Разважанні аб веры

 Пустыня — месца пазбаўлення ад усяго

Біблейская сімволіка пустыні звязана par excellence з пакліканнем выбранага народу да выхаду з Егіпта і ўваходу ў Зямлю Абяцаную. Шлях з Егіпта ў Зямлю Ханаанскую складае каля 400 кіламетраў. Нават шматтысячны караван мог прайсці яго за два або за тры тыдні. Тым часам блуканне выбранага народу працягвалася сорак гадоў. Бог, заклікаючы свой народ у пустыню, нібы прымушаў яго пазбавіц­ца ад самаўпэўненасці і весці суровы стыль жыцця; заклікаў паддацца неабходнаму на шляху веры працэсу пазбаўлення ад усяго і цалкам даверыцца Богу.

Пустыня — гэта перш за ўсё сімвал пазбаўлення. Чалавек становіцца перад бязмежнасцю неба, бязмежнасцю пяс­ку і перад самім сабою. Усё тут зведзена да самага істотнага і неабходнага — прастора, неба, зямля, пясок, Бог і сам чалавек. Уваход у пустыню азначае пазбаўленне ад асноўных жыццёвых рэчаў, тут наступаюць голад і смага — як у фізічным, так і ў духоўным сэнсе. Пазбаўленне, у выніку якога ўзнікаюць голад і смага, учыняе, што паміж голадам і смагай — фізічнай і ду­хоўнай — узнікаюць цесныя сувязі. У выніку гэтых цяжкасцяў у чалавеку пачынае выяўляецца тое, што было ў ім схавана недзе вельмі глыбока.

Пустыня — гэта месца і час для таго, каб адарвацца ад прывязанасцяў, ад уласных сістэмаў забеспячэння. Чалавек, які блукае па пустыні, не мае нічога, — яго жыццёвая сітуацыя пастаянна няпэўная, ён не мае ніякіх гарантый і адчувае патрэбу ва ўсім. Тыя, хто праходзяць праз пустыню, спазнаюць неабходнасць задавольвацца тым, што атрымаюць ад Бога, і чакаюць усяго ад Яго, спазнаюць неабходнасць спадзявацца вы­ключна на Бога, таму што для вандруючага праз пустыню Бог хоча станавіцца ўсім.

Вандруючы народ, які ў пустыні атрымаў ад Бога цудоўную манну, не можа збі­раць яе ў запас. Ён павінен кожны дзень верыць, што ман­на зноў спадзе. Ён павінен верыць, што Бог клапо­ціцца пра яго няспынна. Та­кім чынам, пустыня — гэта месца народзінаў веры. Вера ж паглыбляецца па меры пазбаўлення. Бог пранікае ў чалавека тым больш, чым больш ён пазбаўляецца ад усяго, чым больш жадае адказаць на Божы заклік і адкрыцца на любоў, якую зведвае.

Чым больш чалавек да­зво­ліць пазбавіць сябе ад свайго «я» і ад свайго забеспя­чэн­ня, тым больш Бог можа ў яго сысці і стаць для яго адзінаю апораю. Калі паглыбляюцца ўзаемныя таемныя адносіны паміж Богам і чалавекам, Бог дамагаецца ўсё большага пазбаўлення, якое з’яўляецца неадкладным заклікам яшчэ больш прысвяціць сябе Яму. Ён чакае, што той, хто Яго лю­біць, захоча пераадолець свае чыста чалавечыя магчымасці, што згодзіцца пазбавіцца ад усяго таго, чым ён ёсць і што мае, каб станавіцца Яго знакам, каб Бог станавіўся ў ім жывою прысутнасцю ў свеце.

Пустыня — гэта месца нараджэння ўсё больш дынаміч­най веры — такой, якая перамяняе жыццё чалавека. У пустыні Бог чакае, што чалавек цёплы, малой веры, станецца самааданым у веры і пакоры Яму. Дзякуючы таму, што ў пустыні народ быў пазбаўлены ўсяго, менавіта там быў заключаны Запавет, адбыліся заручыны паміж Ізраэлем і Богам, калі Бог стаўся дарам для народу, а народ абяцаў свой дар вернасці Богу.

Пустыня — досвед любові Бога

Пазбаўленне ад усяго, якое чалавек зведвае ў пустыні, і пазнанне праўды пра сябе дазваляе яму адначасова па­знаць праўду пра Бога, які ёсць любоў, спазнаць Яго прысутнасць і Яго сілу, і перш за ўсё дазваляе чалавеку спа­знаць Яго міласэрнасць. Таму што Бог на грэх і слабасць чалавека адказвае любоўю і айцоўскім клопатам. Народу, які бунтуе і грашыць, Ён адказвае праз цуд манны і праз цуд так неабходнай у той час людзям вады. Нягледзячы на людское зло, якое выразней праяўляецца ў пустыні, Бог прысутнічае там асаблівым чынам. Ён вёў выбраны народ. Бог быў бачны і адначасова быў укрыты ў воблаку і агні. Воблака, якое ўказвала на прысутнасць Бога, адначасова і хавала Яго. Яно было для ізраільцянаў і святлом, і цемрай, сімвалізуючы бліз­касць і недасягальнасць Бога.

 Бог вывеў у пустыню неарганізаваны натоўп, але тыя, хто прайшоў праз яе, былі ўжо народам, звязаным з Богам праз Запавет, — гэта былі іншыя людзі. Мэта пустыні — фармаванне чалавека, умацаванне яго веры, ліквідацыя абыякавасці, фармаванне сапраўдных вучняў Хрыста. Выбраны народ увайшоў у Зямлю Абяцаную як невялікае, але багатае на досвед пустыні грамадства. У цяжкасцях і небяспецы народ спа­знаў Бога і адначасова пераканаўся ў сваёй слабасці і перажыў уласнае падзенне. Ён незвычайна ясна пераканаўся ў сваёй мізэрнасці і таму ў такой вялікай ступені спазнаў міласэрнасць Бога.

У пустыні ты пазнаеш Бо­га, які ніколі цябе не пакідае. Гэта праўда, што Бог у пусты­ні хавае сваю прысутнасць, але на самай справе менавіта тады Ён вельмі блізкі да цябе. Ніколі Ён не бывае так блізка, як у пустыні. Ён толькі чакае твае веры, чакае, калі ты даверліва працягнеш да Яго рукі.

Народ выбраны адкрыў у сваёй слабасці сапраўдную таямніцу Бога. Калі ты адчуеш сябе слабым, Бог заклікае цябе кінуцца ў абдымкі Яго міласэрнасці. Пустыня існуе дзеля таго, каб ты вярнуўся да Таго, хто ёсць сама міласэрнасць.

Спазнанне пустыні дапаможа табе адкрыць патрэбу ў Богу і пазнаць поўную залежнасць ад Яго. Бо тады, калі ты перажываеш вельмі цяжкія моманты расчаравання, спакусаў і цемры, ты лепш можаш усвядоміць уласную бездапаможнасць і слабасць. Калі ты адкрыеш праўду пра сябе і будзеш прасіць Бога аб прабачэнні, ты сустрэнеш, як блудны сын, гэтую вялікую чуласць Айца і незвычайную радасць ад твайго вяртання. Ты зможаш паглядзець у Ягоныя вочы, поўныя любові. Бог, прабачаючы табе, будзе адначасова фармаваць у табе пакору.

Пустыня не з’яўляецца ра­дзімай, яна ўсяго толькі шлях да пазнання міласэрнай любові Бога. Усе, хто шукае Бога, павінны прайсці праз яе, бо выпрабаванне пустыняй цесна звязана з паглыбленнем нашай веры ў Яго міласэрнасць.

Пустыня — гэта час фармавання чалавека ў адпаведнас­ці з прынцыпам, што толькі тое, што цяжкае, што аказвае супраціўленне, фармуе чалавека. Твая любоў да Бога, якая та­ды народзіцца, павінна стаць у рэшце рэшт паяднаннем з Богам. «Любіць Бога, — кажа св. Ян ад Крыжа, — гэта азначае цалкам пазбавіцца дзеля Яго ад усяго, што не з’яў­ляецца Богам» (Дарога на Гару Кармэль, ІІ, 5,7). Пустыня — гэта не толькі месца нараджэння нашай веры, але ў канчатковым выніку — гэта радзіма нашай кантэмпляцыі.

У пустыні свайго жыцця ты заўсёды сустрэнеш Марыю. Яна будзе побач з табою, будзе глядзець на цябе з маця­рынскім клопатам. Тая, якая з’яўляецца пасрэдніцай ласкаў, пасрэдніцай міласэрнас­ці, будзе заступацца за цябе. Яна будзе з хваляваннем чакаць, ці вымавіш ты па Яе прыкладзе сваё fiat, ці скажаш сваё «так», ці ўбачыш у жыццёвых сітуацыях Бога. У вы­бранага народу Марыі не бы­ло. У цябе Яна ёсць, таму ты ніколі не будзеш ісці адзін. Яна, якая перажыла столькі цяжкіх момантаў, будзе ісці перад табою. Яна будзе для цябе святлом, будзе паказваць табе шлях да свайго Сы­на. Цемра тваёй пустыні будзе асветлена Яе прысутнасцю.

Пераклад з польскай мовы Міколы Новікава,

магістра тэалогіі.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней