Глыбокапаважаныя чытачы часопіса «Ave Maria»!
Традыцыйна Каталіцкі Касцёл на кожны пастырскі год прызначае асаблівую тэму, якая зазвычай упісваецца ў пастырскую тэматыку Сусветнага Касцёла.
2011 год з’яўляецца выключным, бо ён найперш звязаны з такою чаканаю беатыфікацый Слугі Божага Яна Паўла II, якая адбудзецца 1 мая і ў якой прымуць удзел беларускія католікі. Далей, 1—5 кастрычніка, у Кракаве, у Лагеўніках, адбудзецца II Сусветны кангрэс Божай міласэрнасці.
Гэтыя дзве падзеі вельмі моцна злучаны паміж сабою. Менавіта Вялікі Папа Ян Павел II праславіўся ўмацаваннем і распаўсюджваннем культу Божай міласэрнасці. Гэта ён беатыфікаваў і кананізаваў апостала Божай міласэрнасці, візіянерку Езуса Міласэрнага — святую Фаўстыну Кавальскую. Менавіта ён устанавіў свята Божай міласэрнасці, якое Касцёл адзначае ў другую Велікодную нядзелю.
Беларусь, як і многія іншыя краіны Усходу, падчас Пантыфікату Яна Паўла II спазнала асаблівую ласку Божай міласэрнасці — пераход ад ганенняў на Касцёл да свабоды веравызнання. Распачаўся час духоўнага адраджэння, і 20 гадоў таму, 13 красавіка 1991 г., былі адроджаны ўсе патрэбныя касцёльныя структуры і заснавана Мінска-Магілёўская Мітраполія.
Зважаючы на ўсе гэтыя абставіны, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі абвясціла 2011 год Годам Божай міласэрнасці пад дэвізам: «Божая міласэрнасць — адзіная надзея свету». Гэтым самым мы хочам яшчэ раз падзякаваць Богу за Яго дары і апеку, перапрасіць за сваю недасканаласць і не да канца належнае выкарыстанне часу адраджэння, а таксама папрасіць благаслаўлення на будучыню.
Перад выклікамі нашага часу, калі здаецца, што свет у пагоні за матэрыяльнымі каштоўнасцямі і пошукам прыемнасцяў зайшоў у тупік і не ведае, як адтуль выйсці, мы бачым, што сапраўды «без Бога не да парога». Таму ўскладаем надзею на Божую міласэрнасць. Човен нашага жыцця знаходзіцца на ўзбураным моры XXI стагоддзя, і здаецца, што ён топіцца. Трэба, аднак, памятаць, што з намі побач Міласэрны Езус і Ён паўтарае словы, якія сказаў апосталам пасля таго, як суцішыў буру на моры: «Чаго вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры?» (Мк 4, 40).
Дзякую ініцыятыве рэдакцыі часопіса «Ave Maria» прыбліжаць і ўмацоўваць ідэю Божай міласэрнасці сярод яго чытачоў. Спадзяюся, што матэрыялы, якія з’явяцца ў часопісе, натхняць нашых вернікаў яшчэ больш давяраць Міласэрнаму Езусу, які спяшаецца да нас з дапамогаю. Няхай словы, якія мы бачым на абразе Езуса Міласэрнага, — «Езу, давяраю Табе» — стануць праграмаю ўсяго нашага жыцця.
Рэдакцыю і чытачоў часопіса «Ave Maria» давяраю Божай міласэрнасці і ад усяго сэрца благаслаўляю.
Арцыбіскуп
Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі