Нязведаныя шляхі твае, Божа: студэнт Тадэвуш Кандрусевіч збіраўся пісаць кандыдацкую па гідрааўтаматыцы, а напісаў… дактарат па даследаванні самасвядомасці Касцёла ў дакументах Другога Ватыканскага Сабору. Ці простым быў такі выбар? У гутарцы з нашым карэспандэнтам Мітрапаліт аналізуе свой жыццёвы шлях, узгадвае студэнцкія часы і дзеліцца развагамі пра сацыяльныя сеткі.
— Якія прадметы, акрамя матэматыкі і фізікі, Вам падабаліся ў школе?
— Гісторыя мне падабалася. А яшчэ фізкультура і праца (смяецца).
— Дзеці любяць разважаць над тым, кім яны стануць, калі вырастуць. Над чым разважалі Вы?
— Я нарадзіўся ў вёсцы. Як хадзіў у школу, мне часам думалася: «Вось, каб быць такім жа адукаваным, як наш настаўнік, — ён усё ведае!». Недалёка ад нас была застава, і вельмі часта праз вёску праходзілі жаўнеры. Вайскоўцы ідуць, а мы, хлопцы, побач прыстроімся і маршыруем. І так падабалася! Я рос у вельмі пабожнай сям’і, і касцёл у нас заўсёды быў адчынены, але ў ім не ўвесь час быў святар. Калі мне было гадоў 10, у парафіі з’явіўся пастаянны святар — Пётр Барташэвіч. Ён адразу пачаў збіраць вакол сябе міністрантаў — нас было больш за 30 чалавек. Выдатная была міністранцкая фармацыя! У тыя часы была яшчэ трыдэнцкая Імша — па старым узоры, таму трэба было ведаць міністратуру на лацінскай мове...
А яшчэ гулялі мы ў футбол — ксёндз нават брамы пасля паставіў. Хто з нас калі бачыў той футбол? Але самае важнае было тое, што святар сам прыходзіў і ў сутане гуляў з намі ў гэты футбол. І тады ўпершыню з’явілася думка пра святарства.
— Але ў семінарыю Вы падаліся не адразу...
— Я заўсёды быў веруючым, хадзіў у касцёл. Але нават з пазіцыі сённяшняга дня, калі прайшло ўжо 50 гадоў, як я вучыўся ў школе, я не ўпэўнены, ці я пайшоў бы адразу ў семінарыю. Я нават не ведаў, дзе яна знаходзілася. А паколькі мяне прыцягвалі таксама фізіка і матэматыка, пайшоў у Гродзенскі педінстытут, на фізмат. Многа думаў і пра тое, ці не пайсці ў медыцыну — у Гродне тады якраз адкрыўся ўніверсітэт. На той час гэта была такая экзотыка — медыцына была вельмі папулярным кірункам.
Але ў інстытуце я правучыўся нядоўга. У газетах пачалі пісаць, што хтосьці са студэнтаў ходзіць да касцёла. Абураліся, як гэта магчыма, што будучы выхаваўца моладзі — веруючы. Пры тых ідэалагічных умовах гэта было непрымальна. І я быў вымушаны пакінуць інстытут. Вучыцца паехаў у Ленінград. Там скончыў політэхнічны, затым быў накіраваны працаваць у Вільню.
— Ці лёгка было пакінуць тое размеранае жыццё і паехаць у Ленінград?
— Мне давялося яго пакінуць. Інакш (гэта было зразумела) мне проста не далі б атрымаць вышэйшую адукацыю. Але мне хацелася вучыцца і трэба было шукаць нейкае выйсце. Я паехаў у Ленінград і паступаў наноў.
— Як праходзілі Вашы студэнцкія гады?
— Мне навука давалася вельмі лёгка. Гэта не было нейкай цяжкасцю. Я ніколі не сядзеў па начах. Летам любіў гуляць у футбол, зімой — хакей альбо лыжы. Але як сесія прыходзіла, хакей ці футбол усё адно заставаліся. Як набегаюся, адпачываю яшчэ лепш — кіслароду многа. І была ў нас, студэнтаў, такая практыка: у апошні дзень перад экзаменам мы сядалі ў адным пакоі разам — такая група моцных студэнтаў, тры-чатыры чалавекі — і кожны расказваў па пытанні, першае пытанне — адзін распавядае, другое пытанне — другі. І так па чарзе. Не ведаю, ці карыстаюцца такой практыкай студэнты сёння, але мне яна была даспадобы. Пазней, калі вучыўся ў семінарыі, я ўвёў яе там. Гэта дапамагала. Я вельмі любіў вучыцца, і нават сёння, калі б у мяне было больш часу, хоць кітайскую мову пайшоў бы вучыць.
— А ці спісваў студэнт Тадэвуш Кандрусевіч?
— Не памятаю. Можа, і было на такіх дысцыплінах, як палітэканомія ці марксісцка-ленінская філасофія, якіх ніхто не любіў, але якія трэба было здаць на 5, каб атрымліваць павышаную стыпендыю. Але звычайна было наадварот: калі мы пісалі кантрольную, стараўся дапамагаць іншым. Я казаў так: я добра буду ведаць дысцыпліну тады, калі спачатку зраблю заданні камусьці іншаму, а ўжо пасля і сабе. Але такая тактыка хутка пачала падводзіць, бо я не паспяваў рашаць свае заданні, а вакол пастаянна ўзнікалі вучні, якія не вельмі любілі вучыцца, але хацелі сядзець побач (смяецца).
— Пра што марыць святар у 65 гадоў?
— Паступова набліжаецца ўжо 30 гадоў святарства... Вядома, раней сітуацыя была не з простых. Працаваў я ў Вострай Браме — гэта і сёння самы вялікі санктуарый у нашай геапалітычнай прасторы. На той час туды прыязджала ці не палова беларусаў. Трэба было працаваць, як машына. І казанняў многа, і хростаў многа, і шлюбаў многа. У год у нас было каля 1600 хростаў, каля 800 шлюбаў, 480 пахаванняў. Я ўжо не кажу пра споведзі, Імшы... Усё было на дзвюх мовах — літоўскай і польскай. У нядзелю было 8 Імшаў. Святароў было не так многа, шмат даводзілася ездзіць і на рэкалекцыі. Катэхізацыя вялася тры месяцы летам. Хацелася таксама і вучыцца далей — я працаваў над ліцэнцыятам, потым над дактаратам, які абараніў на каўнаскім факультэце тэалогіі. Але з іншага боку — гэта ўсё вельмі моцна дысцыплінавала, развівала пачуццё адказнасці: калі ты не паедзеш, то ніхто не паедзе, бо святароў мала і ўсе занятыя працай, замяніцца няма з кім.
Сёння сітуацыя змяняецца. І думаецца ўжо пра тое, каб святар выкарыстаў тыя магчымасці, якія ён сёння мае: каб святар заставаўся святаром да канца — каб свецкія справы не пацягнулі яго, каб у знешняй актыўнасці ён не згубіў свайго святарства і заставаўся верны свайму пакліканню.
— Ці ёсць у Беларусі неабходнасць для стварэння ўласнага рэлігійнага каналу?
— Сёння, калі Касцёл хоча быць сапраўды евангелізуючым Касцёлам, ён павінен выкарыстоўваць усе сродкі мас-медыа. Паглядзіце, колькі людзей сёння па-за мурамі Касцёла, а моладзь выхаваная сёння пераважна на інтэрнэце, тэлебачанні, радыё. Пакуль што мы маем праграму «Існасць», уключаюцца прамыя трансляцыі на святы... Але гэтага недастаткова. Патрэба ёсць вялікая. Магло б, напрыклад, быць слова пастыра — як гэта робіць Праваслаўная Царква на ОНТ, нейкія тэматычныя праграмы. Але як гэта зрабіць, я яшчэ не ведаю. Колькі ўжо захадаў было, але сур’ёзнага рашэння пакуль няма. Нядаўна зноў размаўляў на гэтую тэму, але пра вынікі размовы гаварыць пакуль рана.
— Вы ўжо неяк казалі, што актыўна карыстаецеся інтэрнэтам, каб быць у курсе падзеяў. Сёння вельмі распаўсюджаныя сацыяльныя сеткі. Ці ёсць у Вас старонкі на падобных сайтах?
— Так, сапраўды я часта карыстаюся інтэрнэтам, калі трэба ведаць навіны, калі рыхтуюся да казання ці раблю пастырскае пасланне або канферэнцыю на пэўную тэму. Бо хочацца, каб гэта не была толькі чыстая тэорыя. Што да старонкі ў сацыяльных сетках, то сваёй старонкі ў мяне няма. Я пакуль што над гэтым не задумваўся. Але нават калі б і была — яе трэба абнаўляць, а на гэта патрэбны час.
— Апошнім часам святары даволі актыўна далучаюцца да сацыяльных сетак. Як Вы да гэтага ставіцеся?
— Я ведаю, што і некаторыя замежныя біскупы маюць такія анкеты. Проста трэба заўжды памятаць пра тое, што ты святар, памятаць, што на цябе ўсе глядзяць, і разумець, у якой «кампаніі» ты знаходзішся. Калі святар ёсць у сеціве, з ім кантактуе многа людзей, і хацелася б, каб яны вучыліся ад яго дабру і каб гэтая старонка служыла абвяшчэнню Евангелля, хрысціянскіх маральных каштоўнасцяў.
— А ці не разглядаеце Вы, напрыклад, той жа facebook як форму стасункаў паміж біскупам і пробашчамі, як сродак, праз які можна рассылаць казанні?
— Вядома, facebook мог бы стаць такой формай. Але той са святароў, хто мяне шукае, і так мяне заўсёды знойдзе. Неабавязкова для гэтага выкарыстоўваць facebook. І я не думаю, што гэта кардынальна вырашыла б праблему. Іншая рэч, што для перасылкі тых жа казанняў у нас ёсць іншы сродак — catholic.by. Але гэта не значыць, што я супраць facebook. Час пакажа, што будзе далей, і я не выключаю, што буду ім карыстацца.
— Вельмі часта моладзь стаіць перад выбарам: універсітэт альбо семінарыя, свецкасць альбо духоўнасць. Вашая парада: як распазнаць пакліканне?
— Гэтае пытанне ўзнікае ў жыцці кожнага чалавека. І перада мной 35 гадоў таму таксама стаяла. Я быў інжынерам, меў добрыя перспектывы. Разам з іншымі інжынерамі атрымаў патэнт на спецыяльны шліфавальны станок для Волжскага аўтаваза. Вучыўся ў аспірантуры — такая кар’ера абяцалася быць... З іншага боку, я пастаянна задаваўся пытаннем, ці да канца я рэалізоўваю сябе. Штосьці такое ў галаве пастаянна круцілася. А святароў у Беларусі на той час станавілася ўсё менш і менш. Я доўга шукаў адказ — некалькі гадоў. І ўвесь гэты час я маліўся. Аднойчы, стоячы на каленях пры Вострай Браме, я сказаў сабе: іду ў семінарыю. І пайшоў, нягледзячы на ўсе цяжкасці. Трэба заўсёды размаўляць з Богам — і Ён падкажа правільнае рашэнне. Толькі не трэба змушаць Бога — «скажы мне заўтра». Прыйдзе час, і Бог скажа, якой дарогай ісці, каб быць карысным і Касцёлу, і людзям. Бо можна быць патрэбным святаром, законнікам ці законніцай, а можна быць проста добрым сем’янінам, лекарам, інжынерам...
— Ці ўзнікала ў Вас жаданне ўступіць у закон?
— Не, не было такой думкі. Ды і ў тыя часы, калі я вучыўся, пра законы мала што было вядома. Казалі часам: вось езуіт пайшоў, а там — марыянін служыць. А праўда гэта ці не, хто там ведаў. Мяне да гэтага неяк не цягнула. Хоць, напрыклад, сённяшні біскуп Новасібірска Ёзаф Верт, з якім мы разам вучыліся ў семінарыі, езуіт. Ён вучыўся на два гады пазней за мяне, але толькі пасля заканчэння семінарыі я даведаўся, што ён законнік.
— Колькі моваў Вы ведаеце і якую хацелі б вывучыць?
— Я магу размаўляць на рускай, беларускай, польскай, літоўскай, англійскай і італьянскай. Добра разумею ўкраінскую і славацкую мовы. Калісьці меў мару навучыцца французскай, але так і не давялося. Сёння ўжо з пункту гледжання евангелізацыі, як святар, я з радасцю б вывучыў кітайскую мову — гэта вялікі народ з вялікімі традыцыямі. Мне аднойчы даводзілася чытаць радок з малітвы вернікаў па-кітайску падчас усеагульнай расійскай сустрэчы моладзі ў Іркуцку. Справіўся нядрэнна: кітайская мова значна лягчэйшая за в’етнамскую, у апошняй увогуле трэба спяваць.
— Калі б на адзін дзень Вам прапанавалі змяніць сутану на касцюм якой-небудзь іншай прафесіі і папрацаваць адзін дзень у іншай сферы, што б Вы выбралі?
— Яшчэ студэнтам неяк я быў на практыцы ў зборачным цэху аўтамабіляў, таму, калі б раптам надарылася магчымасць, я вярнуўся б, відаць, і папрацаваў адзін дзень там...
Гутарыў Ілья Лапато.