Слова нараджаецца ў маўчанні

Бог мае шмат чаго нам сказаць. Аднак у сучасным бедламе, у гэтым шалёным рытме жыцця многім з нас так цяжка пачуць Яго голас! Слухаць можа толькі той, хто сам суцішыўся, маўчыць і прагне штосьці пачуць. Толькі ў маўчанні мы можам па-сапраўднаму ўвайсці ў сябе.


Адкінь пустаслоўе

Але калі табе ўсё ж удасца аддаліцца ад знешняга і ўнутранага шматслоўя і ты зможаш зазірнуць у самога сябе, то запануюць у табе ўнутраная еднасць і поўня.

У наш такі шматслоўны час вельмі важна ўслухоўвацца ў самога сябе і хоць зрэдку загадваць сабе: «Суцішся! Не губляй сілаў на пустыя словы і напластаванне непатрэбных думак».

Ты зусім не мусіш прывязваць сябе да патоку словаў і думак, што рояцца ў галаве. Пакінь хоць бы часткова, і асабліва на час Адвэнту, неабавязковыя, а часта і ўвогуле непатрэбныя словы і думкі. У самым цэнтры тваёй душы яны зусім лішнія. І менавіта там, у глыбіні самога сябе, ты, магчыма, пачуеш звернутае да цябе пасланне з найвышэйшага і найцікавейшага свету.

У адной з найпрыгажэйшых і найглыбейшых малітваў, якія нарадзіла хрысціянская пабожнасць, благаслаўлёная Альжбета ад Святой Тройцы (1880 – 1906) кажа: «О Слова Спрадвечнае, Слова Бога майго, дзеля таго, каб слухаць Цябе, хачу прысвяціць сваё жыццё. Дзеля Цябе прагну ўся я замяніцца ў слых, каб усяму навучыцца ад Цябе».


Вучыся ў Марыі

У Марыі мы можам навучыцца таму, дзе знайсці сапраўдную радасць. Крыніца Яе радасці ў ціхім і маўклівым услухоўванні ў Божае слова. Маўчанне Марыі зусім не пустое. Яно заўсёды залежнае ад Слова. Яна маўчыць, бо слухае. Як бы мы маглі слухаць, калі безупынна гаворым?

Святы Ян ад Крыжа піша: «Адно Слова вымавіў Айцец, якім ёсць Яго Сын, і гэтае Слова Ён вымаўляе нястомна ў вечным маўчанні, у маўчанні таксама павінна слухаць яго душа». Гэтак, як Айцец вымаўляе сваё Слова ў маўчанні, і Марыя таксама нараджае Яго ў маўчанні. Немагчыма ўявіць, што Яна магла б нарадзіць Слова, калі б Яе душа была напоўненая гоманам, крыкам, пустаслоўем. Слова заўсёды нараджаецца ў маўчанні. «Калі глыбокая ціша ляжала над усім, а ноч у сваім цячэнні дасягнула паловы, сышло з нябёсаў ад каралеўскіх прастолаў і абрушылася сярод вынішчанай зямлі ўсемагутнае Тваё Слова» (пар. Мдр 18,14–15).

Да Звеставання Марыя слухала Божае слова ў сінагозе. Пасля Звеставання Яна слухае Яго зусім іншым чынам: Яна носіць у сабе Слова, тое Слова, якое змяшчае ў сабе ўсе Божыя словы. Як жа ўважліва Яна слухае Яго!

Магчыма, гэтае інтэнсіўнае ўслухоўванне Марыі дазволіла Слову, каб Яно сталася ў Ёй целам.

Штосьці падобнае можа адбыцца і з намі. Слова можа нарадзіцца таксама і з нас, але толькі тады, калі мы палюбім маўчанне і будзем паслухмяныя, як Марыя.

 


Падрыхтавала Ірына Жарнасек.
Паводле разважанняў а. Вільфрыда Сцінісэна OCD.
Надрукавана ў «Ave Maria» № 12 (201), 2011.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней