І хлеб, і песня

Парафія Святога Духа ў Віцебску была зарэгістраваная ад пачатку, 15 лістапада 2000 года, пад тытулам Маці Божай Салятынскай. Атрымаўшы пад святыню не даведзены да ладу будынак фізкультурна-аздараўленчага комплексу, парафіяне разам з пастырамі распачалі пераабсталёўваць яго згодна са сваімі патрэбамі. Кожны са святароў зрабіў у агульную справу свой унёсак. «Першапраходцам» быў кс. Андрэй Бочар, на «рахунку» якога засталіся расчыстка тэрыторыі і падрыхтоўка будынка да перабудовы. Уласна будоўлю распачынаў ксёндз Адам Дынак. На працягу года гэтую справу працягваў ксёндз Сяргей Сурыновіч. З чэрвеня 2008 года парафіяй і будоўляй пачалі апекавацца айцы сальватарыяне Станіслаў Мжыгут, Аляксандр Сапель і Тадэвуш Кахановіч.  Яны ж, сальватарыяне, толькі ўжо ў іншым складзе, і  сёння працягваюць распачатае 11 гадоў таму.

Будоўлю ўзначальвае а. Тадэвуш Кахановіч, якога парафіяне жартам называюць заслужаным будаўніком, бо да гэтага ён чатыры гады стаяў на чале будоўлі катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага (пры ім была ўзведзена канструкцыя, накрыты дах, абсталяваная часовая капліца, выкананы іншыя працы). Досвед будаўніка прыдаўся — і ў касцёле Святога Духа  шмат што ўжо зроблена. Падняўшы ў 2008 годзе вуглы будынка і зрабіўшы навесы, бо фасад ужо разбураўся пад ціскам прыродных стыхіяў, зрабілі атынкоўку сценаў і дах, усталявалі водаправод. Асаблівай радасцю для парафіянаў стала галоўная капліца з прыгожым жывапісным пано і начынне для яе: лавы, люстры, тэхніка агучвання, а яшчэ — атрыманне дазволу на аўтаномнае газавае ацяпленне. Наперадзе — кладка падлогі, усталяванне дзвярэй, добраўпарадкаванне пляца перад уваходам. Усё гэта клопаты, якія патрабуюць шмат працы, і ў ёй святарам актыўна дапамагаюць малітвай і канкрэтнымі дзеяннямі парафіяне: руплівы старшыня парафіяльнай рады Генадзь Падрэз, вернікі Аляксандр Дзядзінкін, Аляксандр Астроўскі, Рэгіна Іванова, Эльвіра Міснік і інш., сёстры фаўстынкі Наталля, Мірыям, Эстэра. Важны момант — падтрымка мясцовых уладаў, якія, у адрозненне ад пачатковага этапа будоўлі, калі ўсім вельмі замінала бюракратычная валакіта, павярнуліся да патрэбаў парафіі тварам і спраўна дапамагаюць ёй вырашаць звязаныя з будоўляй пытанні.

Зрэшты, будоўля будоўляй, але і пра галоўнае — арганізацыю душпастырскай паслугі — пробашч парафіі Андрэй Каліцяк, ксяндзы Тадэвуш Кахановіч і Тадэвуш Дабравольскі дбаюць належным чынам. У парафіі працуюць некалькі малітоўных групаў для людзей розных узростаў, ёсць моладзевы спеўны гурт, арганізаваная Школа малітвы, штомесяц праводзяцца набажэнствы супраць уплыву злога духу, ажыццяўляецца індывідуальнае духоўнае кіраўніцтва. Апошняе — асабліва важна: да каго, як не да добрага святара, звярнуцца ў патрэбе чалавеку. Каліва экзотыкі ўносяць у жыццё энергічнай парафіі вернікі са Шры-Ланкі, Індыі і Ганы — студэнты медуніверсітэта, для якіх у нядзелю цэлебруецца святая Імша па-англійску. У парафіі высокі ўзровень  працы па  інфармаванні вернікаў, пра што сведчаць заўсёды запоўненыя абвесткамі ці вытрымкамі з рэлігійных выданняў і свецкіх таблоідаў стэнды пры ўваходзе. А галоўнае, паводле сцверджання многіх парафіянаў, тут створаны мікраклімат узаемадаверу і ўзаемапавагі, без чаго ў агульнай справе, як у народзе кажуць, ні туды і ні сюды.

...У савецкія часы модны быў лозунг: будзе хлеб — будзе і песня. Можа, і так яно, ды лепш усё-такі, напэўна, калі адно і другое ёсць тут і цяпер, без трызнення пра тое, што калісьці, магчыма,  будзе паднесенае на сподачку. Падобна, натхнёныя перспектывай займець паўнавартасную святыню вернікі, святары і законныя сёстры віцебскай парафіі Святога Духа менавіта такім уяўленнем у справе служэння Богу ды сведчання веры і кіруюцца. Дык плёну ім і здзяйснення ўсіх задумаў!


Францішак Дубраўскі.
Фота з архіва парафіі.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней