13 красавіка споўнілася 20 гадоў з дня заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі. 13 красавіка 1991 г. згодна з рашэннем Яна Паўла ІІ была ўстаноўлена гэта структурная адзінка, у склад якой увайшлі Мінска-Магілёўская архідыяцэзія (у межах Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей), Гродзенская дыяцэзія (у межах Гродзенскай вобласці) і Пінская дыяцэзія (у межах Брэсцкай і Гомельскай абласцей).
Былі прызначаны біскупы гэтых іерархічных структур: ксёндз прэлат Казімір Свёнтэк стаў першым Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам, мітрапалітам і адначасова Апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі, а ксёндз Аляксандр Кашкевіч — першым Гродзенскім біскупам.
У 1999 г. была ўтворана Віцебская дыяцэзія (у межах Віцебскай вобласці) і прызначаны яе першы біскуп — кс. Уладзіслаў Блін. Тэрыторыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі засталася ў межах Мінскай і Магілёўскай абласцей.
У 1998–1999 гг. дапаможнымі біскупамі былі прызначаны кс. Антоні Дзям’янка, кс. Казімір Велікаселец і кс. Кірыл Клімовіч.
На сённяшні дзень Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію ўзначальвае мітрапаліт арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч (з 21 верасня 2007 г.), Пінскую дыяцэзію — кардынал Казімір Свёнтэк (з 13 красавіка 1991 г.), Гродзенскую — біскуп Аляксандр Кашкевіч (з 20 чэрвеня 1991 г.), Віцебскую — біскуп Уладзіслаў Блін (з 20 лістапада 1999 г.).
{gallery}194-02{/gallery}

