Здавён вядома, што каб найлепш пачуць Бога, трэба трапіць у пустэльню. Каб там былі толькі Бог і чалавек. Менавіта таму многія з тых, што прагнулі жыць у цеснай повязі з Богам, шукалі адзіноты й цішыні, менавіта таму многія з іх мянялі ўвесь уклад свайго жыцця і перасяляліся хто — у пустэльню, хто — у пячору, хто — на самотны бераг мора, а хтосьці — у непралазны лес. А што рабіць тым, на чыю цішыню так моцна замахнуліся шум і гвалт сучаснага горада? Знакаміты пустэльнік і вялікі чалавекалюбец, які патрапіў жыць Евангеллем штохвіліны, наш сучаснік Карла Карэтта, сцвярджае, што «пустэльню можна знайсці сабе паўсюль». І дадае, што пустэльня не азначае адсутнасці людзей, яна найперш азначае прысутнасць Бога...
Галоўны змест
«Пане, Ты выпрабаваў мяне і пазнаў, Ты ведаеш, калі я сядаю і ўстаю. Здалёк разумееш мае думкі, ці іду, ці адпачываю, Ты са мною, і ўсе мае шляхі вядомыя Табе. Яшчэ няма слова на маім языку, а Ты, Пане, ужо ведаеш усё» (пар. Пс139 (138), 1—4).
Досвед прысутнасці Бога — у стварэннях, гісторыі, у жыцці чалавека — надзвычай важны для кожнага верніка. Гэта — змест самой веры.
Таму чалавек мусіць паволі дайсці да таго, каб жыць гэтай прысутнасцю, адчуваць яе ўдзень і ўначы, памятаць пра яе тады, калі ён працуе і адпачывае, радавацца ёю, калі ён моліцца і любіць. Заўсёды!
Гэта — тая дарога, якая вядзе верніка да жыцця ў Валадарстве Божым. Гэта — яднанне неба з зямлёю, Бога з чалавекам.
Але гаворка ідзе не пра тое, каб мы нейкім чынам устанавілі гэтае яднанне з Богам. Нам важна ўсвядоміць, што яно ўжо існуе, існавала да таго, як мы пачалі думаць аб гэтым. Гэта — абсалютная праўда, бо нічога ў свеце не існуе па-за Богам.
Ён — ва ўсім
Сапраўды, было б смешна, калі б мы лічылі, што Ён прабывае выключна ў касцёле, а ў шуме вуліцы Яго няма; што Ён утоены толькі ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, а сярод натоўпу Яго няма; што Ён існуе ў маім шчасці, а не ў маім болю; у рэчах выключна прыгожых і лёгкіх, а не ў землятрусах ды паводках альбо ў вывяржэнні вулканаў.
Выразна адчуваю, як Бог глядзіць на мяне праз святло, што атачае мяне, праз зоркі, што мігцяць нада мною; адчуваю таксама, як Ён дакранаецца да мяне павевам ветру, вадой, што робіць мяне мокрым, голадам, які мне дакучае, прадметамі, якія часам мяне раняць.
Я ніколі не бываю па-за Ім, далёка ад Яго, без Яго.
Малітва заўсёды і ўсюды
Калі малітва азначае «трыванне ў Богу», то магу сказаць, што малюся ўсюды, бо ўсюды знаходзіцца Яго святыня.
Таму такая адгаворка: «Не магу маліцца, бо мушу працаваць», падаецца мне найбольшай недарэчнасцю.
Бо хто ж табе перашкаджае маліцца працаю? Альбо яшчэ лепш — хто табе забараняе верыць, што менавіта працуючы, ты трываеш на малітве?
Чаму мы заўсёды абмяжоўваем малітву толькі словамі, думкамі, адпаведным месцам і вызначаным часам?
Пастарайся выйсці па-за састарэлыя схемы!
Калі ты разумееш пад малітваю лучнасць з прысутнасцю Бога, то можаш маліцца заўсёды і ўсюды, бо гэтая прысутнасць ёсць таксама заўсёды і ўсюды.
Гаворка пра тое, каб заўсёды трываць у лучнасці з Ім.
А трываць у лучнасці — значыць любіць!
Молішся, калі любіш
Менавіта тады, калі любіш, ты молішся, бо менавіта любоў вядзе да дарагой для цябе асобы. А любіць ты можаш нават тады, калі размаўляеш, плачаш, думаеш, ходзіш, спіш, а таму заўсёды... заўсёды... заўсёды... Усе 24 гадзіны ў суткі!
Падрыхтавала
Ірына Жарнасек.