Стол Божага слова
03.03.2011|№ 3 (192) 2011

IV нядзеля Вялікага посту — 

3 красавіка 2011г. 

Чытанні: 1 Сам 16, 1b. 6–7. 10–13а; 

Пс 23 (22), 1–3а. 3b–4. 5. 6; Эф 5, 8–14

Евангелле паводле Яна 9, 1—41

Пайсці на рызыку ўбачыць

У сённяшнім Евангеллі мы бачым Езуса, які вяртае сляпому зрок. Езус лечыць ад слепаты тых, хто хоча бачыць, але Ён пакідае сляпымі тых, каму зручна жыць з заплюшчанымі вачыма. Нам здаецца неверагодным, што хтосьці можа хацець застацца сляпым. Аднак, прыглядаючыся, мы можам заўважыць рызыку, звязаную са зрокам. Героі сённяшняга Евангелля сустракаюцца з выпрабаваннямі, якія нясе з сабою менавіта здольнасць бачыць. 

Вось перад намі паўстае сляпы жабрак. Магчыма, ён ужо прывык да свайго жыцця, дасягнуў пэўнага пастаянства. Шмат гадоў ён сядзеў пры браме і, напэўна, да яго ставіліся са спачуваннем. Езус увайшоў у ягонае жыццё і цалкам перамяніў яго. Сляпы стаў віду­шчым. Ён ужо не зможа сядзець пры браме і жабраваць. Магчыма, ягонае жыццё прахо­дзіла марна, але яно было добра вядомае яму і бяспечнае. Ён ужо здолеў прызвычаіцца да такога жыцця, а цяпер яно скончылася. Як здаровы чалавек, ён ужо не зможа быць жабраком, а будзе вымушаны зарабляць сабе на жыццё. Аднак сляпы здолеў убачыць у сваім аздараўленні дзеянне Бога, зразумеў, што атрымаў Божую ласку. І таму ён не баіцца, таму з радасцю можа вызнаваць веру ў Езуса Хрыста. Ён у стане засведчыць аб тым, што ўбачыў. 

На другім баку ў сённяшнім Евангеллі стаяць фарысеі. Здаецца, што яны відушчыя. Аднак вось парадокс — яны не ў стане ўбачыць таго, што ўбачыў сляпы. Пагарда і ганарлівасць пакрылі іхнія вочы так, як лёд пакрывае вокны ў зімовыя дні. Фарысеі былі перакананыя, што яны ўсё ведаюць і таму не мусяць бачыць. Уласная пыха не дазволіла ім зразумець, што, магчыма, яны ведаюць не ўсё, што свет, магчыма, выглядае іначай, чым ім здаецца. Фарысеі не пайшлі на рызыку, каб убачыць. Яны пажадалі лепш застацца сляпымі, чым убачыць прыход Месіі, якога так чакалі. 

Дзесьці паміж сляпым і фарысеямі стаяць бацькі сляпога. Калі іх пытаюць пра сына, яны спрабуюць ухіліцца ад адказу. Яны баяцца фарысеяў, баяцца, што будуць выключаныя з грамадства, таму жадаюць не заўважаць таго, што адбылося: «Мы ведаем, што гэта наш сын і што ён нарадзіўся сляпым. Але якім чынам ён цяпер бачыць, не ведаем, і хто адкрыў яму вочы, не ведаем. Спытайцеся ў яго самога: ён дарослы, сам пра сябе скажа». Ад страху яны пажадалі заплюшчыць вочы, каб не бачыць таго, што ім нязручна бачыць. Яны пажадалі лепш застацца ў вязніцы свайго страху, чым адважыцца адчуць на сабе вызваляючае дзеянне Бога.

У сённяшнім Евангеллі мы бачым розныя віды слепаты: слепата ад нараджэння, слепата па сваёй волі, слепата ад пыхі ці страху. У рознай ступені гэтыя віды слепаты — гэта і наш лёс. Наш фізічны зрок недасканалы, нашыя вочы засланяе пыха і звязвае страх. Па­просім жа Духа Святога, каб Ён узмацніў нас, каб мы здолелі пайсці на рызыку бачыць. Пан Езус можа вызваліць нас ад нашай слепаты, але толькі тады, калі мы гэтага захочам. 

А. Крыштаф Коц’ян ОР

V нядзеля Вялікага посту — 

10 красавіка 2011 г.

Чытанні: Эзх 37, 12–14; 

Пс 130 (129), 1–2. 3–4. 5–6ab. 6с–8; 

Рым 8, 8–11

Евангелле паводле Яна 11, 1—45.

Чатыры віды 

духоўнай смерці

Евангелле аб уваскрашэнні Лазара, якое мы чуем у пятую нядзелю Вялікага посту, мае вельмі багаты змест. Я хачу звярнуць вашую ўвагу на тую дэталь, якую вельмі цікава пракаментаваў святы Аўгустын. Чытаем: «Прыйшоўшы, Езус даведаўся, што Лазар ужо чатыры дні ў магіле». Паводле святога Аўгустына, гэтыя чатыры дні пасля смерці Лазара азначаюць чатыры віды грахоў. Першы дзень азначае першародны грэх, з якім нараджаецца кожны чалавек. Другі дзень азначае грахі супраць натуральнага закону. Гэты закон запісаны ў сумленні кожнага чалавека і заклікае чыніць дабро і пазбягаць зла. Трэці дзень азначае грахі супраць запаведзяў Дэкалогу. Чацвёрты ж дзень азначае грахі супраць Евангелля. Евангелле вучыць нас прабачаць тым, хто нас пакрыўдзіў, любіць ворагаў, маліцца за тых, хто нас пераследуе, і г.д. Трэба ведаць, што кожны грэх — гэта ў пэўным сэнсе духоўная смерць. 

Аднак Пан Езус, які мае ўладу, дзякуючы якой Ён уваскрасіў памерлага Лазара, мае таксама ўладу вызваліць нас праз хрост ад першароднага граху. Ён мае таксама Боскую ўладу, якая дазваляе Яму ў сакрамэнце споведзі з дапамогаю святароў уваскрасіць да жыцця таго, хто памёр духоўна праз грахі, якія ўчыніў супраць натуральнага закону, дзесяці запаведзяў Дэкалогу і новага закону любові, якому вучыць нас Пан Езус у Евангеллі. Кожны, хто лічыць сябе вучнем Пана Езуса, ведае, што натуральны закон, Дэкалог і навучанне Евангелля — гэта шляхі, поўныя Божага благаслаўлення, якімі нас вядзе Дух Святы.

На гэтыя чатыры дні, якія пасля смерці Лазар правёў у магіле, можна ўзглянуць іначай, як зрабіў гэта святы Тамаш з Аквіна. Першы дзень азначае грахі сэрца. Другі дзень азначае грахі языка. Трэці дзень азначае грахі ўчынкаў, а чацвёрты дзень — грахі дрэнных звычак. 

Пан Езус — адзіны Збаўца, таму толькі Ён можа адпусціць чалавеку грахі і даць ласку новага жыцця. Падзякуем жа Езусу за тое, што адарае нас праз адпушчэнне грахоў сваёй Божай любоўю. У сваю чаргу, пастараемся сістэматычна прыступаць да сакрамэнту споведзі, праз які мы адчуваем вялікую моц Езуса. Не дапусцім жа, каб мы ўчынялі смяротныя грахі, бо яны нясуць духоўную смерць. Будзем жа штодня маліцца, як заахвочвае нас святая Тэрэза ад Езуса, каб ніколі не ўчыніць цяжкага граху. 

Прапанаваная вышэй духоўная інтэрпрэтацыя чатырох дзён, якія памерлы Лазар правёў у магіле, паводле святых Аўгустына і Тамаша, няхай заахвоціць нас да добрага рахунку сумлення і шчырай велікапоснай споведзі. Час Вялікага посту, калі мы спяваем Песні жальбы, ходзім на набажэнствы Крыжовага шляху, прымаем удзел у велікапосных рэкалекцыях, — гэта таксама асаблівы час фармавання нашага сумлення. Сумленне павінна быць справядлівае і ўпэўненае. Тады яно мае здольнасць распазнаваць і адкідаць усе спакусы, якія вядуць да граху. Такое сумленне вучыць нас выбіраць на карысць са­праўднага дабра і мудрасці, каб яшчэ больш любіць Бога і бліжніх. 

На заканчэнне, у духу гэтага каментара, прагну заахвоціць чытачоў часопіса да чытання вельмі добрай кнігі, якая дапаможа ў фармаванні справядлівага сумлення. Гэта вядомы каментар да Дэкалогу цудоўнага святара кс. Эдварда Станека пад назваю «З клопатам пра сумленне».

А. Раман Шульц ОР

Пальмовая нядзеля (нядзеля Мукі Пана) — 17 красавіка 2011г. 

Чытанні: Іс 50, 4–7; Пс 22 (21), 8–9. 17–18а. 19–20. 23–24; Флп 2, 6–11

Евангелле паводле Мацвея 27, 11—54

Адкрыць у сабе чалавека

«Ці не чуеш, колькі сведчыць супраць Цябе?» І сапраўды, галасоў «супраць» было шмат. Першасвятары, старэйшыны, кніжнікі, рымскія жаўнеры, натоўп... Своеасаблівы трыумф «абсалютнай бальшыні». Колькі такіх трыумфаў было на працягу гісторыі?

А калі Пілат засядаў у судзе, жонка ягоная паслала сказаць яму: Не рабі нічога гэтаму Справядліваму, бо я сёння ў сне шмат цярпела з-за Яго. Што гэта? Жанчына спрабуе па­ўплываць на судовы працэс? Так, спрабуе, прычым спасылаючыся на сны і свае жаночыя прадчуванні. Колькі разоў на працягу гісторыі такія паводзіны жанчын былі абсмяяныя, заклеймаваныя як «ірацыянальныя» і выкарыстаныя для падтрымкі тэзы аб недапушчэнні выконвання жанчынай абавязкаў публічнага значэння? Колькі разоў жанчына «ставілася на месца» і была змушаная замаўчаць, бо, маўляў, яна замінае мужчынам прымаць «разумныя» рашэнні? З Евангелля паводле Мацвея вынікае, што падчас судовага працэсу над Езусам голас жанчыны быў адзі­ным рашучым голасам у Яго абарону. Выпадковасць? А можа, нешта іншае: знак таго, што настаў час пераасэнсаваць ролю жанчыны ў Касцёле і грамадстве?

«Невінаваты я ў гэтай крыві. Глядзіце самі». Для Пілата гэта надзвычай чалавечны жэст. Гэты рымскі чыноўнік славіўся сваёй жорсткасцю і цынізмам. Нават сірыйскі легат, якому падпарадкоўваўся палестынскі намеснік, рэгулярна адрасаваў Пілату суровыя напаміны ў сувязі з яго брутальнасцю. Дык што ж падштурхнула гэтага беспрынцыповага сатрапа абмываць рукі і публічна дыстанцыявацца ад смяротнага прысуду для Езуса з Назарэта? Падаецца, што сустрэча з Езусам прывяла Пілата да сустрэчы з самім сабою. Я, Пілат,— не толькі валадар, гаспадар чалавечых лёсаў. Я — таксама чалавек... Гэта ў сваю чаргу знак для ўсіх тых, хто з-за боязі або маладушнасці спрычыніўся да асуджэння ня­вінных: яшчэ не ўсё страчана. Дастаткова толькі, спаткаўшы пагляд Справядлівага, зрабіць адным крокам больш, чым Пілат: ад­крыўшы ў сабе чалавека, адкрыць таксама голас сумлення.

А. Пётр Рудкоўскі ОР

Нядзеля Уваскрасення Пана — 

24 красавіка 2011 г. 

Чытанні: Дз 10, 34а. 37–43; 

Пс 118 (117), 1–2. 16–17.22–23; 

Клс 3, 1–4 або 1 Кар 5, 6b–8

Евангелле паводле Яна 20, 1–9

Знакі Божай перамогі

Напэўна, у таго, хто ўважліва прачытаў гэты ўрывак з Евангелля св. апостала Яна, павiнны ўзнікнуць пытаннi. Чым жа былi так узрушаныя вучнi, што, убачыўшы пустую магiлу, паверылi? А калi паверылi, дык у што?

Ключом да адгадкi гэтай таямнiцы з’яўляецца апошнi сказ гэтага фрагмента, якi сцвярджае, што вучнi «яшчэ не ведалi Пiсання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых». А гэта сведчыць пра тое, што апосталы, не падазраючы аб ўваскрасеннi Настаўнiка, уба­чылi на месцы пахавання нейкiя знакi, якiя паказвалi на гэта. Знакамi, што так усхва­лявалi вучняў, былi палoтны i хуста, у якiя заварочвалi цела памерлага, i на якiх яны ўбачылi не рукою намаляваную выяву Хрыста. На самай справе рытуальныя рэчы сталi нямымi сведкамi ўваскрасення нашага Збаўцы, працэсу, якi выходзiў па-за рамкi звычайных законаў фiзiкi, таму што быў праяваю Божай моцы i пацвярджэннем таго, што толькi Бог з’яўляецца Панам усяго сусвету i толькi Ён можа ўчынiць рэчы, непадуладныя звыкламу чалавеку.

Таму гэты Божы чын павiнен даваць нам сiлы быць вернымi паслядоўнiкамi Уваскрослага, памятаючы, што, нягледзячы на ўсе цяжкасцi i выпрабаваннi, з якімі мы сустракаемся ў жыццi, толькi разам з Богам, Валадаром сусвету, мы можам быць сапраўднымi пераможцамi. Амэн.

 А. Віталь Сапега ОР

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней