Як мы святкуем Вялiкдзень?
15.11.2013|№ 4 (193) 2011

З ксяндзом Сяргеем Сурыновічам, пробашчам парафіі Божага Провіду ў вёсцы Слабодка, што на Браслаўшчыне, гутарыць Ірына Жарнасек

— Наша гутарка адбываецца на пачатку Вялікага посту, які пакрысе наблізіць нас да святкавання найбольшай урачыстасці для хрысціянаў усіх канфесій — Уваскрасення Хрыста. Парайце, ксёндз Сяргей, нашым чытачам, як найлепш падрыхтавацца да гэтай падзеі.

— Вялікі пост — галоўны і найстаражытнейшы час асаблівай малітвы, міласціны і пакаяння, усталяваны Касцёлам на ўспамін сарака дзён, праведзеных Езусам Хрыстом у посце і малітве ў выпетранай пустыні. Гэтым подзвігам Збаўца явіў для ўсіх людзей няўхільную праўду пра тое, што «не хлебам адным будзе жыць чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых» (Мц 4, 4). Вялікі пост падрыхтоўвае вернікаў да галоўнай падзеі чалавечай гісторыі — светлага Хрыстовага Уваскрасення.

Падпарадкоўваючыся смерці і перамагаючы яе ў сваім хвалебным Уваскрасенні, Бог прапануе кожнаму чалавеку магчымасць далучыцца да Яго выратавальнага чыну і перамагчы смерць грахоўную.

Пост, як мы ўсе разумеем, з’яўляецца ўстрыманнем ад чагосьці. Першая запаведзь, дадзеная Богам чалавеку да грэхападзення, была ў наказе не каштаваць забароненага плоду. Праўдзівы подзвіг посту не абмяжоўваецца адно вонкавымі праявамі — нам найперш неабходна  захаваць чысціню думак, жаданняў і сваіх учынкаў. Праўдзівы пост — гэта аддаленне ад зла, кантраляванне сваёй мовы, утаймаванне гневу, утаймаванне пажадлівасці, зласлоўя, хлусні, абгавораў, сварлівасці. Таму ў дні посту неабходна надаваць асаблівую ўвагу малітве, удзелу ў набажэнствах, споведзі, прыняццю святой Камуніі, справам міласэрнасці.

Галоўная ўзнагарода посту — гэта адчуванне ўнутранай духоўнай гармоніі, падпарадкаванне грахоўнага цела чалавека яго духу. Навучыўшыся ўстрыманню, ачысціўшы сваю душу ад граху, вернік з чыстым сэрцам сустракае найвялікшую падзею — хвалебнае Уваскрасенне Хрыстова. І ўжо тут, на зямлі, ён смакуе асалоду вечнага жыцця.

— А як найлепш святкаваць Вялікдзень у нашых дамах, хатах, кватэрах, у нашых сем’ях?

— Здаўна Вялікдзень злучаны са шматлікімі традыцыямі, звычаямі.  Але калі чалавек не посціцца, ён проста не зможа напоўніцу перажыць велікодную радасць. Пост надае святкаванню Вялікадня асаблівую духоўную вартасць і перажыванне.

У парафіі, дзе я служу, звычайна з’язджаюцца на гэты час да бацькоў дзеці, збіраюцца разам родныя і блізкія. Святкаванне звязана не толькі з выпечкай святочных булак і фарбаваннем яек, але, у першую чаргу, са шчырай споведдзю, удзелам у набажэнствах. У гэты дзень людзі прыходзяць у касцёл цэлымі сем’ямі, і нават калі сям’я змешаная, гэта не з’яўляецца перашкодаю быць разам у такі асаблівы час у святыні.

— І тут паўстае пытанне, якое часта вельмі актуальнае ў гэтак званых змешаных сем’ях: калі муж належыць да адной канфесіі, а жонка — да іншай. Часам і дзеці ў такіх сем’ях могуць належаць таксама да розных канфесій... Як святкаваць у гэткіх сем’ях? Ды і ўвогуле, як годна, па-хрысціянску жыць?

— Некалькі такіх сем’яў ёсць і ў маёй парафіі. Шчыра кажучы, я не заўважаў нейкіх асаблівых праблемаў, наадварот, я сказаў бы, што адчуваецца павага і шанаванне тых традыцый і канфесій, да якіх належаць члены сям’і. Больш за тое, мне асабліва прыемна, што змешаныя сем’і на святы дружна наведваюцца як у касцёл, так і ў царкву. Гэта — вынік сапраўднай хрысціянскай любові і ўзаемнай павагі, якая зыходзіць з сутнасці самой сям’і.

— Калі члены сям’і належаць да розных веравызнанняў, узнікаюць пэўныя складанасці. А калі адзін з сужэнцаў увогуле лічыць сябе атэістам, то якімі сіламі магчыма падтрымліваць агмень такога сужэнства?

— Я перакананы, што галоўным крытэрыем і паказчыкам кахання сужэнцаў і любові ў сям’і, як і ў грамадстве ў цэлым, з’яўляецца абавязковае прыняцце і акцэптацыя іншасці чалавека. Перад атэістам паўстае не вобраз чалавека, якога ён (яна) кахае, а асоба, якую праз гэтае пачуццё ён (яна) успрымае ў поўні. Непрыняцце такога важнага складніка чалавека, як яго вера ў Бога і жаданне ўдзельнічаць у рэлігійных практыках, гаворыць пра скалечанасць разумення сутнасці сужэнства, пра яго нерэалізаванасць і ізаляцыю ад удзелу ў поўні чалавечага шчасця, якое Бог раскрывае і ўлівае праз свае ласкі.

— Ведаю, што ў вашай парафіі ў Вялікую суботу летась шмат людзей прынялі сакрамэнты сужэнства і хросту...

— Так, у Вялікую суботу 14 чалавек у нас прынялі сакрамэнт святога хросту, а на ўрачыстасць Вялікадня дванаццаць параў а шостай раніцы прыбылі ў касцёл, каб у гэты святочны час засведчыць перад Богам свае намеры вернасці, любові і жадання прайсці з дапамогаю Бога разам усё сваё жыццё. Не думаю, што такое магчыма забыць. Гэтая падзея стала своеасаблівай узнагародай і благаслаўлёным часам для тых людзей, бо на працягу Вялікага посту яны духоўна рыхтаваліся да яе. Дарэчы, сакрамэнты прымалі людзі рознага ўзросту.

— А гэта нават трохі і дзіўна, бо парафія ж традыцыйная — касцёл у Слабодцы зачыняўся нават у гады атэістычнай улады на вельмі кароткі час. Чаму ж тады так шмат людзей жыло без сакрамэнтаў?

— Трэба прызнаць, што час атэістычнай улады, а асабліва забарона дзецям удзельнічаць у набажэнствах, «паспрыялі» таму, што многія дзеці, а потым і дарослыя згубілі свае духоўныя арыенціры. Таму цяпер пошук гэтых людзей дзеля вяртання іх да Айца, у сям’ю Яго вернікаў адбываецца праз абвяшчэнне Евангелля. Тэрыторыя нашай парафіі дастаткова вялікая. Многія вёскі аддалены ад касцёла больш чым на 15 км. Цяпер, дзякуючы актыўнасці нашых парафіянаў, мы маем тры капліцы і яшчэ два месцы малітвы, дзе рэгулярна адбываюцца набажэнствы. Ісці да людзей і абвяшчаць ім Евангелле — найважнейшая ўмова  іх набліжэння да Бога, да магчымасці пераасэнсаваць вартасці свайго жыцця.

— Цудоўна, калі чалавек ужо ў сталым веку свядома, пашукаўшы вартасцяў у розных сферах і не знайшоўшы іх там, прыходзіць да Хрыста! Прызнацца, я заўсёды моцна перажываю, калі ў Вялікую суботу дарослыя прымаюць хрост. Сёлета таксама будуць удзяляцца такія сакрамэнты ў Вялікую суботу ў вашым касцёле?

— Так. Ужо цяпер ідзе падрыхтоўка да гэтай падзеі. Многія людзі з прычыны таго, што працяглы час не мелі рэлігійнай практыкі, баяцца нават пераступіць парог касцёла. Яны проста саромеюцца, не ведаюць, як сябе паводзіць, баяцца, што будуць асуджаныя. Я імкнуся давесці ім, што ў іх ёсць «свой чалавек» у касцёле, які іх абароніць. Калі яны зразумеюць у час падрыхтоўкі, што гэты «свой чалавек» не ксёндз з распасцёртымі рукамі, а Хрыстус з рукамі, прыбітымі да крыжа менавіта за іх, — усе страхі знікаюць. І тады застаецца толькі Божая ласка ды радасць ад асабістай сустрэчы з Ім, бо кожны з нас патрэбны Яму. Ён чакае нас, і Ён нас любіць.

— Ксёндз Сяргей, а ў Вас асабіста ёсць любімы перыяд касцёльнага года?

— Я нарадзіўся вясною, заўсёды яе чакаю. Вялікі пост і Вялікдзень якраз прыпадаюць на гэтую пару. Прырода вясною напаўняе чалавека пачуццём надзеі, жаданнем адраджэння і абуджэння. Гэтыя літургічныя перыяды наскрозь прасякнутыя глыбокай надзеяй, таму я заўсёды глыбока перажываю Вялікі пост, які дапамагае асэнсаваць крыніцу чалавечай радасці — Бога і Вялікдзень, што напаўняюць сэрца Божым святлом і любоўю.

— І напрыканцы, калі ласка, Вашы пажаданні нашым чытачам.

— Святкаваць Вялікдзень — гэта значыць усім сэрцам спазнаць сілу і веліч Уваскрасення Хрыста.

Святкаваць Вялікдзень — гэта значыць стаць новым чалавекам, які імкнецца да святла і ў гэтым святле прабывае.

Святкаваць Вялікдзень — гэта значыць усім сэрцам і думкамі дзякаваць Богу і ўслаўляць Яго за вялікі падарунак людзям — крыніцу Яго ласкі і любові.

Усхваляючы і ўслаўляючы подзвіг перамогі Любові і Святла, жадаю ўсім вернікам спазнаць выратавальны стан нашых душаў.

— Дзякую за гутарку.

{gallery}193-01{/gallery}

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней