Агляд пошты

Пахвалёны Езус Хрыстус!

Вітаем вас, паважаныя чытачы.

Вы не паверыце, але агляд пошты гэтым разам у нас будзе без вашых лістоў. Прычына простая — іх няма. Нават з’явілася сумненне: а ці чытае хто насамрэч наш часопіс? Я перагартала нумары за гэты год. Ды не — здаецца, чытаюць. Некаторыя чытачы пішуць нам даволі рэгулярна, але як бывае трывожна, калі ад самых актыўных з іх раптам перастаюць прыходзіць лісты. Добра, калі проста надакучыла пісаць тыя лісты ці няма пра што расказваць, але не дай Бог, калі нешта здарылася...

Пераважная большасць лістоў у нашай пошце — віншавальныя. Практычна ва ўсіх парафіяне віншуюць сваіх ксяндзоў з днём нараджэння або з імянінамі. Іншы раз проста без усялякіх датаў дзякуюць за іх нястомную і самаахвярную працу. Здараецца, што імя аднаго святара прыгадваецца ў допісах з розных парафій. Вернікі з Дрысвятаў на пачатку года віншавалі ксяндза Юрыя Жаўняровіча з днём нараджэння, а ўлетку з Браслаўшчыны прыйшоў ліст-падзяка, не прымеркаваны ні да якога свята. Проста вернікі ўспамінаюць пробашча, які паехаў у іншую парафію, але назаўсёды застаўся ў іх сэрцах, і гэта таксама ксёндз Юрый Жаўняровіч.

Запомніліся лісты Ванды Дзенісенкі з Ельска, Галіны Плюшчык з Верхнядзвінскага раёна, Віктара Ігнатавіча Леановіча з Віцебска, які прыгадвае гады дзяцінства, касцёл у Празароках, ксяндза, арыштаванага НКУС... Шмат падзеяў змясцілася ў невялікім лісце. Трэба адзначыць, што допісы, дзе нашы чытачы прыгадваюць рэлігійнае выхаванне падчас свайго маленства, якое прыпала на няпростыя 1940–1950 гады, выклікаюць асабліва шчымлівыя пачуцці. Шмат гадоў таму пра святыні свайго дзяцінства нам расказваў Станіслаў Антонавіч Шыманоўскі са Слуцка. Дагэтуль помніцца капліца, якая трымалася на адным з чатырох вуглоў, але ж трымалася і давала людзям надзею, што не ўсё святое можна знішчыць. Станіслаў Антонавіч і цяпер не абмінае сваёй увагай наш часопіс. Дзякуй яму за гэта. І ўсім людзям, якія чытаюць наш часопіс, пішуць нам, дзеляцца сваімі радасцямі, планамі, трывогамі, дзякуй. За давер ваш дзякуй і за неабыякавасць. Пішыце яшчэ.

Дарэчы, мы давалі абвестку пра тое, што збіраем кнігу ўспамінаў пра святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка. Пішыце, калі ласка, прысылайце здымкі — гэта вельмі важна для нас.
Хай Добры Бог дапамагае вам ва ўсіх добрых справах і пачынаннях.

Да новых сустрэч. Заставайцеся з Богам.


Вера Галубовіч

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней