу, што я за хрысціянін?!
Першы раз я вельмі спужаўся, і аказалася — было чаго баяцца. Вынікі гэтага граху сталі проста катастрафічныя: ужо на наступны дзень я спяшаўся са школы, каб зноў грашыць. Я ператварыўся ў нявольніка, які не мог жыць без ананізму. Грэх паглынуў мяне, усе мае думкі і памкненні. Здавалася, я адкрыў таямніцу шчасця і з радасцю вітаў сваю духоўную смерць. На шчасце, праз нейкі час Бог даў мне зразумець, што мастурбацыя з’яўляецца цяжкім грахом. Я вырашыў назаўсёды ад яго пазбавіцца. Мне здавалася, што я кантралюю сітуацыю і з лёгкасцю адмоўлюся ад гэтага наркотыка, але не змог... Справа, на вырашэнне якой я вызначыў некалькі дзён, стала цяжкай барацьбою з фарпостам зла, пабудаваным у маёй душы. Барацьба доўжылася некалькі гадоў, і наўрад ці сатана і цяпер здаўся.
Гэтая мая нікчэмнасць выклікала ўва мне вялікае здзіўленне, шок, бо я лічыў сябе вольнаю птушкаю, якая робіць што заўгодна: хоча — выбірае чыстасць, хоча — выбірае бруд. Але насамрэч я быў нявольнікам, які не здольны выбіраць сам. Уласная пустэча мяне спужала, я стаў нервовы, нецярплівы, злосны, няшчыры, лічыў, што мне ніхто не патрэбны... Як жа я памыляўся!
Што я толькі не спрабаваў, каб перамагчы грэх! Даваў сабе зарокі, спадзеючыся на ўласныя сілы, спрабаваў сябе нечым заняць, адным словам, рабіў усё, што мог. Але нічога не дапамагло, і тады я пачаў прасіць паратунку ў Бога. Прасіў доўга і ўпарта, і Ён мне дапамог пазбавіцца ад грахоў ананізму і захаплення парнаграфіяй. У выніку пасля генеральнай споведзі я не стрываў толькі аднойчы, і больш гэтага не жадаю, лепей — смерць...
Але мастурбацыя была толькі адным з грахоў, ад якіх пакутавала мая душа. Вялікаю памылкаю стала тое, што я трапіў у пастку той «культуры», якую прапагандуюць сродкі масавай інфармацыі.
Можа здавацца неверагоднай мара чатырнаццігадовага хлопца мець інтымныя стасункі з дзяўчынай, але так было. Самае страшнае, што такая мара была не толькі ў мяне, але і ў кожнага з майго асяроддзя. Слёзы з’яўляюцца на вачах, калі разумееш, што ў свеце ідзе вялікая вайна супраць нас — моладзі. Я меў шмат сяброў, і ўсе мы мелі агульныя «ідэалы». Лепш сказаць не ідэалы, а ідалы. І вельмі балюча, што многія з нас і цяпер не зразумелі праўды, якою ёсць Хрыстус.
Такім чынам, я, прагнучы павялічыць свой аўтарытэт у дзяўчат, стаў сябраваць з вельмі разбэшчаным хлопцам, вельмі папулярным у моладзі з майго горада. Разам з ім і яго кампаніяй я прызвычаіўся да алкаголю, цыгарэтаў, лаянкі і распусты. Цела «весялілася», а душа мая балела і пакутавала разам з Езусам. Вельмі часта я хацеў уцячы, але... У той час я лічыў, што будую ўласнае шчасце, але для будоўлі выбіраў самыя кепскія матэрыялы — яна не прастаяла б і пары гадоў. Так і многія людзі лічаць, што шчаслівыя, што збудавалі для сваёй душы трывалыя будынкі, але часам дастаткова аднаго слова, і яны абваляцца, быццам ад землятрусу. Вось яно, хлуслівае шчасце, сапраўднае ж — не знішчыць...
Мы з кампаніяй «весяліліся», а тым часам грахоў у мяне набралася столькі, што пад іх цяжарам я не мог стаяць у касцёле... Мне было вельмі, вельмі дрэнна, я сапраўды, не на словах адчуў... што стаў жахлівым грэшнікам. Потым мае «сябры» парушылі закон і ва ўсім абвінавацілі мяне. Я быў упэўнены, што ўвесь свет супраць мяне, але гэта я сам пакараў сябе сваімі грахамі.
А пасля суду, калі мяне апраўдалі, я пайшоў у касцёл. З левага боку ад алтара сядзеў святар і чакаў, пакуль хто-небудзь вызнае Богу свае грахі. Я падышоў і доўга спавядаўся, мне было што распавесці... Вы толькі ўявіце сабе: столькі смецця — і ўсё гэта Бог мне прабачыў. Калі я ўкленчыў, каб прыняць Камунію, то ўжо не мог стрымаць слёзы. Я плакаў так, як не плакаў яшчэ ніколі ў жыцці... Гэта быў пачатак майго перамянення...
Спадзяюся, што вам дапаможа мая гісторыя. Не бойцеся цяжкасцяў, толькі даверцеся Богу бязмежна, і Ён выратуе вас, як выратаваў мяне...
Былы страшны грэшнік