Не, мы нічога не наблыталі, хоць ніхто ад памылак, вядома, не застрахаваны. На гэты раз запрашаем лёгкіх на нагу ахвотнікаў да вандровак у Расоны, што знаходзяцца на самай поўначы Беларусі.
Невялікі гарадскі пасёлак сустрэне вас пры ўездзе мапай Расонаў, але і без яе вы ўбачыце самалёт, які ніколі не ўзлятае з Расонаў, на радасць дзятве. Магчыма, у вас з’явіцца ахвота зазірнуць у мясцовы музей і шмат даведацца пра расонскі край. А можа, пасля гэтай вандроўкі вам захочацца палюбавацца надзвычай прыгожымі тутэйшымі краявідамі, паблукаць, а то й паплаваць на лодцы на адным з мясцовых азёраў, што памятаюць самога Яна Баршчэўскага — нястомнага вандроўніка і фантазёра зямлі беларускай.
Ну і, вядома ж, католікі будуць шукаць касцёл у Расонах. І знойдуць. Яшчэ дзесяць гадоў таму не знайшлі б, а цяпер у невялікай, але надзвычай утульнай святыні кожны вернік зможа ўкленчыць перад Найвышэйшым. Касцёл святога Язафата Кунцэвіча быў асвечаны ў мінулым годзе. Ён зусім новы, але пра гэта выразна сведчыць хіба што пясчаны, нядаўна насыпаны прыкасцёльны пляц ды адсутнасць падлогі ў святыні. Зрэшты, укленчыць можна ў лаўцы. Укленчыць і застыць перад цудоўным укрыжаваннем у алтарнай частцы, якое па форме нагадвае вядомы крыж святога Францішка Асізскага. Паабапал ягонай гарызантальнай пярэчкі змешчаны невялікія абразы святога Язафата Кунцэвіча і святой Еўфрасінні Полацкай — як сімвал мірнага суіснавання на нашай зямлі праваслаўя і каталіцызму.
Не змогуць не прывабіць увагі пілігрымаў фрэскі паводле матываў твораў знакамітага італьянца Джотто. Летась у верасні, калі было асвячэнне касцёла, многія з нас захапляліся імі і дзякавалі іх аўтару, мастаку Уладзіміру Кандрусевічу. І не маглі прадбачыць, што трохі больш чым праз год, на святкаванні ўрачыстасці Язафата Кунцэвіча, мы ўбачым тут новыя цудоўныя творы мастака. Гэта зноў жа фрэскі. Адна з іх прысвечана падзеі, якую не так даўно асэнсавалі нашы навукоўцы — хрышчэнню Полацка падарожнікам і місіянерам з далёкай Скандынавіі Торвальдам Вандроўнікам. Другая фрэска апавядае пра подзвіг святой Еўфрасінні Полацкай, трэцяя прысвечана Францыску Скарыну, а чацвёртая адлюстроўвае абагульнены вобраз святара-пакутніка ХХ стагоддзя. Магчыма, мастак, ствараючы гэты апошні твор, думаў пра святароў Юзафа Лук’яніна ці Адольфа Філіпа, якія ў 1930-я гады служылі на Расоншчыне, у Гарбачэве. Адтуль іх пакутніцкі шлях пралёг у сталінскія лагеры і скончыўся там расстрэлам...У часе сёлетняй урачыстасці генеральны вікары Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Францішак Кісель асвяціў новыя фрэскі, а таксама стацыі Крыжовага шляху Езуса Хрыста. Іх стварыў таксама мастак Уладзімір Кандрусевіч. І з гэтай працай яго таксама можна проста павіншаваць, бо кожная з чатырнаццаці фрэсак вартая ўвагі, а галоўнае, што кожная з іх кліча верніка да разважання і малітвы. Ды яшчэ можа парадавацца, што ў невялікіх, не надта прыкметных Расонах з’явіліся гэтыя цудоўныя творы сапраўднага мастацтва.
Магчыма, хтосьці са скептыкаў пашкадуе, што такія шыкоўныя (не баюся тут гэтага слова) творы знаходзяцца ў такой далечы, на самым ускрайку Беларусі. На гэта, відаць, ёсць просты адказ: яны з’явіліся там, дзе былі запатрабаваныя. Але гэта ўжо тэма іншай гаворкі. А можа, трэба было, каб яны нарадзіліся ў Расонах і тым самым кагосьці з нас паклікалі ў дарогу па роднай зямлі. І не толькі палачанаў, якія, дарэчы, тут частыя госці, але і мінчанаў, і магіляўчанаў, і іншых беларусаў. Дзеля гэта нам часам трэба проста перамагчы самую звычайную, банальную ляноту.
![]() |
Пасол Швецыі Стэфан Эрыксан (у цэнтры) пасля ўрачыстасці гутарыць з сям'ёй мастака Уладзіміра Кандрусевіча. |
Добры прыклад такой жывой цікаўнасці паказаў нам сёлета пасол Каралеўства Швецыі ў Беларусі спадар Стэфан Эрыксан. Ён, пачуўшы пра створаную ў Расонах фрэску, што адлюстроўвае падзею, у якой удзельнічаў ягоны зямляк Торвальд Вандроўнік, прыехаў разам з жонкаю на ўрачыстасць святога Язафата Кунцэвіча ў Расоны. Не меў ніякай асаблівай місіі пры гэтым. Быў, вядома, жаданым і шаноўным госцем, але адначасна і проста ўдзельнікам свята, які прыехаў сюды таму, што яму гэта цікава. І, дарэчы, пасля ўрачыстасці шаноўны госць казаў пра тое, як ён рады, што пабыў у Расонах, пабачыў цудоўныя творы мастацтва ў нядаўна пабудаванай святыні.
Але праўду казалі мудрыя: лепш адзін раз пабачыць, чым сто разоў пачуць. Словам, прыязджайце ў Расоны!
Ірына Жарнасек.
Фота аўтара.